Пошук

09.09.2023 08:25   pcd.by / Catholic.by

Умілаваныя ў Хрысце душпастыры і катэхеты!

Распачынаючы новы катэхетычны год 2023/2024, жадаю выказаць словы падзякі ўсім вам і асобам, якія актыўна ўдзельнічаюць у працэсе арганізацыі і правядзення катэхез у паасобных парафіях Пінскай дыяцэзіі. Рэалізацыя задання па евангелізацыі і катэхізацыі, упісанага ў прыроду Касцёла, з’яўляецца праявай сапраўднага пастырскага клопату пра духоўнае дабро вернікаў і служэннем, праз якое здзяйсняецца місійны загад Хрыста: «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсім народам» (гл. Мц 28, 19; Мк 16, 15). Высока цаню вашу руплівую працу і дзякую за кожную ініцыятыву, скіраваную на пашырэнне веры і падтрымку хрысціянскай традыцыі ў кожным куточку нашай дыяцэзіі.

Трываючы ў часе інтэнсіўнай падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, сярод разнастайных ініцыятываў, скіраваных на плённае перажыванне гэтай важнай падзеі, нельга пакінуць без увагі і адпаведных высноваў працэс катэхізацыі ў нашай дыяцэзіі.

Катэхетычнае служэнне выходзіць далёка за межы звычайнай працы і службовых абавязкаў. Яно мае ў сабе ўсе прыкметы паклікання. Кожнае дабро заўсёды з’яўляецца плёнам Божай ласкі. Менавіта катэхеты часта становяцца першымі пасрэднікамі такога духоўнага дабра для шматлікіх вернікаў, а асабліва для дзяцей і моладзі.

Пінская дыяцэзія, займаючы значныя прасторы тэрыторыі Беларусі, вельмі разнастайная ў межах сваёй адміністрацыйнай структуры. Практычна кожная паасобная парафія мае свае ўласныя адрозненні: іншы тэрытарыяльны абшар, колькасць вернікаў, наяўнасць парафіяльных груп, магчымасці вядзення душпастырства і актывізацыі вернікаў. Нягледзячы на такую разнастайнасць, катэхеза надалей павінна заставацца істотным элементам евангелізацыйнага служэння Касцёла і кожнай парафіі.

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што катэхізацыя можа быць плённай толькі тады, калі яна сцісла інтэгравана з усімі іншымі формамі пастырскай дзейнасці ў канкрэтнай супольнасці вернікаў.

Таму горача заахвочваю ўсіх душпастыраў да цеснай супрацы са свецкімі вернікамі, з сем’ямі з мэтай адпаведнага матывавання дзяцей і моладзі, каб і яны ўключаліся ў працэс катэхізацыі.

Заахвочваю вялебных пробашчаў і адміністратараў паасобных парафій, каб адпаведна арганізавалі і падрыхтавалі катэхетычныя памяшканні, актуалізавалі катэхетычныя праграмы, клапаціліся пра неабходныя дыдактычныя матэрыялы і катэхетычныя дапаможнікі.

Беручы пад увагу стабільны працяг катэхетычнай працы на будучыя гады, варта таксама паклапаціцца пра фармаванне новых катэхетаў, заахвочваючы і ствараючы магчымасці для навучання свецкіх вернікаў у катэхетычных каледжах і інстытутах. А для свецкіх асоб, ужо задзейнічаных у вядзенні катэхез, неабходна паклапаціцца аб атрыманні для іх кананічнай місіі, а таксама пастаяннай духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі, якая спрыяла б катэхізацыі.

На плённае душпастырскае і катэхетычнае служэнне ў новым навучальным годзе ўсіх вас благаслаўляю, ахінаю малітвай аб дарах Духа Святога і неабходных ласках да руплівага выканання давераных заданняў.

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 4 верасня 2023 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця