Пошук

19.07.2023 14:29   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Міхаіл Міклашэвіч / Grodnensis.by

15 і 16 ліпеня на фартах у Навумавічах каля Гродна прайшлі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-й гадавіне мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, 15 ліпеня адбылася пешая пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр гітлераўцаў, якое знаходзіцца ў лесе каля Навумавічаў.

Сярод мноства жыхароў Гродна і Ліпска, якія былі тут расстраляныя і пахаваныя, была і благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая.

Сёлета адзначаецца 80-я гадавіна гэтай страшнай трагедыі, калі нацысты знішчылі, магчыма, больш за тры тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духоўныя асобы.

Пілігрымка шляхам мучанікаў нашай зямлі вырушыла з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі).

У пілігрымцы яе ўдзельнікі, прадстаўнікі розных пакаленняў, разважалі над прыкладам веры тых, хто застаўся да канца адданы Хрысту і Яго Евангеллю.

Сёлета пілігрымы звярнулі саблівую ўвагу на прыклад, які пакінула благаслаўлёная Мар’яна — простая жанчына, маці, жонка, бабуля, свякроў, хрысціянка, а найперш — Чалавек з вялікай літары.

Ксёндз канонік Антоні Грэмза разам з моладдзю прапанаваў удзельнікам пілігрымкі разважанні аб жыцці благаслаўлёнай, у гонар якой у Гродне будуецца каталіцкая святыня.

Кожны пілігрым ішоў у гэтае асаблівае месца, палітае мучаніцкай крывёю, з уласнай інтэнцыяй.

Акрамя таго, у іх была агульная інтэнцыя: яны маліліся аб міры для ўсяго свету, асабліва ахопліваючы малітвай краіны, закранутыя ваеннымі канфліктамі, дзе праліваецца кроў нявінных людзей.

Дасягнуўшы Навумавіцкага лесу, які 80 гадоў таму стаў нямым сведкам трагічных падзей, пілігрымы доўга стаялі ў маўчанні, углядаючыся ў крыж, які ўздымаецца на гары. Яны дзякавалі Богу за час гэтай вандроўкі і за сведчанне веры столькіх мучанікаў, якія і сённяшніх людзей просяць аб адвазе: адвазе ў штодзённым жыцці, дома, на працы, на вучобе і ва ўсіх іншых месцах, куды іх пашле Божы Провід.

На наступны дзень, 16 ліпеня, як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у лесе, які бачыў падзеі Другой сусветнай вайны і захоўвае праўду аб тых трагічных хвілінах, у межах урачыстасцяў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх папрасіў усіх шматлікіх удзельнікаў, якія прыбылі пешкі і на транспарце, будаваць мір: найперш у сваіх сем’ях, а таксама заклікаў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі краін, якія закрануты ваеннымі канфліктамі і дзе праліваецца кроў нявінных людзей.

Успамінаючы благаслаўлёную Мар’яну, біскуп падкрэсліў гераізм гэтай незвычайнай жанчыны, якая дае сучасным людзям прыклад цудоўнай любові і павагі да бліжняга. Ён заахвоціў прасіць яе дапамогі ва ўтварэнні здаровых і трывалых адносін паміж пакаленнямі, а таксама паміж народамі Беларусі і краін, з якімі яна мяжуе.

Ксёндз канонік Юрый Марціновіч, пробашч парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне, якая на знак удзячнасці гэтай благаслаўлёнай за яе гераічны ўчынак будуе першы ў свеце касцёл, прысвечаны ёй, у гаміліі выказаў думку, што гэты лес павінен стаць для прысутных месцам разважання над сваім жыццём.

Святар падкрэсліў, што наведваць гэтае месца трэба не для таго, каб узрушыцца ці заплакаць над лёсам благаслаўлёнай Мар’яны і іншых мучанікаў, а для таго, «каб вучыцца ў іх любові на практыцы і прасіць іх быць для нас настаўнікамі любові — любові ў нашых сем’ях і супольнасцях».

Удзельнікі Эўхарыстыі маліліся за сваю краіну, каб у ёй панаваў жаданы мір, і за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне і самаахвярнасць.

Акрамя таго, маліліся аб міры ва ўсім свеце і ў кожнай сям’і, аб шчаслівым будаўніцтве касцёла благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у гродзенскім мікрараёне Баранавічы і за ўсіх, хто малітвай, працай і ахвяраваннямі дапамагае парафіяльнай супольнасці, якая з ліпеня мінулага года будуе гэты касцёл.

Прысутныя таксама падтрымалі ахвяраваннямі будаўніцтва святыні, за што вернікі маладой парафіі вельмі ўдзячныя і будуць аддаваць доўг сваёй удзячнасці малітвай.

Абноўлена 19.07.2023 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.