30 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага Вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага адбылася сустрэча міністрантаў з парафій дэканатаў Мінск-Усход і Мінск-Захад.
У сустрэчы разам са сваімі душпастырамі ўзялі ўдзел каля 70-і міністрантаў школьнага ўзросту і студэнтаў. У галоўнай святыні сталіцы сабраліся хлопцы і юнакі з парафій у Бараўлянах і Гатаве, а таксама з мінскіх парафій на Залатой Горцы і ў мікрараёне Ангарская, у Серабранцы, Чыжоўцы, Уруччы, Кунцаўшчыне. Прысутнічалі таксама міністранты з архікатэдральнай парафіі.
Галоўнай тэмай сустрэчы, якая адбывалася падчас Вялікага посту, быў Крыж Хрыста — сімвал і прылада нашага збаўлення.
Сустрэча распачалася малітваю, якую правёў ксёндз Віталь Маргуноў, пробашч з Касцяневічаў (Вілейскі дэканат). Прысутныя спявалі песню аб Хрыстовым Крыжы, рэфрэн якой пераплятаўся з заклікамі пашыранай малітвы вернікаў, што чытаецца ў Вялікую пятніцу. Сімвалічна было паказана, што Хрыстус памёр за ўсіх людзей на зямлі.
Канферэнцыю, першая частка якой была прысвечана сімволіцы Крыжа правёў ксёндз Віталь Маргуноў. Другая частка канферэнцыі, якую прамовіў ксёндз Павел Эйсмант, куратар падрыхтоўчага курса Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі, нагадвала праўду аб тым, што мы пакланяемся не дрэву крыжа, а Езусу Хрысту, які на ім вісеў. Святар падкрэсліў, што крыжу мы аддаем пашану толькі дзеля Езуса Хрыста, які яго асвяціў, а таксама адказаў на пытанні: навошта мы нясем наш крыж і што трэба рабіць, каб яго «правільна» несці.
Потым адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі, а гамілію прамовіў біскуп Касабуцкі. Іерарх нагадаў, што добрыя ўчынкі, якія мы робім, заўсёды будуць спалучаныя з крыжом, бо іх рабіць цяжка, але магчыма. Біскуп таксама зазначыў, што усё нашае жыццё — гэта Крыжовы шлях.
«Людзі, якія нам сустракаюцца на вуліцы, едуць ў аўтобусе, тралейбусе ці трамваі, — гэта нашыя бліжнія, якія чакаюць нашага сведчання аб Хрысце. Сацыяльныя сеткі павінны стаць сродкам хуткай камунікацыі, а не інструментам зняволення чалавека», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі, заахвоціўшы міністрантаў далучацца да міністранцкіх груп у сацсетках.
Напрыканцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі пасвяціў металічныя крыжыкі, якія сталі «дарам і заданнем» для служыцеляў пры алтары. Адгэтуль міністранты будуць насіць іх пры сабе, памятаючы пра свой штодзённы крыж.
Пасля Імшы ўдзельнікаў чакала творчае заданне: праца ў групах, якую правёў ксёндз Павел Эйсмант. Праз малюнак удзельнікі сустрэчы імкнуліся раскрыць сутнасць паасобных пладоў Духа Святога з Паслання апостала Паўла да Галатаў (Гал 5, 16–26). «Шэдэўры» міністрантаў, з’яўленню які таксама «дапамог» арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, будуць знаходзіцца ў будынку падрыхтоўчага курса семінарыі ў Мінску, а іх фота змесцяць у інтэрнэт-групах.
Апошнім «акордам» сустрэчы міністрантаў у Мінску стаў смачны пачастунак.