Пошук

25.05.2022 17:59   Тэкст: Ружа Міхайлоўская / Фота: Яна Фаляжынская / Catholic.by

Біблейскія рэкалекцыі з індывідуальным духоўным кіраўніцтвам «Кніга Тобія. Шлях да сябе» праходзілі з 20 па 22 мая ў Івянцы.

Моладзь, якая прыехала на гэтыя духоўныя практыкаванні, адправілася ў падарожжа па старонках старазапаветнай Кнігі Тобія ў пошуках «шляху да сябе». Усе ўдзельнікі на пачатку рэкалекцый зрабілі пастанову, над якой разважалі на працягу гэтых трох дзён, каб пасля рухацца ў тым кірунку, які падчас гэтага падарожжа адкрые ім Бог.

Акрамя малітвы, адарацыі, канферэнцый, разважання над Святым Пісаннем, кожны ўдзельнік меў індывідуальную размову са святаром, а таксама «час пустэльні», калі можна пачуць адказы ад Бога.

«Кніга Тобія адкрывае важную праўду, якую рэдка сэрцам ведаем і мы, хрысціяне: мы можам цалкам даверыць сваё жыццё Богу, таму што ад самага пачатку Ён стварыў свет і ўсё, што ў ім, такім чынам, каб кожная гісторыя ў ім мела шчаслівы канец», — адзначаюць арганізатары рэкалекцый у Івянцы.

Удзельнікі духоўных практыкаванняў дзеляцца ўражаннямі.

Аляксей Дзядзюля, 26 гадоў, Фаніпаль: «Я не быў знаёмы з кнігай Тобія да рэкалекцый, а пасля знайшоў сябе ў ёй. Гісторыямі Бог нагадвае аб тым, што важна, і адзін з найважнейшых шляхоў у жыцці той, што вядзе да сябе. Каб яго знайсці, трэба вучыцца давяраць. Калі едзеш на рэкалекцыі, не ведаеш, як яны прагучаць унутры. Багатая мелодыя гэтых мне вельмi спадабалася. Дзякуй айцам i ўсiм удзельнікам за стварэнне ўтульнай атмасферы, у якой мне пашчасціла перажыць гісторыю Тобія».

Алёна Жульпа, 24 гады, Мінск: «Гэтыя рэкалекцыi — добры час, перажыты з Богам і з сябрамі ў радасці і малітве.

Разважаючы над кнігай Тобія, закранулі шмат пытанняў адносна свайго жыцця і адносін з Богам. Асабліва адгукнулася пытанне, якія ў мяне адносіны з Богам: „я — слуга, і ўсё раблю са страху» або „я — сябра, і ўсё раблю з любові“. Таксама момант цемры ў жыцці, калі ты ніяк не можаш паўплываць на сітуацыю: давяраць Богу і памятаць, што якая-небудзь цемра або праблема — гэта толькі частка жыцця, а не ўсё жыццё, гэта часова — жыццё шырэйшае».

Павел Слізевіч, 27 гадоў, Ліда: «Асаблівае месца, асаблівыя людзі. Рэкалекцыі „Шлях да сябе“ — гэта добрая магчымасць, як бачна ў назве, пазнаць сябе лепш праз чытанне і глыбокае (дзякуючы каментарыям айца Яўгена) разважанне над словам Божым, а менавіта другакананічнай кнігай Тобія. Была магчымасць індывідуальнай размовы са святаром па пытанні, з якім ты паехаў туды. Быў час і на асабістае разважанне. Быў час і на гутаркі за гарбатай, і на малітву.

Шмат адказаў на пытанні, але і шмат новых пытанняў, да самога сябе. Я лічу, у гэтым і ёсць сапраўдны сэнс рэкалекцый: знаходзячы новыя пытанні, адказы на старыя, рухацца далей, спаўняючы тым самым свой індывідуальны Божы план, ідучы да Божага Валадарства. Шчыра дзякую ўсім, хто быў са мною ў гэты час; усім, дзякуючы каму гэтыя рэкалекціі адбыліся».

Ганна Абаева, 45 гадоў, Мінск: «Рэкалекцыі маюць карысны, пазнавальны, цікавы фармат: экзэгеза, малітва, супольныя сустрэчы ўдельнікаў, праца ў групах, „час пустыні“, індывідуальная размова з душпастырамі. Супольныя сустрэчы і праца ў групах з’ядналі ўдзельнікаў і напрыканцы атрымаўся вельмі файны вынік — былі зрэжысаваны два моманты з Кнігі Тобія. Кожны меў свой „шлях да сабе“. Так атрымалася, што мой пачаўся за тыдзень да заезду…

Мне пашчасціла вырашыць пытанне, якое непакоіла мяне на працягу некалькіх гадоў. Вельмі ўдзячная арганізатарам і спадзяваюся на працяг».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця