Пошук

15.04.2022 09:50   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

14 красавіка, у Вялікі чацвер, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распачаў Пасхальны Трыдуум у магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

У вечаровай цэлебрацыі Касцёл успамінае Апошнюю Вячэру Хрыста з Яго вучнямі, і ў прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да тых евангельскі падзей, што сталі цэнтральнымі ў гісторыі збаўлення.

Перадусім біскуп засяродзіў увагу вернікаў на тым, што ў гэты вечар Вялікага чацвярга Касцёл выбраў урывак з Евангелля паводле святога Яна, які апавядае пра абмыванне ног, а не пра ўстанаўленне Эўхарыстыі Езусам, якое адбылося падчас гэтай жа вячэры.

Зазвычай падчас гэтай літургіі святар абмывае ногі дванаццаці асобам, але ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй гэты абрад часова не адбываецца.

Паводле біскупа, святы Ян, падрабязна распавядаючы пра абмыванне ног, хоча падкрэсліць глыбокі сэнс гэтага жэсту.

«Дзень за днём мы як бы пакрываемся розным брудам. Мноства грахоў пастаянна пранікае ў нашыя сэрцы. Усё гэта раніць і забруджвае нашую душу, усё гэта пагражае зрабіць нас няздольнымі бачыць праўду і дабро. Усё гэта адрывае нас ад еднасці з Богам і бліжнім.

Дзеянне Збаўцы, такім чынам, падобна да сапраўднай купелі, да ачышчэння душы. Гэта тое, пра што нагадвае нам у першую чаргу абмыванне ног: а менавіта дазваляць заўсёды быць абмытымі гэтай чыстай вадой, дазваляць лячыць сябе і ачышчаць вадой святых сакрамэнтаў. Гэта тая вада, якая заўтра пацячэ з прабітага боку Хрыста, памерлага на Крыжы, каб абмыць нас ад граху», — адзначыў пастыр.

Пастыр падкрэсліў, што не толькі вада выцеча з сэрца Езуса пасля ўдару дзіды рымскага жаўнера, але і кроў. Моцаю сваёй крыві, дарам самога сябе Езус абмывае і ачышчае нас.

«У сакрамэнтах, якія з’яўляюцца плёнам Крыжа, Пан кожны раз становіцца на калені ля нашых ног і ачышчае нас. У гэтым жэсце Езус прыніжае сябе, кленчыць перад сваімі апосталамі ўвечары Вялікага чацвярга, што нагадвае аб прыніжэнні ў Яго ўцелаўленні, сімвалізуе прыніжэнне ў Яго рэальнай прысутнасці ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і абвяшчае прыніжэнне Яго блізкай Мукі», — заўважыў іерарх.

Паводле біскупа, у тэксце пра абмыванне ног відаць падвойны аспект: дар ласкі, з аднаго боку, і прыклад, які мы павінны наследаваць, з другога. Менавіта гэты аспект, лічыць іерарх, характэрны для самой прыроды хрысціянства:

«Хрысціянства — гэта не маралізм, не прост этычная сістэма, кодэкс добрых паводзін. Ні нашыя дзеянні, ані нашы маральныя здольнасці не ляжаць у яго вытоках.

Хрысціянства — гэта перадусім дар. Бог аддае сябе нам: не дае нешта, а дае сябе. Гэта адбываецца не толькі на самым пачатку, у момант нашага навяртання і хросту. Ён заўсёды застаецца тым, хто дае. Ён пастаянна прыносіць нам свае дары».

На заканчэнне гаміліі пастыр адзначыў, што святы Ян распавёў не пра Эўхарыстычную ахвяру, а пра абмыванне ног, каб даць нам сведчанне аб дзеяннях Бога і дзеяннях чалавека.

«Бог прыніжае сябе і аддае сябе нам; Ён запрашае нас у адказ браць з яго прыклад, прыносячы сябе ў ахвяру „да канца“ — да Крыжа. Няхай так будзе ў маім і вашым жыцці», — пажадаў вернікам біскуп Аляксандр Яшэўскі ў Вялікі чацвер.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа