Пошук

26.05.2021 17:31   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У сераду 26 мая ў памяшканні Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася прэс-канферэнцыя на тэму актуальнай сітуацыі ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пасля пажару.

З уступным словам да прысутных прадстаўнікоў СМІ звярнуўся Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante біскуп Казімір Велікаселец. Ён падзякаваў прэсе за асвятленне падзей у Будславе і выказаў надзею на тое, што з Божай дапамогай і праз заступніцтва Багародзіцы пацярпелая святыня будзе адноўлена.

З актуальнай сітуацыяй у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прэсу пазнаёміў старшыня камісіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па яго адбудове пасля пажару біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Перадусім іерарх падзякаваў дзяржаўным арганізацыям — супрацоўнікам МНС і ўладам Мінскай вобласці і Мядзельскага раёна — за іх дапамогу ў ліквідацыі пажару і яго наступстваў. Іерарх таксама адзначыў вялікую руплівасць пробашча будслаўскай парафіі ксяндза Дзмітрыя Дубовіка, парафіянаў і шматлікіх валанцёраў, дзякуючы якім з палаючай святыні былі ўратаваныя ўсе каштоўнасці, пачынаючы з Найсвяцейшага Сакрамэнту і цудудзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

«Варта падзякаваць парталу TUT.BY, таму што менавіта дзякуючы яму з самых першых хвілін была арганізавана дапамога, і дзякуючы іх нястомнаму інфармаванню вялікая колькасць ахвяраванняў на дабрачынны разліковы рахунак будслаўскай парафіі адразу пачала пералічвацца»,— падкрэсліў біскуп Яшэўскі

Іерарх падаў дакладную лічбу сабраных на актуальны момант сродкаў на аднаўленне Будслаўскай святыні — 491 тыс. 617 беларускіх рублёў.

Старшыня касцёльнай камісіі па адбудове санктуарыя выказаў падзяку ўсім ахвярадаўцам, духавенству, вернікам і проста неабыякавым людзям, якія ахвяравалі сродкі на рэканструкцыю.

Падкрэсліўшы важнасць максімальнай адкрытасці фінансавых пытанняў, біскуп Яшэўскі агучыў выдаткі, якія ўжо былі зроблены. Так, парафіяй была падпісана дамова з «Будрэканструкцыяй» на абследванне і падрыхтоўку дакументацыі. Сума склала 39 тыс. 120 руб., з якой ужо аплачана 15 тыс. 650 руб. На часовае накрыццё быдынку касцёла было выдаткавана 12 тыс. 931 руб. Іерарх падкрэсліў, што калі б не ахвярная дапамога валанцёраў, сума выдаткаў была б нашмат большай.

Біскуп Яшэўскі адзначыў, што ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі структурамі быў выпрацаваны алгарытм узаемадзеяння ў справе аднаўлення пацярпелага будслаўскага касцёла.

Ён дадаў, што сёння ідзе гаворка не толькі пра аднаўленне знішчанага агнём даху, але пра поўную рэканструкцыю санктуарыя, што можа заняць некалькі гадоў.

Па словах іерарха, ужо былі разабраныя пашкоджаныя агнём канструкцыі, праведзена сарціроўка чорнага і каляровых металаў і вядзецца даследванне канструкцый з мэтай падрыхтоўкі праекту новага даху. Паралельна праводзяцца працы па накрыцці касцёла часовым дахам, каб зберагчы яго ад разбуральнага ўздзеяння атмасферных ападкаў. Усе працы вядуцца пад наглядам навуковага кіраўніка аб’екту Андрэя Карпука і па ўзгадненні з міністэрствам культуры.

«На дадзены момант нашым Апостальскім адміністратарам падпісаны ліст да кіраўніцтва краіны з просьбай аб выдзяленні дапамогі: гэта дапамога фінансавая з бюджэтных сродкаў, таксама вызваленне ад падаткаў, ад ПДВ, і дазвол, каб можна было паралельна праводзіць даследванні, праектаванне і выконваць адпаведныя працы», — сказаў біскуп Яшэўскі.

Ён паведаміў, што пасля візіту ў Будслаў старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына была створана сумесная камісія на чале з яго намеснікам Аляксандрам Кручанавым, у склад якой увайшлі прадстаўнікі розных дзяржаўных структур, міністэрства культуры, праектных арганізацый, а таксама Каталіцкага Касцёла.

У адказ на пытанне карэспандэнта БелаПАН іерарх сказаў, што па папярэдніх ацэнках, зробленых на падставе аналагічных будслаўскаму касцёлу аб’ектаў, кошт новага даху святыні можа скласці каля 2 млн 200 тыс. беларускіх рублёў, таму ахвяраванняў і часу спатрэбіцца яшчэ нямала.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта часопіса «Ave Maria» адносна матэрыялаў, якія будуць выкарыстоўвацца для рэканструкцыі, біскуп Яшэўскі не выключыў магчымасці таго, што замест знішчаных агнём драўляных элементаў, для якіх сёння будзе вельмі складана знайсці адпаведны матэрыял, у Будславе з’явяцца металічныя канструкцыі.

На заканчэнне прэс-канферэнцыі адзін з прадстаўнікоў касцёльнай камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару ў Нацыянальным санктуарыі ксёндз канонік Юрый Санько паведаміў, што ў другі дзень кожнага месяца ў Будславе адбываюцца адмысловыя малітвы за ўсіх, хто духоўна і матэрыяльна прычыняецца да адбудовы святыні.

«Уначы біскуп Алег Буткевіч будзе цэлебраваць Імшу ў Будславе ў інтэнцыі аднаўлення Будслаўскай святыні», — падкрэсліў святар.

Ён дадаў, што сёлета вернікам будзе прапанавана «духоўная пілігрымка» ў Будслаў: спецыяльная навэнна — дзевяцідзённае набажэнства перад Будслаўскім фэстам, каб на працягу гэтых дзевяці дзён вернікі сваёй малітвай падтрымлівалі справу адбудовы Нацыянальнага санктуарыя.

Абноўлена 26.05.2021 17:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.