Пошук

18.12.2020 09:57   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Кацярына Гардзеева / TUT.BY
Фота Кацярыны Гардзеевай / TUT.BY

17 снежня ў гродзенскую катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя быў унесены Бэтлеемскі агонь міру. З горада над Нёманам пачалася штогадовая скаўцкая эстафета агню па гарадах і мястэчках Беларусі.

Як паведамляе Grodnensis.by, скаўтаў з агнём сустрэў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сёлетняя акцыя дзялення агнём, які да нас даходзіць з пячоры ў базыліцы Нараджэння ў Бэтлееме ў Палестыне, адбываецца пад дэвізам «Святло служэння».

Біскуп падкрэсліў, што ў гэты цяжкі час, калі ўвесь свет закрануты пандэміяй каранавірусу, a шмат нашых блізкіх перажываюць цярпенні і пачуццё няўпэўненасці, да нас у чарговы раз прыходзіць маленькі агеньчык надзеі.

«Таму сёлета разам з гэтым святлом мы хочам занесці цеплыню Езусавага полымя ў нашы дамы, касцёлы, капліцы, на месцы нашай працы, каб яно асвятляла закуткі памяшканняў, у якіх мы жывем, молімся і працуем, але найперш у чалавечыя сэрцы, гатовыя да прыняцця Езуса і Яго любові», — дадаў іерарх.

Па яго словах, сёння, як ніколі, нашым братам і сёстрам патрэбна наша cлужэнне, знакам якога з’яўляецца Бэтлеемскае святло міру, наша блізкасць, адвага і сведчанне.

«Несучы Святло з Бэтлеема ў гэтым годзе, дапаможам сабе і іншым перамагчы пачуццё няўпэўненасці, а таксама прычыны страху, які робіць людзей закрытымі. Няхай гэтае маленькае полымя, знак, што „Пан блізка“, запоўніць час чакання нараджэння Бога, які вылечыць, абновіць і ўмацуе чалавецтва, што прагне сапраўднага збаўлення», — сказаў біскуп.

Іерарх падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў перадачы гэтага сімвалу Божага Нараджэння. Словы ўдзячнасці ён выказаў скаўтам, якія прынеслі агонь у Гродна як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да нас у таямніцы свайго Нараджэння.

Менавіта дзякуючы іх удзелу перадача Бэтлеемскага агню стала пастаянным элементам калядных традыцый таксама ў нашай краіне.

Іерарх падзякаваў таксама скаўтам, якія занясуць гэты агонь у іншыя беларускія парафіі.

«Вы сімвалічным чынам будзеце вестунамі блізкіх святаў Божага Нараджэння. Няхай гэтае ганаровае заданне яшчэ больш мабілізуе вас штодзённа крочыць за Езусам і даваць пра Яго сведчанне словам і ўчынкам», — сказаў біскуп.

Потым скаўты перададуць агонь у іншыя месцы нашай краіны.

Ён будзе занесены да ўсіх хрысціянаў, якія ў найбліжэйшыя дні будуць перажываць святы Божага Нараджэння; у шпіталі, хоспісы, да састарэлых, самотных, пакінутых.

Акцыя Бэтлеемскага агню міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986 г.

Агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема.

У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.

Абноўлена 18.12.2020 10:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця