Пошук

23.07.2020 15:46   Паводле: Grodnensis.by
Фота Grodnensis.by

Стала вядома, што парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне атрымала пляцоўку пад будаўніцтва касцёла.

Пра гэта паведамляе партал Grodnensis.by.

Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай была зарэгістравана 1 лістапада 2019 г.

Яна ахоплівае вуліцы гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вуліцы вёскі Тарусічы. Пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, сакратар біскупа Гродзенскага і адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Апякункай парафіі была абрана благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якую 13 ліпеня 1943 г. разам з сынам і 48 жыхарамі Ліпска расстралялі фашысты на фартах за вёскай Навумавічы, недалёка ад мікрараёна Баранавічы.

Новая парафія ў горадзе над Нёманам была паклікана да існавання праз 20 гадоў з часу беатыфікацыі Мар’яны Бярнацкай, якая адбылася 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве.

Новая святыня будзе пабудавана ў мікрараёне Баранавічы па вул. Ваўжэцкага, недалёка ад праваслаўнай царквы ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці.

Вернікі новай каталіцкай парафіі вельмі ўдзячныя раённым і абласным уладам і апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў за станоўчы разгляд іх просьбы і выхад насустрач іх чаканням.

Як адзначае Grodnensis.by, для Гродзенскай дыяцэзіі сапраўды важна, каб у новых мікрараёнах Гродна і іншых гарадах вобласці, дзе пражывае вялікая колькасць людзей, у тым ліку католікаў, была свая ўласная святыня, што паспрыяе задавальненню рэлігійных патрэбаў жыхароў, іх духоўнаму развіццю і маральнаму выхаванню будучых пакаленняў нашай краіны.

Таксама, як адзначаецца, вернікі Гродзенскай дыяцэзіі ўзносяць малітвы Богу аб спыненні эпідэміі каранавірусу, за нашу краіну, яе эканамічнае развіццё, стабільнасць, мір і спакой у грамадстве.

Абноўлена 23.07.2020 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа