Пошук

06.11.2019 08:49   Catholic.by

Малады салезіянскі святар Артур Ляшнеўскі SDB, які сёлета прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, распрацаваў графічную выяву, якая стане сімвалам наступнага Пастырскага года ў Касцёле на Беларусі.

Па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прынятым на Юбілейным 75-м пленарным пасяджэнні епіскапату, якое праходзіла ў Мінску 28 кастрычніка, наступны, 2020 Пастырскі год у Касцёле на Беларусі будзе прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ. Гэта звязаны з тым, што ў наступным годзе прыпадае 100-я гадавіна з дня нараджэння Вялікага Папы, які прыйшоў на свет 18 мая 1920 года ў невялікім польскім гарадку Вадавіцы, што непадалёк ад Кракава.

Дэвізам наступнага Пастырскага года стануць словы «Адчыніце дзверы Хрысту», якія святы Ян Павел ІІ прамовіў 22 кастрычніка 1978 года падчас святой Імшы на распачацце свайго амаль 27-гадовага пантыфікату.

Невыпадкова на выяве, распрацаванай ксяндзом Артурам Ляшнеўскім SDB, мы бачым Хрыста, які стукаецца ў дзверы.

Гэта дзверы чалавечага сэрца, адчыніць якія можа знутры толькі сам чалавек. Толькі той, хто не палянуецца ўстаць з утульнай канапы жыццёвага камфорту і не пабаіцца насцеж адчыніць дзверы для ўсіх, асабліва для найбольш патрабуючых, мае шанц сустрэць на парозе Збаўцу і ўвесці Яго ў свой дом.

Тут жа мы бачым таксама выяву святога папы Яна Паўла ІІ, побач з якою змешчаны тэма і дэвіз 2020 Пастырскага года ў Касцёле на Беларусі.

На пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі іерархі палічылі мэтазгодным, каб сімволіка Пастырскага года, прысвечанага святому Яну Паўлу ІІ, па магчымасці была змешчана ў касцёлах і іншых прыдатных месцах, дзе збіраюцца вернікі.

З гэтаю мэтаю плануецца выраб банераў з адпаведнымі выявамі ў вертыкальным і гарызантальным афармленні. Памеры банераў наступныя:

  • вертыкальны — 100х250 см
  • гарызантальны — 200х60 см

Зацікаўленыя ў размяшчэнні банераў святары, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў і каталіцкіх арганізацый, а таксама адказныя асобы ад парафій і іншых касцёльных структур могуць дасылаць заяўкі ксяндзу Артуру Ляшнеўскаму SDB, упаўнаважанаму Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быць адказным за выраб і распаўсюджванне банераў з сімволікай 2020 Пастырскага года ў Касцёле на Беларусі.

+375 (29) 761 70 17 — кс. Артур Ляшнеўскі SDB

e-mail: donboskovec@mail.ru

Абноўлена 06.11.2019 12:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця