Пошук

23.07.2022 08:35   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Бог Айцец. Мастак: Цінтарэта / fineartamerica

1 чыт.: Быц 18, 20–32;
Пс 138 (137), 1–2a. 2bc–3. 6–7ab. 7c–8;
2 чыт.: Клс 2, 12–14;
Ев.: Лк 11, 1–13

Бог – Тата

Сёння з вуснаў Езуса, дзякуючы евангелісту Луку, чуем крыху іншую версію добра вядомай кожнаму хрысціяніну малітвы. Гэта дапамагае нам усвядоміць, што сэнс малітвы не ў тым, каб паўтараць нейкія дакладныя формулы, нібыта магічныя заклёны, а ў тым, каб звяртацца да жывога Бога праз жывыя словы.

Канечне, форма малітвы, перададзенай нам самім Панам Езусам, надзвычай каштоўная для Хрыстовых вернікаў, і таму сёння варта скарыстацца магчымасцю, каб аднавіць наша разуменне закліку да Бога, які так часта гучыць на нашых вуснах, і адначасова супрацьдзейнічаць спакусе аўтаматызму.

«Пане, навучы нас маліцца»: гэтая просьба вучняў павінна часта вырывацца з нашых сэрцаў з усведамленнем таго, што «мы не ведаем, аб чым трэба маліцца» (пар. Рым 8, 26). Сапраўдная малітва — гэта справа Духа Святога, які моліцца ў нас, дапамагаючы нам у слабасцях нашых (пар. тамсама).

Розніца паміж тэкстам Лукі і Мацвея, канечне, не змяняе сутнасці Малітвы Панскай. «Ойча» — такі кароткі зварот гучыць на самым пачатку ў версіі Лукі, і ён, бадай што, лепш дазваляе усвядоміць, хто з’яўляецца адрасатам малітвы. «Абба», то бок «Тата», — так пяшчотна звяртаўся Езус да свайго Айца, і так хацеў, каб Бога называлі і Ягоныя вучні.

Калі паўтараю ў розныя моманты на працягу дня словы «Ойча наш», варта хоць на некалькі секунд затрымацца пасля слова «Ойча — Абба — Тата», каб успомніць, пад чыім любячым позіркам знаходжуся няспынна. Гэта такі Айцец, які ніколі не падасць «змяю замест рыбы» ці «скарпіёна замест яйка»: інакш кажучы, наш нябесны Тата дае нам заўсёды толькі тое добрае, што нам патрэбна для годнага існавання.

Нашы зямныя бацькі не ідэальныя, і часам неабходны працэс ачышчэння вобраза Бога ад праекцый узаемаадносінаў з тымі, хто нас выхоўваў, не будучы ў стане любіць дасканала.

Як запэўнівае наш нябесны Айцец праз прарока Ісаю, хоць бы нават маці забылася пра сваё немаўля, Бог ніколі не забудзе сваё дзіця (пар. Іс 49, 15).

Няхай прыйдзе Тваё Валадарства

Пан Езус вучыць, каб у малітве да Айца прасіць у першую чаргу: «няхай свяціцца імя Тваё». У гэтым закліку мы выказваем жаданне, каб імя Бога шанавалася, каб Стварыцеля ўсяго і ўсіх пазнаў і праславіў кожны чалавек. Святасць Божага імені азначае, што ніякая іншая рэчаіснасць не можа заняць месца Бога ў нашым жыцці: толькі Яму чалавек пакліканы пакланяцца і служыць (пар. Мц 4, 10), а той, хто служыць ідалам — грошам, матэрыяльным дабротам, зямной славе і сваім эгаістычным інтарэсам — губляе сваю годнасць асобы, створанай на Божае падабенства.

«Няхай прыйдзе Валадарства Тваё», — просім мы далей: гэта «валадарства праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою», як апісвае літургія Касцёла рэчаіснасць таго, што абвяшчаў Езус Хрыстус.

Яно робіцца дасягальным у гэтым свеце тады, калі нашы асабістыя ўчынкі і спосаб дзеяння супольных структур уцелаўляюць Евангелле Хрыста, калі мы выконваем святую Божую волю ў канкрэтных абставінах свайго жыцця. Такім чынам, просьба аб прыйсці Валадарства змяшчае ў сабе заклік у даўжэйшай форме Малітвы Панскай, каб спаўнялася воля Божая, бо менавіта гэтага жадае для нас Айцец: каб любоў была адзіным законам у кожным сэрцы і ва ўсіх чалавечых структурах.

Толькі пасля заклікаў, якія паказваюць прыярытэт Бога ў нашым існаванні, Пан Езус вучыць скіроўваць да Бога-Таты просьбы аб іншых неабходных рэчах. Гэта тры асноўныя патрэбы чалавека: штодзённы хлеб, прабачэнне і дапамога супраць спакусы.

Просьба аб хлебе дзень пры дні нагадвае, Хто ёсць крыніцай усіх дабротаў, якія атрымліваем у жыцці, але адначасова і мае на ўвазе, што мы не хочам станавіцца закладнікамі прагнасці — неабмежаванага жадання мець усё больш, якое засланяе Бога.

Прабачэнне — яшчэ адна фундаментальная патрэба чалавека ў падвойным сэнсе: і быць прабачанымі, і прабачыць іншым. Мы просім, каб былі адпушчаныя нашы правіны, давяраючы міласэрнай Божай любові, і адначасова нагадваем сабе, што павінны прабачыць іншым, каб не насіць у сабе цяжар крыўды, які атручвае сэрца чалавека.

Завяршаючы малітву, мы просім аб тым, каб не быць пераможанымі ў спакусе.

У гэтай заключнай просьбе змяшчаецца той заклік, якога не хапае ў сённяшнім урыўку, але якім звычайна заканчваем малітву «Ойча наш»: «збаў нас ад злога», бо злы дух спрабуе ўвайсці ў нашу рэчаіснасць менавіта праз спакусу, стараючыся звесці нас з добрага шляху. У некаторых нядаўніх перакладах гэтая просьба гучыць «не пакідай нас у спакусе», бо спакусы ў нашым жыцці непазбежныя і, як сцвярджае апостал Якуб, насамрэч не Бог нас спакушае (пар. Як 1, 13). У любым выпадку, у пакоры мы вызнаем, што маем патрэбу ў Божай дапамозе, каб не паддацца злу і не стаць яго агентамі: для гэтага трэба быць чуйнымі і «мець заўсёды Пана прад вачыма» (пар. Пс 16 (15), 8), звяртаючыся да Яго ў момант слабасці.

Ласка Духа Святога — найкаштоўнейшы Божы дар

Пан Езус вучыць быць настойлівымі ў нашых зваротах да Айца, сцвярджаючы, што той ніколі не дасць сваім дзецям «змяю замест рыбы» ці «скарпіёна замест яйка». Здаецца, што часам наша праблема ў тым, што мы акурат хочам атрымаць змяю ці скарпіёна, бо «не ведаем аб чым просім» (пар. Мк 10, 38), а потым крыўдзімся на Бога за тое, што не дае нам паводле нашых жаданняў.

Добрая справа — маліцца аб здароўі блізкіх, але часам я пытаюся тых, хто просіць мяне аб такой малітве: маеце на ўвазе здароўе фізічнае ці таксама духоўнае? Ці моцны фізічны стан — адпаведны дар для чалавека, калі ён яго выкарыстае супраць бліжняга і на ўласную згубу?

Таму нам трэба добра падумаць, аб чым у першую чаргу прасіць Бога ў нашых малітвах. Пан Езус дае нам падказку: прасіць Нябеснага Айца аб дары Духа Святога, і гэтая просьба заўсёды будзе выслуханая.

Дух Святы — дар ласкі, у якім заключана ўсё, што нам патрэбна на нашым шляху да неба. Ён спасылае нам мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць і боязь Божую; дзякуючы Яго дзеянню наша жыццё напаўняецца любоўю, радасцю, спакоем, доўгацярплівасцю, лагоднасцю, дабрынёй, вернасцю, далікатнасцю, стрыманасцю (пар. Гал 5, 22–23). Будзем жа шукаць Ягонага подыху, каб імкнуцца да Божага Валадарства і справядлівасці ягонай, а ўсё іншае будзе нам дадзена. Амэн.

Абноўлена 24.07.2022 07:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа