Пошук

05.08.2017 13:55   Catholic.by

Глыбокапаважаныя браты і сёcтры, працаўнікі Беларускай чыгункі.

Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую пілігрымаў чыгуначнікаў з іх прафесійным святам, якое Вы адзначаеце 7 жніўня. Сёння вы хочаце яго ўпершыню адзначыць у нацыянальным санктуарыі Божай Маці Будслаўскай, каб прасіць яе благаслаўлення і апекі ў вашай нялёгкай і адказнай працы.

Беларуская чыгунка мае багатую гісторыю. Першыя чыгуначная дарога ў нашай краіне з’явілася 155 гадоў таму. 27 снежня 1862 г. на тэрыторыі Беларусі пачаў эксплуатавацца ўчастак чыгуначнай дарогі з Санкт-Пецярбурга ў Варшаву. Яе частка з Парэчча да Гродна стала першай чыгуначнай лініяй на нашай зямлі.

Сучасная Беларуская чыгунка стальнымі магістралямі пакрывае тэрыторыю ўсёй нашай краіны. Гэта адна з найбольш развітых галін нашай эканомікі і інфраструктуры. На долю чыгункі прыходзіцца больш за 60 працэнтаў грузаабароту, каля 40 працэнтаў пасажыраабароту, 25 працэнтаў ад аб’ёму экспарту транспартных паслуг. Гэтым самым Беларуская чыгунка ўносіць вялікі ўклад у гаспадарчую дзейнасць краіны. Таму немагчыма ўявіць сабе сучаснае жыццё без чыгункі ў Беларусі.

Сёння, у санктуарыі Божай Маці Будслаўскай падчас першай пілігрымкі чыгуначнікаў у гэтае святое месца, мы дзякуем канструктарам, навукоўцам, будаўнікам, інжынерам і самім чыгуначнікам; дзякуем усім, хто тварыў і далей творыць веліч Беларускай чыгункі.

Адначасова мы добра ведаем, што, нагадваючы пра працу чыгункі, на першае месца неабходна ставіць чалавека, які яе будуе, абслугоўвае і на ёй працуе. Святы Ян Павел II кажа, што чалавек з’яўляецца шляхам Касцёла. Ён знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Касцёла. Таму яго галоўным заданнем з’яўляецца духоўная фармацыя чалавека, каб у кожных абставінах жыцця адчуваў яго дапамогу і клопат.

Калі гэта адносіцца да кожнага чалавека, то тым больш адносіцца да чыгуначніка, які значную частку свайго жыцця праводзіць у дарозе, знаходзіцца па-за домам і па аб’ектыўных прычынах не заўсёды мае магчымасць прымаць удзел у нядзельных і святочных набажэнствах. Менавіта таму душпастырства чыгуначнікаў з’яўляецца спецыфічным і патрабуе асаблівай увагі, каб Касцёл са словам Божым, сакрамэнтамі і сваім вучэннем мог дасягнуць падарожнага верніка-чыгуначніка — так бы мовіць вечнага пілігрыма.

Божае слова, якое людзям усіх часоў і культур абвяшчае Касцёл, вельмі патрэбнае ў наш час. Сёння ствараецца ўражанне, што сучаснаму чалавеку найбольш адпавядае такі стыль жыцця, калі ён сам усталёўвае, што такое дабро, а што зло, думаючы, што такі стан будзе трываць вечна. Ён, хоць і ведае, што яго жыццё калісьці завершыцца, тым не менш не згаджаецца са словамі, якія Касцёл прамаўляе, пасыпаючы галовы людзей попелам у Папяльцовую сераду: «Чалавек, памятай, што ты прах і ў прах вернешся». Ён хоча, каб усё тое, што знаходзіцца вакол яго, падпарадкавалася толькі яму. Ён імкнецца быць арыенцірам у справах маральнасці, этыкі, права, карыстання матэрыяльных каштоўнасцяў і г.д.

У той самы час, аднак, мы добра ведаем, што ніякае чалавечае слова і ніякая чалавечая думка не будуць трываць вечна. Толькі Божая думка і Божае слова застаюцца такімі і ніколі не прамінаюць. Езус у Евангеллі ад Яна кажа, што свет праміне, але ніводная літара Святога Пісання не праміне.

Усё гэта азначае, што той, хто слухае Божае слова, жыве згодным з Божай воляй жыццём, якое вядзе ў вечнае шчасце. Аб гэтым нам нагадвае сённяшняя сустрэча з Марыяй у яе Будслаўскім санктуарыі. Дастаткова паглядзець на яе цудоўны абраз.

Цэнтральным элементам у ёй з’яўляецца далонь Марыі, якая ўказвае на Езуса. Гэтым самым Марыя як быццам хоча нам сказаць, да каго мы тут прыйшлі і каго найперш павінны ўбачыць, а менавіта Езуса, да Якога яна нас вядзе. Калі мы просім Марыю, каб вяла нас шляхам жыцця ў Божай ласцы, то яна гэтым жэстам маўкліва адказвае, паказваючы на свайго Сына: «Вось тая дарога, якой вы павінны ісці».

Вы, працаўнікі Беларускай чыгункі, з’яўляецеся людзьмі ў пастаяннай дарозе і пастаянна накіроўваецеся да нейкай канкрэтнай мэты. Таму не трэба вам гаварыць аб тым, што чалавек павінен ведаць мэту сваёй жыццёвай дарогі і паслядоўна імкнуцца да яе. На гэтай дарозе не можа не быць Езуса з Яго Евангеллем, якое заклікае да малітвы і навяртання, таксама як да гэтага заклікала нас Марыя ў фацімскіх аб’яўленнях, 100-годдзе якіх мы адзначаем сёлета. Малітва і навяртанне з’яўляюцца нічым іншым, як выбарам дарогі нашага жыцця.

Найчасцей навяртанне мы ўспрымаем як змену мыслення, перапрашэнне ў Бога і разрыў з грахом. Рэдка, аднак, звяртаем увагу на тое, што Святое Пісанне успрымае грэх як разыходжанне з мэтай. Таму наш грэх — гэта не толькі супрацьпастаўленне Богу і парушэнне Божага закона. Ён таксама з’яўляецца прычынай таго, што мы пачынаем ісці ў няправільным напрамку, што вядзе да паразы і няўдачы. У гэтым кантэксце навяртанне — перадусім змена кірунку жыцця.

Чыгуначнікам не трэба тлумачыць, што азначае трымацца адпаведнага напрамку руху. Змена накірунку руху цягніка вядзе да катастрофы і нават чалавечых ахвяр, таму ён павінен ехаць паводле зададзенай трасы.

Гэта добрая аналогія да нашага духоўнага жыцця, трасу якога нам вызначыў сам Бог. Кожны з нас грэшны і таму патрабуе змены мыслення і напрамку дзеяння. Патрабуе гэтага і грамадства, бо кожны дзень прыносіць новыя заданні і выклікі, на якія трэба адказваць.

Як ужо прыгадвалася, Марыя на Будслаўскім абразе паказвае на Езуса, каб мы Яго слухалі, бо Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём. Сёння Ён нам кажа: «будзьце дасканалымі, як дасканалы ёсць ваш нябесны Айцец». Духоўная дасканаласць з’яўляецца гарантыяй шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення вечнасці.

Марыя, у твайго падножжа сёння звяртаемся да цябе: «Выпрасі ў свайго сына Езуса Хрыста Беларускім чыгуначнікам ласку заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і ніколі не збочваць з дарогі Евангелля». Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця