Пошук

25.08.2020 10:01   Catholic.by

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай цывілізацыі, з’яўляюцца выклікам для Касцёла, ставяць перад ім шэраг пытанняў адносна спосабаў перадачы веры і мовы гэтай перадачы. Гэтыя праблемы змяшчаюць таксама пытанні пра ролю і месца катэхета ў выхаванні дзяцей і моладзі. Адказы на гэтыя пытанні мы знойдзем у дакументах Касцёла, якія адназначна кажуць пра адказнасць Касцёла, г. зн. усёй хрысціянскай супольнасці, за выхаванне ў веры маладога пакалення (гл. DOK 220).

Яны нагадваюць бацькам, што яны з’яўляюцца першымі настаўнікамі веры сваіх дзяцей, іх першымі выхаваўцамі, а адначасова сведкамі веры (гл. DOK 255).

Пасля Сабору вучэнне Касцёла падкрэслівае значэнне парафіі як важнага асяродка, у якім нараджаецца і ўзрастае вера і ў якім чалавек можа здабыць досвед веры (гл. DOK 257). А катэхетычныя заняткі без выразнай і актыўнай падтрымкі сям’і і парафіі не ў стане на належным узроўні забяспечыць хрысціянскае выхаванне.

Святы Ян Павел ІІ у аўтабіяграфічнай кнізе «Пераступіць парог надзеі» наступным чынам гаворыць пра значэнне маладосці: «Маладосць — гэта не толькі пэўны перыяд чалавечага жыцця, які адпавядае вызначанай колькасці гадоў, але гэта час, дадзены кожнаму чалавеку і адначасова дадзены яму Провідам.

У гэты час ён шукае адказу на асноўныя пытанні, як юнак з Евангелля; шукае не толькі сэнсу жыцця, але шукае канкрэтны праект, паводле якога гэтае сваё жыццё мае пачаць будаваць. І гэта найбольш істотная рыса маладосці. Кожны выхаваўца, пачынаючы ад бацькоў, а таксама кожны душпастыр, павінен добра пазнаць гэтую рысу і павінен умець ідэнтыфікаваць яе ў кожным хлопцу і дзяўчыне; скажу яшчэ больш: павінен палюбіць тое, што істотнае для маладосці. У кожную эпоху жыцця чалавек жадае быць прыняты, жадае знаходзіць любоў. У гэтую эпоху жадае гэтага асабліва, прычым гэта  не можа быць прыняццем усяго без выключэння. Моладзь зусім гэтага не хоча. Яна жадае таксама, каб яе папраўлялі, жадае, каб ёй казалі „так“ або „не“».

На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў мы не пераставалі звяртацца ў малітве-спеве да Маці Збавіцеля: «Мы хочам Бога, Дзева-Маці! Сваіх дзяцей паслухай зоў. Мы хочам Бога праслаўляці, Яму аддаць жыццё і кроў… Хай будзе Бог у кніжцы, ў школе, у адпачынку, ў працы дня…»

Дарагія бацькі! Мы хочам падзякаваць вам за ваш клопат аб тым, каб прыводзіць дзяцей на катэхезы. Будзем жа ўсе разам адно для аднаго падтрымкай і супрацоўнікамі ў працэсе выхавання.

Гармонія сумесных намаганняў з боку бацькоў, школы і Касцёла дакладна прынясе станоўчыя вынікі ў фармаванні маладога пакалення ў духу веры.

Паклапаціцеся, каб у вашых дамах, там, дзе вашыя дзеці працуюць над хатнімі заданнямі, былі святы абразок і крыж. Гэта заўсёды будзе нагадваць дзецям аб паўсюднай Божай прысутнасці.

Святы Ян Павел ІІ падчас адной з пілігрымак выказаў знамянальныя словы: «Дарагія бацькі! Вы добра ведаеце, што няпроста ў сённяшнія часы стварыць хрысціянскія ўмовы, неабходныя для выхавання дзяцей. Вы павінны зрабіць усё, каб Бог быў прысутны і шанаваны ў вашых сем’ях. Не забывайце пра штодзённую супольную малітву, асабліва вечарам; пра святкаванне нядзелі і ўдзел у нядзельнай святой Імшы. Вы з’яўляецеся для сваіх дзяцей першымі настаўнікамі малітвы і хрысціянскіх цнотаў, і ніхто вас у гэтым не можа замяніць.

Захоўвайце рэлігійныя звычаі і клапаціцеся аб хрысціянскай традыцыі, вучыце сваіх дзяцей пашане да кожнага чалавека. Няхай вашым найбольшым жаданнем будзе выхаванне маладога пакалення ў лучнасці з Хрыстом і Касцёлам. Толькі такім чынам вы захаваеце вернасць вашаму бацькоўскаму пакліканню і духоўным патрэбам вашых дзяцей».

Дарагая моладзь! Молімся за вас і просім вас: застаньцеся вернымі ідэалам Евангелля!

Няхай удзел у катэхезах дапаможа вам узрастаць да паўнаты чалавечнасці паводле ўзору «дасканалага Чалавека» — Езуса Хрыста.

Дарагія дзеці! Вы — скарб вашых любых бацькоў. Старайцеся прыносіць ім радасць і суцяшэнне ў клопатах, якія яны перажываюць, намагаючыся з вялікім прысвячэннем забяспечыць вам утрыманне, адукацыю і выхаванне, каб вы сталі сумленнымі людзьмі. Ахвотна старайцеся здабываць веды і ўменне імі карыстацца.

Дарагія катэхеты! Дзякую вам за ўсе намаганні ў фармаванні маладога пакалення паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Дабро маладога пакалення няхай будзе клопатам вашага жыцця і вашай працы.

Усіх вас даручаю заступніцтву Маці Божай і давяраю Езусу Хрысту вялікую справу выхавання, бо Ён мае паўнату жыцця і заўсёды прысутнічае ў Касцёле і свеце.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі

Пінск, 22 жніўня 2020 г.

Версія для друку ТУТ>>>

P.S. Шаноўных святароў прашу прачытаць гэты ліст у першую нядзелю верасня на ўсіх святых Імшах і размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь 2020–2021 катэхетычны год.

Абноўлена 25.08.2020 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.