Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Звесткі з біяграфіі папы Бэнэдыкта XVI

Папа Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер) паходзіць з Германіі — краіны з вельмі старажытнымі хрысціянскімі каранямі і багатай каталіцкай традыцыяй. Пачатак гісторыі хрысціянства на нямецкіх землях адносіцца да ІІІ стагоддзя, католікі складаюць там амаль палову насельніцтва.

16 красавіка 1927 г. у невялічкім нямецкім мястэчку Марктль-на-Інне, што ў Ніжняй Баварыі, у сям’і паліцэйскага Ратцынгера нарадзіўся другі хлопчык, якога ахрысцілі Ёзафам. Бацькі Ёзафа паходзілі з сялянскага і рамеснага асяроддзя і не былі заможнымі людзьмі, аднак яны выхоўвалі дзяцей у веры і, клапаціліся пра тое, каб іх дзеці атрымалі адукацыю. Вельмі рана юнаму Ёзафу давялося сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі. Перш за ўсё яны былі звязаныя з пануючым у тыя часы ў Германіі фашысцкім рэжымам, які вельмі непрыхільна ставіўся да Каталіцкага Касцёла. Пад канец Другой сусветнай вайны юнака мабілізавалі ў дапаможную службу супрацьпаветранай абароны. У гэтых складаных драматычных умовах і нарадзілася ў яго пакліканне да святарства.

З 1946 да 1951 г. Ёзаф Ратцынгер вывучае філасофію і тэалогію (спачатку ў Фрайзінгу, а потым у Мюнхенскім універсітэце) і 29 чэрвеня 1951 г. прымае святарскае пасвячэнне. У сваёй дзейнасці малады святар не абмяжоўваецца толькі цэлебрацыяй святой Імшы і падрыхтоўкай казанняў. Ужо праз два гады ён абараняе дысертацыю на тэму «Народ і дом Божы ў вучэнні св. Аўгустына пра Касцёл». Наступную навуковую ступень ксёндз Ратцынгер атрымлівае ў 1957 г., абараняючы працу «Тэалогія гісторыі святога Бонавэнтуры». Пасля гэтага на працягу амаль цэлага дзесяцігоддзя ён займаецца выкладчыцкай дзейнасцю спачатку ў Боне, затым у Мюнстэры і, нарэшце, у Цюбінгене.

З 1962 да 1965 г. у Рыме праходзіць ІІ Ватыканскі Сабор. Ёзаф Ратцынгер прымае актыўны ўдзел у працы гэтага Сабору ў якасці кансультанта па пытаннях тэалогіі. Менавіта тады ён набывае вядомасць у Касцёле на міжнародным узроўні.

З 1969 г. кс. Ёзаф Ратцынгер выкладае дагматычную тэалогію ва універсітэце ў Рэгенсбургу і з’яўляецца прарэктарам гэтай навучальнай установы. З’яўляюцца першыя публікацыі яго навуковых працаў, а таксама душпастырскіх разважанняў.

У 1977 г. папа Павел VI прызначыў кс. Ёзафа Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і неўзабаве пасля гэтага надаў яму годнасць кардынала. Для свайго біскупскага герба Ёзаф Ратцынгер абраў дэвіз «Cooperatores veritatis» («Супрацоўнікі праўды»). Гэты дэвіз набыў асаблівае значэнне, калі ў 1981 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кардынала Ратцынгера прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння — асноўнага ведамства Каталіцкага Касцёла, якое паклікана клапаціцца пра чысціню праўдаў веры. На гэтай пасадзе Ёзаф Ратцынгер праявіў сябе як непахісны абаронца чысціні веравучэння ад розных скажэнняў. Ён, у прыватнасці, паслядоўна выступаў супраць такіх негатыўных з’яваў сучаснага свету, як гомасексуалізм, эўтаназія, аборты, фемінізм, які вядзе да разбурэння асноваў сям’і, і інш. Кангрэгацыя Веравучэння пад яго кіраўніцтвам рашуча асуджала таксама ўсялякія дактрынальныя злоўжыванні ў Касцёле: «тэалогію вызвалення» і плюралістычную тэалогію рэлігіі. Свае погляды на гэта Ёзаф Ратцынгер прадставіў у дакуменце «Dominus Iesus» («Пан Езус») у 2000 г., дзе выразна падкрэсліваецца, што толькі ў Каталіцкім Касцёле можна знайсці ўсю паўнату сродкаў, неабходных для збаўлення. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі гэтага дакумента, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння яшчэ раз падкрэсліў, што памылкаю было б лічыць усе рэлігіі роўнымі і няпраўда, нібыта ўсе яны вядуць да збаўлення, але рознымі шляхамі.

У перыяд з 1986 да 1992 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер засяродзіў сваю дзейнасць на падрыхтоўцы новага грунтоўнага і ўсеабдымнага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, кіруючы працаю адпаведнай камісіі. Акрамя вышэйзгаданай Кангрэгацыі Веравучэння, ён узначальваў Папскую біблійную камісію і Міжнародную тэалагічную камісію, а таксама супрацоўнічаў з Дзяржаўным Сакратарыятам Ватыкана і ўваходзіў у склад Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Біскупаў, Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У 2002 г. кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў дэканам Калегіі Кардыналаў.

На працягу амаль усяго Пантыфікату Яна Паўла ІІ Ёзаф Ратцынгер быў яго бліжэйшым супрацоўнікам і аднадумцам, таму невыпадкова менавіта яму з волі Бога было прызначана падвесці сімвалічную рысу пад Пантыфікатам Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, што ён зрабіў у сваёй прачулай і эмацыянальнай гаміліі падчас пахавальнай святой Імшы. І менавіта яму з волі Бога было наканавана працягнуць справу свайго Вялікага Папярэдніка.

Адразу пасля таго, як стала вядома, што 19 красавіка на канклаве кардынал Ёзаф Ратцынгер быў абраны Папам, сродкі масавай камунікацыі застракацелі штампам «кансерватар». У гэтае слова ахвочыя на сенсацыі журналісты імкнуліся ўкласці адмоўны сэнс, як бы «забываючыся» пра тое, што кардынал Ратцынгер усю сваю дзейнасць прысвяціў ажыццяўленню рэформы і аднаўлення Касцёла, згодна з пастановамі апошняга Сабору. Да таго ж любыя штампы і ярлыкі — гэта нішто іншае, як свядомае скажэнне праўды, бо як можна чалавека, а асабліва такую выдатную і шматгранную асобу, як Ёзаф Ратцынгер, акрэсліць усяго толькі адным словам?

Як бы прадбачачы гэта, кардынал Ратцынгер напярэдадні ў сваёй гаміліі падчас Імшы ў панядзелак 18 красавіка мужна назваў найбольш вострыя праблемы сучаснасці сваімі імёнамі і дадаў, што «наяўнасць яснай веры, згоднай з „Credo“ Касцёла, часта атрымлівае ярлык фундаменталізму». А хто ж іншы, калі не Папа, павінен у першую чаргу захоўваць чысціню і яснасць веры ад бруду скажэння і злоўжыванняў? І хто іншы сёння можа лепш, чым Ёзаф Ратцынгер — паслядоўны абаронца Евангелля і Апостальскай Традыцыі, бясконца верны вучэнню ІІ Ватыканскага Сабору, — справіцца з гэтаю няпростаю задачаю?

Новаабраны Папа ўзяў сабе імя Бэнэдыкт і сам растлумачыў гэты свой выбар, узгадваючы папу Бэнэдыкта XV, «мужнага і сапраўднага прарока міру перад абліччам драматычных падзеяў Першай сусветнай вайны», а таксама «незвычайную асобу святога Бэнэдыкта, які з’яўляецца зыходным пунктам для еўрапейскай інтэграцыі і несумненных хрысціянскіх каранёў яе культуры і цывілізацыі».

У сваім казанні падчас інаўгурацыйнай святой Імшы папа Бэнэдыкт XVІ так акрэсліў «праграму» свайго Пантыфікату: «Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам кіраваў Касцёлам у гэты перыяд нашай гісторыі».

Адноўлена 28.08.2009 22:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.