Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Святы Рафал Каліноўскі]
Даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD на сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю і св. Рафалу Каліноўскаму
2010-11-22 14:31:29
Аддаць жыццё з любові паводле св. Рафала Каліноўскага

Ян Павел ІІ у сваёй кананізацыйнай гаміліі сказаў, што новы святы «аддаў жыццё за суайчыннікаў, для агульнай добрай справы, бо так палюбіў зямную Айчыну, што дзеля гэтай справы выбраў смерць»; што «ён аддаў жыццё з любові да вечнай айчыны (…) праз шлюбы ў Ордэне кармэлітаў»; што «аддаў жыццё праз святарскае служэнне»; што, урэшце, «аддаў жыццё за еднасць Касцёла, палаючы жаданнем убачыць з’яднаных у адной аўчарні аддзеленых братоў». Аддаў жыццё, «бо палюбіў»! Пастараемся прыгледзецца да гэтай спецыфічнага «аддавання жыцця з любові».

Аддаў жыццё за бліжніх

Першаснае «аддаванне жыцця» святым Рафалам датычыць бліжніх. Аднак спачатку зірнем на яго ўдзел у паўстанні і на вялікі альтруізм, праяўлены падчас ссылкі. Юзаф Каліноўскі (гэта ягонае імя да паступлення ў ордэн) разумеў евангельскі заклік да любові і прысвячэння ўжо ў маладосці. Вызнаў, што «лічыць сябе чужой уласнасцю», а дзве са шматлікіх напісаных ім кніг носяць тытул «Я з’яўляюся ўласнасцю іншых». Ужо як малады студэнт, разважаючы над справай шчасця, прыйшоў да высновы, што яно з’яўляецца плёнам «ахвяры ўсёй асобы (…) для шляхетных і ўзнёслых мэтаў», ахвяры, якая вызваляе чалавека ад эгаізму і робіць яго сапраўды свабодным. У такім ключы належыць глядзець на яго ўдзел у студзеньскім паўстанні. Ён не належаў да групы, якая рыхтавала гэтае паўстанне, і, як афіцэр царскага войска, г.зн. чалавек, які ведаў яго магутнасць, лічыў, што яно было памылкай і «шалёным парывам». Ведаў, што ўдзел у паўстанні — гэта «пагружэнне ў палаючы агонь на спаленне», аднак з любові да Айчыны і да паўстанцаў, дзеля іх выратавання, пакінуў войска і з’яднаўся з імі, беручы на сябе наступствы паўстання: смяротны прысуд (сапраўднае адданне жыцця!), «гуманна» заменены дзесяцігадовай сібірскай катаргай.

Над далёкім Байкалам спяшаўся з дапамогай да патрабуючых, дзяліў з імі цяжкасці працы, пакуты, кашулю і кавалак хлеба. Бескарысна ўключыўся ў справу выхавання дзяцей выгнаннікаў і пакінутай моладзі. Маральныя даброты заўсёды ставіў па-над матэрыяльнымі, а дабро бліжняга — па-над уласным. «Я гатовы, — пісаў, — знесці ўсялякія перашкоды; Бог ласкавы, не пакіне; маю ўнутраны скарб, якога ніхто не можа мяне пазбавіць і нічога дадаць да яго праз матэрыяльныя выгоды, але ёсць людзі, для якіх матэрыяльная галеча вядзе за сабой маральны ўпадак». І менавіта пра іх думае — як сам прызнаецца — калі просіць з Сібіры аб матэрыяльнай падтрымцы. З любові да бліжняга ён чыніў шмат дабра. «Добрыя людзі падобныя да анёлаў, (…) яны быццам чыстае паветра, дыхаеш ім, хоць яго і не бачыш», — пісаў. І ўчыніў гэта цалкам натуральна, бо і сам быў падобны да анёлаў.

Аддаў жыццё праз шлюбаванне евангельскіх парадаў

Паступаючы ў Кармэль, Юзаф Каліноўскі пацвердзіў сваё ранейшае жаданне аддаць жыццё з любові. Пераступаючы парог кляштара, ён не быў абавязаны парываць сувязі з папярэднім жыццём і шукаць навяртання, як гэта звычайна бывала. Ён ужо раней прысвяціў сваё жыццё праз ахвяру ўсеспалення з любові. Заўсёды гледзячы праз прызму любові на сваё поўнае прысвячэнне Богу і Касцёлу праз манаскія шлюбы, выпрацаваў свайго роду тэалогію шлюбаў, акрэсліваючы іх як сродак (не мэту) развіцця цеснага сяброўства з Хрыстом: «пры дапамозе шлюбу чыстасці вы знайшлі Хрыста, праз шлюб убоства вы схапілі Яго, праз шлюб паслухмянасці вы ніколі Яго не пакінулі», — слушна прамовіў да кармэлітак босых. Ён дасканала разумеў, што найбольшай небяспекай для манаскага жыцця з’яўляецца манатоннасць, руціна — перакананне, што дастаткова спаўняць усе законныя практыкаванні, прадпісаныя правам, каб быць дасканалым законнікам. Таму звяртаў увагу не столькі на літару, колькі на дух законнага права, адкрываючы ў ім дынамізм Духа Святога. «Гэта Ён, — падкрэсліваў, — выціскае ў нашых сэрцах унутранае права любові; гэта Ён здзяйсняе, што любоў душы, у якой Ён жыве, моцная, як смерць; гэта Ягоны дар загадвае законнікам няспынна выпрабоўвацца ў цнотах, а законныя прадпісанні — гэта повязі любові ў Ягоных руках».

Тое, як св. Рафал Каліноўскі разумеў поўнае прысвячэнне сябе Богу, ён выявіў у адной з лекцый да законнікаў, у якой вылучыў «чатыры асновы законнага жыцця»: адарванне ад прывязанасці не толькі да граху, але і да недасканаласці; імкненне да дасканаласці праз жыццё духам евангельскіх благаслаўленняў; адмова ад уласнай волі; прыбіццё сябе да крыжа, г. зн. вернасць, трываласць. Інакш кажучы, гэта праяўленне любові праз смерць уласнага эгаізму.

Аддаў жыццё праз святарскае служэнне

Адзін з аўтараў вельмі трапна напісаў, што св. Рафал «раздаў сябе» (Отто Філек). Мы ўжо ўзгадалі, што ён лічыў сябе «чужой уласнасцю». З такога разумення вынікалі канкрэтныя высновы, якія іншы аўтар (Чэслаў Гіль) рэзюміруе: «Я — уласнасць іншых, таму бліжні мае права на тое, што маё; тым самым мае права не толькі на маю матэрыяльную маёмасць, але таксама на мой час, асобу, на тое, што найбольш каштоўнае, на скарб, здабыты праз веру». Гэтыя ідэі ляжалі ля падставаў найбольш узнёслых жыццёвых рашэнняў св. Рафала. З гэтай прычыны ён адмовіўся ад сямейнага жыцця і прыняў сакрамэнт святарства: «у пакліканні святара я бачу найбольш карысці для сябе і для бліжніх», — пісаў, распачынаючы сібірскую катаргу. А калі пакідаў пасаду выхавацеля бл. Аўгуста Чартарыйскага, прасіў, каб ягонае месца пры выхаванцу заняў менавіта святар, бо «ніякая іншая асоба (…) не задаволіць шматлікіх ягоных патрэб». Таму, калі атрымаў святарскае пасвячэнне, пасля прыміцыйнай святой Імшы, якую цэлебраваў у кармэлітак босых у Кракаве, усклікнуў: «я самы шчаслівы чалавек у свеце!» — самы шчаслівы, бо магу служыць бліжнім не толькі ў матэрыяльнай сферы, але і ў духоўнай, даючы ім не толькі хлеб, але і сакрамэнтальную дапамогу.

Святар, паводле тэалагічнага бачання св. Рафала, з’яўляецца «дарыцелем любові». Паводле яго ўласных слоў, святар складае на алтары «ахвяру, якой ёсць сам Хрыстус Пан, Сын Божы; (…) складае яе за грахі свету; раздае Хлеб Жыцця; уваскрашае з грахоў праз сакрамэнт пакаяння і паяднання; працуе для збаўлення душ, для адраджэння жыцця ў Валадарстве Божым на зямлі».

Прагнучы быць святаром верным, ахвярным, «дарыцелем», прасіў генерала ордэна аб «благаслаўленні, каб умеў наследаваць нашага Пана ў гэтым святым служэнні не толькі як святар, яле таксама ў якасці ахвяры». Гэтае святое служэнне заключалася ў вядзенні бліжніх да Бога, удзяленні сакрамэнтаў, а ахвотнай ахвярай любові была ягоная гераічная паслуга ў канфесіянале, да такой ступені, што сучаснікі называлі яго «мучанікам канфесіяналу», пра што нагадаў Ян Павел ІІ у прамове, абвешчанай на наступны дзень пасля кананізацыі. А сам св. Рафал любіў паўтараць: «іду на ахвяру», што азначала: іду ў канфесіянал, іду, каб служыць. І рабіў гэта з любові.

Аддаў жыццё за справу еднасці Касцёла

Адданне жыцця з любові ў св. Рафала адносіцца таксама да яго экуменічнай дзейнасці, што не толькі адзначыў Папа ў кананізацыйнай гаміліі, але таксама прадстаўляе літургія ў дзень ўспаміну святога, калі мы молімся, каб, «дзякуючы яго прыкладу і заступніцтву, велікадушна супрацоўнічалі для дасягнення адзінства ўсіх верных у Хрысце». Рафал Каліноўскі ахвяраваў для справы экуменізму многае. Ён дасканала распазнаваў знакі часу і не шкадаваў сілы ў рэалізацыі ініцыятываў дзеля аб’яднання хрысціян. Хоць неаднойчы яму не хапала сілы, не заўсёды спрыяла здароўе, аб’яднанне Касцёла было яго адзіным клопатам, адзіным прагненнем, адзінай інтэнцыяй, у якой ахвяраваў свае цярпенні і пакуты. «Прашу маліцца за мяне, — пісаў да адной кармэліткі, — каб Бог удзяліў мне ласку любові да пакутаў і вытрымкі на гэтай дарозе. Хоць я ўжо і заканчваю свае дні, не магу вызваліцца ад той думкі, што добры Бог, наколькі буду Яму верны, змусіць мяне сваёй ласкай, каб яшчэ працаваць дзеля еднасці Касцёлаў праз Кармэль Маці Божай».

З мэтай пошуку адзінства як католікаў, так і праваслаўных св. Рафал Каліноўскі распаўсюджваў шкаплернае набажэнства ў Румыніі, дзе вернікі абедзвюх Цэркваў ядналіся пад шатамі Марыі. З тою ж мэтай пашыраў гэтае набажэнства ў Венгрыі і Расіі, асабліва ў Сібіры, бо — як сам казаў — немагчымым было пазбавіцца думкі пра адзінства Касцёла, якое стала для яго неабходнасцю. З думкай пра еднасць Касцёла нанёс таксама візіт уніяцкаму Мітрапаліту ў Львове арцыбіскупу Сільвестру Сембратовічу, з якім разважаў пра магчымасць стварэння ўсходняй галіны Ордэна кармэлітаў.

Чэрпаючы натхненне з папскай гаміліі ў дзень кананізацыі св. Рафала Каліноўскага, мы ставілі перад вачыма прыклад ягонай евангельскай, бескарыслівай, шматграннай любові. Ён умеў жыць любоўю заўсёды, нягледзячы на тое, што яму давялося жыць у нашмат цяжэйшы час, чым нам: не мог вучыцца на роднай мове, на вуліцах свайго горада з дзяцінства бачыў вайсковыя аддзелы акупантаў, гімназія, дзе ён вучыўся, знаходзілася насупраць кляштара, замененага на палітычную вязніцу. Сам зведаў дзесяцігадовую сібірскую катаргу, а калі атрымаў доўгачаканую свабоду, яму нельга было пасяліцца ў роднай Вільні і ён быў асуджаны на эміграцыю. Даказаў, што, каб жыць любоўю, не трэба чакаць надыходу «лепшых часоў», бо для яе практыкавання «ўсе часы добрыя». І сам растлумачыў, дзе знаходзіў сілу, — «ва ўцёку да святых сакрамэнтаў і ў малітве».  

 
Святы Рафал Каліноўскі, святар
2008-11-20 13:21:14
Святы Рафал Каліноўскі, святарНарадзіўся 1 верасня 1835 г. у Вільні і на хросце атрымаў імя Юзэф. Ва ўзросце васемнаццаці гадоў паступіў у інжынерную школу ў Пецярбургу, а пасля заканчэння застаўся працаваць у ёй на пасадзе ад’юнкта матэматыкі. Аднак праз нейкі час Юзэф адмовіўся ад выкладчыцкай працы і наняўся на будоўлю чыгункі Курск – Адэса.
 
Святы Рафал Каліноўскі
2008-07-14 09:47:12

Юзаф Каліноўскі нарадзіўся ў 1835 г. ў Вільні. Пасля заканчэння Шляхецкага інстытута (1843-1850) распачаў вучобу ў Агранамічным інстытуце ў Горы-Горках каля Оршы. Праз тры гады перавёўся ў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію ў Пецярбургу. Калі пачалося студзеньскае паўстанне, стаў начальнікам ваеннай секцыі Выканаўчага аддзела Літвы (галоўнага органа па кіраванні паўстаннем). Пасля падаўлення паўстання быў арыштаваны і асуджаны на смерць. У вязніцы яго лічылі святым.

 

Усяго 3 матэрыялаў адзначана цэтлікам Святы Рафал Каліноўскі.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.