Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Май — месяц Марыі
17.07.2008 14:35
Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго месяца вернікі збіраюцца ў касцёлах, а таксама каля каплічак і прыдарожных фігураў Маці Божай, каб разам маліцца, просячы заступніцтва Марыі.

Шырокае распаўсюджанне маёвае набажэнства набыло ў нас у ХІХ ст., але ўзнікла гэтая традыцыя значна раней. Вядома, што ўжо ў V ст. хрысціяне на Усходзе збіраліся, каб разам маліцца і спяваць песні на ўшанаванне Багародзіцы. На Захадзе ўжо ў І тысячагоддзі май дзе-нідзе лічыўся месяцам Марыі. Нарэшце, на мяжы XIII i XIV ст. узнікла думка прысвяціць гэты месяц Маці Божай. Першым гэта прапанаваў іспанскі кароль Альфонс Х (памёр у 1284 г.). Манарх, які сам заўсёды ўдзельнічаў у маёвых набажэнствах, заахвочваў да гэтага ўсіх сваіх падданых.

Благаслаўлёны Генрых Сузо, дамініканін, які жыў у XIV ст., вучань Мейстэра Экхарта і сябра Яна Таўлера — вядомых містыкаў Сярэднявечча, — узгадвае, што, будучы падлеткам, збіраў у маі кветкі і нёс іх да Маці Божай. Ён любіў таксама сплятаць з кветак вянкі і ўскладаць іх на фігуры Марыі. Маці Божая ўзнагародзіла Генрыха Сузо, даўшы яму ласку сузіраць у містычным бачанні хвалу, якую Яна прымае ад Анёлаў.

У 1549 г. у Германіі з’явілася кніжка пад назваю «Духоўны май», дзе ўпершыню май быў названы месяцам Марыі. У жыццяпісе святога Філіпа Нэры (памёр у 1595 г.) захаваліся звесткі пра тое, што ён збіраў дзяцей каля фігураў і абразоў Маці Божай, спяваў з імі песні, збіраў кветкі і заклікаў прыносіць іх Марыі разам з духоўнымі дарамі і ахвярамі. Падобным чынам ушаноўвалі Марыю і маладыя італьянскія дамініканцы. А ўкладальнікам адпаведных набажэнстваў лічыцца айцец Ансалані, езуіт (1713 г.), які ў каралеўскай капэле ў Неапалі кожны дзень мая праводзіў канцэрт спеваў на ўшанаванне Маці Божай. Канцэрты завяршаліся благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Дзякуючы намаганням айцоў езуітаў маёвыя набажэнствы распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі і сталі вядомымі ў Францыі. Папа Пій VII ўстанавіў звязаны з набажэнствам спецыяльны адпуст, а благаслаўлёны Пій ІХ у 1859 г. канчаткова зацвердзіў форму маёвага набажэнства: Ларэтанская Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі, навучанне святара і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Да канца ХІХ ст. маёвае набажэнства было вядомае практычна ва ўсім свеце. Яго распаўсюджванню на нашых землях паспрыялі таксама айцы езуіты.

Цэнтральнаю часткаю маёвага набажэнства з’яўляецца Ларэтанская Літанія — адзін з найпрыгажэйшых гімнаў на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. У ім Касцёл праслаўляе вялікія цноты і прывілеі, якімі Бог адарыў сваю верную Слугу. Літанія ўзнікла ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, у Францыі, і была афіцыйна зацверджаная Папам Сікстам V. Назва «Ларэтанская» паходзіць ад італьянскага мястэчка Ларэта, дзе знаходзіцца адна з найвялікшых марыйных святыняў — домік з Назарэта, у якім Марыі з’явіўся Анёл Габрыэль. Менавіта там літанія набыла вельмі вялікую папулярнасць у вернікаў.

Тэкст Ларэтанскай літаніі быў зацверджаны Папам Грыгорыем ХІІІ у 1578 г. У 1631 г. Святая Кангрэгацыя Абрадаў забараніла самавольна дадаваць да літаніі незацверджаныя звароты, і кожная наступная змена ў малітве адбывалася толькі з дазволу касцёльнай улады. Так, некаторыя ранейшыя звароты былі выключаны з тэксту малітвы, а замест іх з’явіліся новыя: Каралева Ружанца святога (1675 г.), Каралева без граху першароднага зачатая (1846 г.), Маці добрай рады (1903 г.), Каралева супакою (1917 г.), Каралева ўнебаўзятая (1950 г.), Маці Касцёла (1980 г.), Каралева сем’яў (1995 г.). Такім чынам, цяпер літанія складаецца ўсяго з 49 тытулаў і прывілеяў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Камісія па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла прысвяціць разважанні падчас сёлетніх маёвых набажэнстваў рэлігійным рухам і евангелізацыйным супольнасцям, якія дзейнічаюць у Касцёле, у тым ліку і ў нашай краіне. Каб пазнаёміць вернікаў з іх дзейнасцю, выдавецтвам «Pro Christo» была падрыхтавана кніжка «Рухі і супольнасці. Маёвыя разважанні». Хочацца спадзявацца, што гэтыя разважанні пра рэлігійныя і евангелізацыйныя рухі і супольнасці, а таксама пра малітоўныя групы, паспрыяюць паглыбленню ведаў і духоўнасці вернікаў, а таксама заахвоцяць іх да актыўнага ўдзелу ў евангелізацыйнай місіі Касцёла і ў жыцці сваіх парафій.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.