Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
17.07.2008 14:32
Свята 15 жніўня

Догмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г., быў часткаю праграмы Папы Пія ХІІ, які ўсім сэрцам клапаціўся пра распаўсюджванне марыйнай пабожнасці.

Пій ХІІ лічыў, што распаўсюджванне марыйнай пабожнасці з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце і адкрытасці людзей на дары і ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць, каб дапамагчы свету падняцца «з жудасных бедстваў» – і мінулых і тых, якія адбываюцца ў сучаснай гісторыі. Папа верыў, што абвяшчэнне новага марыйнага догмату стане вялікім імпульсам да развіцця культу Маці Божай, і гэта накіруе свет на добры шлях.

Любоў Пія ХІІ была той самай гарачай любоўю, якая палала ў сэрцах усіх пакаленняў вучняў Хрыста, што праслаўлялі Маці Божую, а яго вера ў магчымасць таямнічага ўплыву марыйнага культу на змену грамадскай і палітычнай сітуацыі ў свеце з’яўляецца тым трывалым перакананнем, якое спадарожнічала Касцёлу з самага пачатку яго існавання. Гэта сувязь відавочная ў Magnificat (Марыю благаслаўлёнаю назавуць усе пакаленні, Бог скінуў моцных з тронаў, галодных напоўніў дабром...). Заклік Папы Пія ХІІ з’яўляецца чарговым моцным голасам, далучаным да спрадвечнага шматгалосся веры Касцёла.

Праўду аб Унебаўзяцці Касцёл абвясціў як догмат веры, і гэтым самым пацвердзіў, што яна заключаецца ў Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла. Але Біблія нічога не гаворыць пра ўнебаўзяцце Марыі... Епіфаній з ІV ст. тлумачыць гэта так: «Калі нехта лічыць, што мы памыляемся, няхай ідзе следам за Святым Пісаннем, у якім не ўзгадваецца пра смерць Марыі. Няма там ніякай інфармацыі пра тое, ці памерла Яна, ці была пахаваная... Пра гэта зусім не гаворыцца ў Святым Пісанні з прычыны велічы цуда, каб ён не прыводзіў у замяшанне розумы людзей. Выходзячы па-за межы чалавечага разумення, Святое Пісанне не ўдакладніла гэту падзею, улічваючы пашану да такога значнага і прыгожага здарэння, каб часам хтосьці не прыпісаў яму нечага з рэчаў цялесных».

Цудоўны адказ святога мудраца! Людзі, якія ганяюцца за цудамі, прысвячалі б час на разважанне апісання «рэчаў цялесных».

З новазапаветных аўтараў даўжэй за Марыю жыў толькі святы Ян, рэальны сведка Унебаўзяцця. У сваім Апакаліпсісе ён таксама карыстаецца пэўным яскравым вобразам. Апошняя кніга Бібліі выразна спасылаецца на першую кнігу – Кнігу Быцця. «І варожасць пакладу паміж табою і паміж Жанчынаю, і паміж патомствам тваім і патомствам яе; яно раструшчыць тваю галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (гл. Быц 3, 15). Гэта Праевангелле – першыя словы Добрай Навіны. Бог абвясціў непрымірымую барацьбу Хрыста (і Яго Маці) з сатаною, вянцом якой будзе перамога над смерцю: «Калі ж тленне гэтае апранецца ў нятленнасць і смяротнае гэта апранецца ў несмяротнасць, тады збудзецца слова напісанае» (1 Кар 15, 54). Марыя, удзельнічаючы ў райскім абвяшчэнні перамогі Месіі, бярэ ў гэтай перамозе ўдзел сваім панаваннем над грахом і смерцю. Перамогу над грахом Яна атрымала ў Беззаганным Зачацці, праз якое стала далёкай ад усяго, што звязана з сатаной. Перамога над смерцю стала яе ўдзелам ва Унебаўзяцці. У Праевангеллі крыецца праўда аб Беззаганным Зачацці і аб Унебаўзяцці Маці Хрыста. У гэтым фрагменце аб’яўленага тэксту Касцёл усведамляе думку аб цалкавітым разгроме сатаны не толькі ў душы Марыі, але і ў Яе целе.

Святы Ян, звяртаючыся да вобраза з Кнігі Быцця, малюе ў сваім апакаліптычным бачанні вобраз таямнічай Жанчыны, апранутай у сонца (гл. Ап 12, 1). Гэта Апаевангелле – апошняя Добрая Навіна аб збаўленні.

Сувязным звяном паміж першым і апошнім словам Бібліі аб Жанчыне з’яўляецца галоўная падзея ў гісторыі свету – Уцелаўленне Сына Божага. Яно здзяйсняецца дзякуючы fiat Той, якую Езус назваў двойчы «Жанчынай» (Ян 2, 4; 19, 26) і якую Габрыэль прывітаў як «поўную ласкі», даючы такім чынам Марыі новае імя: як Абрам стаў Абрагамам, Сымон стаў Кефасам (Скалою), так Марыя стала Кехарытаменам (Поўнай Ласкі). Яе паўната ласкі не толькі ў Ёй самой не дае месца сатане і яго пасеву зла, але таксама шчодра праліваецца з Яе і зыходзіць на людзей, каб умацаваць іх у пераможнай барацьбе са злом.

І толькі ў Марыі здзяйсняецца найглыбейшы сэнс евангельскага абвяшчэння: «Дзе Я, там і слуга Мой будзе» (гл. Ян 12, 26). Для Яе Бог не з’яўляецца «Богам памерлых, але жывых» (гл. Мк 12, 27), а Хрыстус робіць Яе удзельніцай сваёй смерці, уваскрасення і ўнебаўшэсця (гл. Эф 2, 5н; Клс 3, 3). Марыя – гэта Тая, якая належыць да першых абуджаных ад сну (гл. 1 Кар 15, 23). У Ёй пацвярджаецца саюз паміж выбраннем, благаслаўленнем і удзелам у хвале Божай (гл. Рым 8, 30; Эф 1, 3-6). У Ёй мы бачым таксама здзяйсненне прадказання быць заўсёды з Панам (гл. 1 Тэс 4, 16). Унебаўзяцце – гэта паслядоўны ход далейшага Яе жыцця.

Касцёл ушаноўваў мучанікаў у дзень іх «нараджэння для неба», г.зн. у дзень іх смерці. Свята, якое ўзнікла ў ІV ст. на ўшанаванне Маці Божай, называлася «Памяццю Святой Марыі», змест яго быў звязаны з Яе «нараджэннем для неба» і ў хуткім часе яно было перайменавана ва «Успенне Марыі» (V ст.), «Пераход» (VІ ст.), а потым «Унебаўзяцце» (VІІІ ст.). З VІ ст. на Усходзе 15 жніўня пачало адзначацца свята «шлях Марыі дадому».

Ёсць людзі, якія баяцца смерці. Ёсць і такія, якія паміраюць у спакоі. Найбольшыя мукі агоніі змяняюцца ў іх смерці на нябесную ўсмешку – як тая, што засталася на твары св. Тэрэзы. Ёсць такія людзі, ад целаў якіх зыходзіць водар ружаў, як, напрыклад, ад цела а. Піо. Ёсць і такія, целы якіх на працягу стагоддзяў не змяняюцца, як, напрыклад, рэліквіі малой Гіяцынты. Але ёсць толькі адна – Найсвяцейшая Марыя – цела якой было забрана ў неба.

Яе смерць была настолькі іншай, што Касцёл гаворыць не пра смерць, але пра пераход. Так павінны былі перайсці ў жыццё вечнае жыхары раю; толькі грэх прывёў на свет смерць (гл. Рым 5, 12).

Унебаўзяцце атуліла Марыю бляскам уваскрасення Яе Сына. Калі містыкі мараць пра дасканалае паяднанне з Богам, а аддадзеныя кантэмпляцыі гавораць пра Езуса Хрыста як пра свайго Абранніка, то Унебаўзяцце Маці Божай з’яўляецца спаўненнем іх апошніх жаданняў. Марыя была ўзятая ў неба з душой і целам – не толькі з душой, як вялікі містык апостал Павел, забраны аж да сёмага неба (гл. 2 Кар 12, 4), але з душой і з целам! Ён не толькі чуе «таямнічыя словы, якія нельга паўтараць чалавеку» (гл. 2 Кар 12, 4), але з’яўляецца ўдзельнікам таго, аб чым яны гавораць. Удзел Марыі – гэта непасрэднае сузіранне Бога тварам у твар – прычына суму аўтара Гімна любові.

Унебаўзяцце Марыі з душой і целам не азначае аддаленасці Маці Божай ад людскіх спраў. «У сваім Успенні Ты не пакінула свету, о Маці Божая: паядналася з крыніцаю жыцця, Ты, якая зачала Бога Жывога, і сваімі малітвамі вызваляеш нас ад смерці» – спявае Касцёл у сваёй візантыйскай літургіі. Бог ёсць больш блізкі нам, чым мы самі сабе, неба бліжэй да нас, чым часовыя справы, Марыя праз сваё Унебаўзяцце тым больш блізкая нам, Яе дзецям, што енчаць і плачуць у гэтай даліне слёз.

Тое, над чым мы спрабуем разважаць у пакоры і малітоўнай задуменнасці, застаецца толькі затуманеным вобразам, які мы разглядаем у люстры тленнасці. Мы ведаем, што «не бачыла таго вока і не чула вуха, і не ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (гл. 1 Кар 2, 9). Так, гэты догмат уяўляе сабой браму для кантэмпляцыі.

 

Вінцэнт Лашэўскі.
Часопіс «Rozaniec» №7-8/1997.
Пераклад з польскай мовы І. Ламака.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.