Першая Кантакты Мапа
Вялікі пост
17.07.2008 13:08
Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Ён традыцыйна пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца так ад абраду пасыпання галоваў попелам.

У гэты дзень у касцёлах адбываецца благаслаўленне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл на працягу сарака дзён рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Перыяд Вялікага посту звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы — Крыжовы шлях, Песні жальбы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы. Вялікі пост — гэта таксама перыяд падрыхтоўкі катэхуменаў да прыняцця сакрамэнту хросту, які традыцыйна ўдзяляецца ў Пасхальную вігілію.

У адпаведнасці з касцёльнымі наказамі кожны каталік абавязаны прынамсі раз на год у Велікодны перыяд, які ахоплівае акрамя самога Велікоднага перыяду таксама і перыяд Вялікага посту, прыступіць да сакрамэнту пакаяння (споведзі) і прыняць святую Камунію. У Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана прадпісаны абавязковы строгі пост — на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных і малочных страваў, а таксама ад алкаголю. Згодна з традыцыяй, строгі пост захоўваецца і ў Вялікую суботу. Ён не з’яўляецца абавязковым для маленькіх дзяцей, кормячых маці і хворых.

Абмежаванне ў ежы і піцці з’яўляецца аскетычным практыкаваннем і праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту (пар. Мц 17, 21 і Мц 6, 16-19). У Касцёле адрозніваюцца строгі пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў. Пост — гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай. Такім чынам, пакаянне ўключае акрамя посту таксама малітву і добрыя ўчынкі. У перыяд Вялікага посту ў парафіях праводзяцца духоўныя практыкаванні — рэкалекцыі — у якіх можа ўдзельнічаць кожны вернік.

Bookmark and Share
 
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
Парафіяда «Тэатр – Святыня – Спорт» адбудзецца ў Івянцы

18–21 жніўня 2010 г. у Івянцы адбудзецца Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пад назвай «Тэатр – Святыня – Спорт». Да ўдзелу запрашаецца моладзь 14–17 гадоў.

Падрабязней ...  
У Оршы сустрэнуцца байкеры з усяго свету

8 жніўня 2010 г. у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы (Віцебскі дэканат) адбудзецца сустрэча байкераў з усяго свету. Акрамя гэтага, сваю праграму прадставіць гістарычны клуб «Мансельвант», удзельнікі мерапрыемства сустрэнуцца як з раннім класіцызмам, так і з сучасным рокам, выступяць са сваімі спевамі дзеці і моладзь.

Падрабязней ...  
Запрашаем у пілігрымку па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава

Каардынатар пілігрымак у Віцебскай дыяцэзіі пробашч парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах кс. Вячаслаў Барок шчыра запрашае ўсіх жадаючых у чарговае падарожжа. Пілігрымка па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава адбудзецца з 9 па 16 жніўня 2010г.

Падрабязней ...