Святы Ян Марыя Віянэй, святар | Друк |
Святы Ян Марыя Віянэй, святарНарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна.

Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. Святы з’яўляецца апекуном пробашчаў.

Успамін: 4 жніўня
Адноўлена 15.07.2009 17:24
 
© 2003-2024 Catholic.by