Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Мікалай, біскуп
Святы Мікалай, біскупНарадзіўся ў ІІІ ст. у г. Патары ў Лікійскай вобласці (Малая Азія) і быў выхаваны братам маці, біскупам Міры (сучасн. Дэмрэ, Турцыя). Пасля смерці дзядзькі Мікалая выбіраюць на яго месца. Падчас пераследу хрысціянаў пры цэзары Максіміну Дазе біскуп Міры мужна пераносіць страшныя катаванні і са слядамі ранаў на целе бярэ ўдзел у Нікейскім Саборы 325 г., падчас якога разам са св. Папам Сільвестрам рашуча выступае супраць ерэтычных поглядаў Арыя.

Аднак найбольшую славу святому прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. Паводле падання, аднойчы Мікалай паціху падкінуў грошы тром маладым дзяўчатам, якіх збяднелы бацька хацеў аддаць у публічны дом, каб яны не памерлі з голаду. Дзякуючы дапамозе біскупа дзяўчатам удалося захаваць чыстасць і добра выйсці замуж. Мікалай вызваліў трох юнакоў, якіх гаспадар заезду, дзе тыя спыніліся, хацеў забіць і закатаць у бочку. Ён таксама дапамог уратавацца маракам, якія гінулі на моры.

Пасля смерці Мікалая яго рэліквіі захоўваліся ў Міры Лікійскай, пакуль у 1087 г. не былі выкрадзены італьянскімі купцамі і вывезены ў г. Бары на Поўдні Італіі. Святы Мікалай з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых на Захадзе, а на Усходзе яго ўшаноўваюць другім пасля Багародзіцы. Мікалая часта называюць цудатворцам і лічаць вялікім сябрам дзяцей, апекуном шчаслівых сужэнстваў, вязняў і маракоў. Святы Мікалай з’яўляецца апекуном Расіі, а на Захадзе ён стаў правобразам славутага Санта-Клаўса. У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай у гэты дзень рабіць дзецям падарункі.

Успамін: 6 снежня
Адноўлена 15.07.2009 17:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.