|
Аб чым прашу? Моцна прыблізіцца да Езуса са сваёю слабасцю.
Ян 8, 1–11
У той час: 1 Езус пайшоў на Аліўную гару, а 2 раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. 3 Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве. Паставілі яе пасярэдзіне і 4 сказалі Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. 5 А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш? 6 Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. 7 Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. 8 І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі. 9 Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. 10 Езус выпрастаўся і сказаў ёй: Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? 11 Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.
- Гвалтоўныя абвінаваўцы прывялі да Езуса грэшную жанчыну. Стану сярод натоўпу, каб углядацца ў твар спалоханай і прысаромленай жанчыны (верш 3).
- Буду сузіраць поўны чуласці і далікатнасці твар Езуса. Падумаю, што Езус глядзіць на мяне так кожны дзень. Стану перад Ім у маўчанні, таксама як жанчына з Евангелля.
- На публічнае абвінавачванне жанчыны Езус адказвае маўчаннем (вершы 6 і 8). Паспрабую акунуцца ў маўчанне Езуса, які ведае кожнае сэрца, таксама маё. Стану перад Ім у маўчанні, з усёй маёй грэшнасцю. Падумаю, што Езус глядзіць на мяне. Ведае мяне да глыбіні. Звярну ўвагу на мае пачуцці ў гэты момант і вызнаю іх Езусу.
- Абвінаваўцы не вытрымалі цішыні і «пыталіся ў Яго далей» (верш 7). Цішыня неабходна, каб пачуць і пазнаць праўду пра сябе. Ці шукаю цішыні? Як часта стаю ў праўдзе перад Богам? Ці не пазбягаю позірку Езуса?
- Буду сузіраць Езуса, які глядзіць на жанчыну з любоўю, што прабачае (вершы 9–11). Гэты позірк дапамог жанчыне ўбачыць і прызнацца ў сваім граху. Папрашу Езуса, каб вучыў мяне глядзець на сябе позіркам, поўным праўды і любові.
- «I Я не асуджаю цябе» (верш 11). Езус накіроўвае гэтыя словы асабіста да мяне. Ці магу прабачыць сабе і іншым так, як прабачае Езус? Ці не асуджаю сябе? Папрашу Езуса, каб вучыў мяне прымаць сябе такім, якім я ёсць. Даверу Яму ўсё маё жыццё, маё ўзрастанне і маю барацьбу з грахом.
Падрыхтаваў а. Тадэвуш Дабравольскі SDS
|