|
Аб чым прашу? Быць уражлівым на Божыя натхненні і шчырым у адказе на іх.
Лк 9, 28b–36
У той час: 28 Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца. 29 І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. 30 І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. 31 Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. 32 Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. 33 А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. 34 Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака. 35 А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. 36 І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін. І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
- Далучуся да Апосталаў, якія ідуць з Езусам на гару. Папрашу аб унутранным перажыванні блізкасці Езуса. Буду размаўляць з Ім пра маю штодзённасць, пра мае клопаты.
- Гэта Езус праяўляе ініцыятыву (верш 28). Забірае Апосталаў на гару, каб адарваць іх ад штодзённасці, стомленасці і падрыхтаваць на час мукі. Заўважу клопат і ўражлівасць Езуса да слабасцяў вучняў.
- Ці клапачуся аб паглыбленні шчырай сувязі з Езусам? Ці заўважаю натхненні, праз якія Езус запрашае мяне да асабістай малітвы? Якія натхненні я атрымаў у апошні час? Чаго яны датычылі? Як я адказваў на іх на працягу дня?
- Езус вядзе Апосталаў да містычнага перажывання, каб маглі ўбачыць Яго боскасць і прыгажосць (вершы 29–32). Заўважу захапленне і шчасце Апосталаў (верш 33). Разам з імі буду адараваць Езуса, які прагне наталіць мяне сваёй любоўю і прыгажосцю сваёй боскасці і чалавецтва.
- Вярнуся ў думках да найглыбей перажытых сустрэч з Езусам. Дзе гэта было? Калі? У якіх абставінах? Успомню перад Езусам духоўныя прагненні, пазітыўныя пачуцці. Падзякую за іх. Ён даў мне іх, каб былі для мяне ўмацаваннем і пацехай ў самыя цяжкія хвіліны.
- Глыбокая сувязь з Езусам можа перамяніць усякую штодзённасць. Падчас малітвы аднаўлю маё жаданне прабываць у блізкай сувязі з Езусам. Папрашу Яго аб штодзённай вернасці гэтаму жаданню. Сярод маіх заняткаў буду паўтараць: «Езу, Цябе прагну, Цябе шукаю».
Падрыхтаваў а. Тадэвуш Дабравольскі SDS
|