Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (11 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
08.06.2017 17:18

«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае»

 

Дарагія браты і сёстры!

Сёння збірае нас каля алтара Пана ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы — першая нядзеля пасля Спаслання Духа Святога. Гэта добрая нагода, каб нам усвядоміць веліч Бога, Які аб’явіўся і дзейнічае ў трох асобах: Айца, Сына і Святога Духа.

Айцец спасылае свайго Сына, каб Ён даў нам збаўленне, а Дух Святы абудзіў у нас веру, дзякуючы якой мы з даверам адкрываем нашыя сэрцы перад Богам і прымаем Яго дар — вечнае жыццё.

Знак Святой Тройцы заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці. Калі мы распачынаем дзень, то распачынаем яго ў імя Святой Тройцы, робячы знак крыжа, калі молімся, калі спажываем пасілак — робім тое ж самае. Можа толькі часам не ўсведамляем гэтага.

У дары збаўлення Езус Хрыстус адкрывае нам намер Бога адносна свету, чалавека і наогул кожнага з нас. Бог нікога не хоча асуджаць ці караць.

Мэтай і жаданнем Бога з’яўляецца нашае збаўленне. Таму нам не трэба баяцца Бога: Ён не хоча нас пакрыўдзіць, Ён ніколі не зробіць нам дрэнна, не будзе помсціць, караць нас, нават калі б меў для гэтага прычыны. Усё проста. Ён толькі хоча нас збавіць. «Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго».

Але, дарагія браты і сёстры, мы таксама павінны жадаць гэтага збаўлення. Нам трэба дазволіць Богу прыйсці да нас і самім супрацоўнічаць з Ім. Бог не можа зрабіць нас шчаслівымі сілай. Ён лічыцца з кожнай чалавечай асобай і паважае волю кожнага з нас.

Вось паглядзіце: калі мы кагосьці запрашаем з намі пасябраваць, або кагосьці любім, мы выходзім насустрач гэтаму чалавеку, але не можам змусіць яго да сяброўства ці любові. Адказ залежыць ад гэтага канкрэтнага чалавека, да якога скіравана нашая прыязнь ці любоў. А ўжо ці прыме ён нашае сяброўства, ці стане нашым прыяцелем, ці палюбіць нас — гэта залежыць ад яго і яго сэрца. Таксама і Бог. Ён не парушае прыватнасці чалавека. Толькі цярпліва чакае адказу.

Нашая вера — гэта абавязковая ўмова для нашага збаўлення. «Хто не паверыў ужо асуджаны». Заўважце, што асуджэнне, як і збаўленне, з’яўляецца дынамічным працэсам, гэта значыць паступова развіваецца і распачынаецца ўжо тут, у зямным жыцці, калі чалавек робіць свядомы выбар: выбар Бога або супраць Бога.

Асуджэнне — гэта нішто іншае як выбар шляху супраць Бога, а збаўленне — гэта ўваход і крочанне Божай дарогай. Пакуль мы жывём на гэтым свеце, можам змяняць накірунак і дзякуючы нашай свабодзе можам рабіць свой выбар. Але гэта толькі пэўны час. Калі ўвойдзем у вечнасць, такой магчымасці больш не будзе. Будзе толькі канчатковы накірунак, які мы выбралі. І ад гэтага вырашыцца наш лёс. Бог дае нам шмат падказак, але самае галоўнае, што Ён даў нам свайго Сына Езуса Хрыста і спаслаў свайго Духа, каб навучыць нас усёй праўдзе. Ён аб’явіў нам самую вялікую Таямніцу. Бог у трох асобах. Айцец, Сын і Дух Святы. Каб крочыць дарогай збаўлення, трэба прыняць Божую любоў, трэба даць Богу адказ: я хачу быць з Табою, я жадаю крочыць за Табой, як бы цяжка не было ў маім жыцці…

Вядома, падобны адказ вымагае канкрэтных дзеянняў з нашага боку. У першую чаргу — паслухмянасці Богу, жыццё паводле Яго запаведзяў, паводле Евангелля Хрыста. Калі хто даверыў і аддаў сваё жыццё Богу, хто ўчыніў Хрыста Панам свайго жыцця, хто мае шчырую ахвоту выконваць Божую волю — той крочыць шляхам, які вядзе да вечнага жыцця. І гэтае вечнае жыццё распачынаецца ўжо тут на зямлі. «Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага».

Мэта нашай веры — гэта прыняцце збаўчай ласкі Хрыста. І калі мы выбіраем Хрыста, то разам з гэтым згаджаемся на яго кіраўніцтва, на тое, каб Ён нас вёў праз усё жыццё, а мы былі паслухмянымі Яго наказам. Па-іншаму гэтае Божае кіраўніцтва можам назваць пакліканнем да збаўлення. Дзеля збаўлення прыйшоў Езус Хрыстус на зямлю, дзеля гэтага Ён аб’явіў Бога ў Тройцы Адзінага. Веліч якога чалавек ніколі не зразумее, а будзе толькі сузіраць хвалу Найсвяцейшай Тройцы ў вечнасці.

Дарагія, Езус прыйшоў на зямлю, каб не асудзіць свет, але каб гэты свет быў збаўлены. Каб так як Езус, Айцец і Дух Святы ствараюць адно, так і мы былі адно праз веру і любоў. Бо прыйдзе час, калі вера скончыцца, надзея споўніцца, застанецца толькі любоў. Спазняцца, марнаваць Божы дар збаўлення, або адкладваць яго на пасля нельга. Не трэба празмерна хвалявацца, перажываць, палохацца адносна сваёй будучыні. Няважна, кім мы былі, важна — кім мы з’яўляемся зараз.

Калі мы пачалі даглядаць глебу нашага сэрца, калі ў ім Бог засееў сваё слова, то, мае дарагія, клапаціцеся аб гэтым. Каб зерне Божага слова выдала плён у вашым сэрцы на жыццё вечнае. Гэта падобна як з нашымі гародчыкамі. Калі пэўны час стаіць спёка, гарачае надвор’е, што мы робім, калі няма доўгачаканага дожджыка? Ідзём і паліваем градкі, беручы ваду з калодзежа, затым праз нейкі час іх полім. Нам важна, каб тое, што мы пасадзілі, вырасла, а не змарнавалася. Так і ў нашым сэрцы. Трэба падобным чынам клапаціцца пра наш духоўны «гародчык», каб тое, што засеена Божай ласкай, выдала плён у сто разоў большы.

У гэтым нам вельмі дапамагае дзейнасць Святога Духа. Ён з’яўляецца крыніцай ажыўлення нашай веры. Толькі дзякуючы Святому Духу я магу сказаць: «Маім Панам з’яўляецца Езус».

Менавіта Дух Святы аб’яўляе мне Божую волю, пераконвае ў праўдзе Евангелля, дае мне патрэбныя сілы, каб жыць паводле Божага Слова. Вельмі часта мы не задумваемся і не ўсведамляем сабе тое, што здзяйсняе ў нашым сэрцы Святы Дух. Як жа часта мы бываем закрытыя на Яго дзейнасць, несвядомыя ў Яго натхненнях, а можа нават і не вельмі ведаем, што Ён існуе! Як часта бываем бяссільнымі ў рэлігійным жыцці, бо не дазваляем, каб Святы Дух адкрываў нас праз веру ў Езуса Хрыста.

Найчасцей робім мы гэта не са злой волі, але з несвядомасці, бо проста не ведаем, як трэба. Таму вельмі важным заданнем Касцёла і кожнага з нас з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны аб збаўленні, якое Бог нам дае ў Хрысце. Называецца гэта евангелізацыяй: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога». Для нас евангелізацыя — гэта сведчанне веры. Гэта жыццё, згоднае з тым, у што я веру і што вызнаю.

Дарагія браты і сёстры! Гэта найважнейшае ў жыцці практыкаванне веры на кожны дзень. Ад веры нельга быць у водпуску ці на канікулах. Верыць — нашае заданне на 24 гадзіны ў суткі. Калі жывём вераю, то маем адначасова надзею і любоў.

Мае дарагія! Бог нас любіць. Ён стварыў нас з любові, каб і мы навучыліся любіць, як Ён палюбіў нас і таму даў нам свайго Сына, і спаслаў Святога Духа. Бог пасылае на нашым шляху людзей, якія патрабуюць адкрытасці нашага сэрца і нашай любові. А цяжкасці, перажыванні і балючы досвед, які нас можа сустрэць, або ўжо сустрэў, дадзены для таго, каб нашае сэрца было ўзорам Сэрца Езуса.

Узровень нашага духоўнага жыцця ў большай меры залежыць ад таго, наколькі мы адкрыем, кім з’яўляецца Бог для нас. Вачыма сэрца трэба ўбачыць Усемагутнага Бога і ўсвядоміць сабе, што Ён схіляецца перад кожным з нас як любячы Айцец і праз свайго Сына запрашае нас да сяброўскай прыязні, да любові.

Пан Бог ніколі не перастае любіць чалавека. Любіць нас такімі, якімі мы з’яўляемся. А сапраўдная любоў заўсёды звязана з цяперашняй хвілінай, а мінулае і будучыня як бы не існуюць. Ёсць толькі зараз. І таму той, хто не спазняецца з любоўю, хто ўмее любіць зараз, дакранаецца Найсвяцейшай Тройцы і вечнасці. Амэн.

Адноўлена 08.06.2017 17:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.