Гамілія на VІ Велікодную нядзелю, Год А (21 мая) | Друк |
Нядзельнае казанне
19.05.2017 14:10

Чытанні >>>

«Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, — і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да Яго».

Дарагія браты і сёстры!

Кожнаму з нас знаёмае пачуццё радасці. Звычайна яно ўзнікае ў нас, калі ўдаецца штосьці паспяхова зрабіць, калі мы набываем сабе нешта доўгачаканае. Таксама радасцю для нас можа быць добрае самапачуццё, радасць — калі мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху зычлівых людзей, здольных суперажываць нам, быць з намі. Можна пералічваць і пералічваць сітуацыі, калі ўзнікае гэтае цудоўнае пачуццё — радасць.

Аднак часам мы адчуваем, што ў нашай радасці чагосьці не хапае для поўнага шчасця. Нейкай унутранай гармоніі. Мы адчуваем радасць, але нам чамусьці вельмі цяжка перажываць яе ўсёй сваёй асобай. Канешне, кожны з нас можа перажываць яе з лёгкасцю і павярхоўна. Такая нядоўгая радасць можа прыходзіць пасля жартаў, у вясёлай кампаніі і гэтак далей.

Аднак падобнае пачуццё не з’яўляецца поўнай радасцю, і кожны з нас у глыбіні сваёй душы гэта адчувае і разумее. Бо ў глыбіні нашага сэрца плён ад такой радасці нябачны. Сэрца надалей неспакойнае, няма пэўнасці, аптымізму і надзеі. Падобная радасць абмяжоўваецца толькі ўсмешкай на твары. А пасля гэтай усмешкі можа прыйсці нават неспакой ці трывога.

У кожнай сітуацыі гэта выглядае па-рознаму, але крыніцай неспакою ці трывогі заўсёды з’яўляецца грэх. Чалавечае сумленне само па сабе вельмі ўражлівае, і таму яго нельга ў адзін момант узяць і знячуліць. Калі чалавек нават і прызвычайваецца да граху, раней ці пазней у яго сумленні спрацуе сігнал неспакою. Грэх звычайна хавае нашую трывогу вельмі далёка ад сумлення. Аднак, як не хавай, сумленне і так гэтую трывогу знойдзе. Гэта справа часу.

У такія хвіліны я адчуваю: штосьці са мною не так. Хоць звонку часта здаецца нібы ўсё ў парадку, але ўнутры сумленне напаўняецца нейкай трывогай, а яна ў сваю чаргу перашкаджае мне перажываць радасць па-сапраўднаму, усім сэрцам. Бо, мае дарагія, радасць — гэта не некалькі хвілінаў весялосці ці забавы, гэта трывалы стан чалавека: перад самім сабою, перад сваім жыццём, перад іншымі людзьмі.

Умілаваныя ў Хрысце! Езус хоча для кожнага з нас менавіта трывалай і поўнай радасці. Ён ведае, што нельга дасягнуць яе ўласнымі сіламі, бо такая радасць з’яўляецца дарам. Дарам, які прыходзіць да чалавека звонку. Адкуль у такім выпадку бярэ пачатак гэтая радасць? Адказ адназначны: з любові. Толькі той, хто ўмее любіць, здольны адчуць сапраўдную радасць, якая знаходзіцца глыбока ў яго сэрцы. А без любові, мае дарагія, няма сапраўднай радасці. «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму», — кажа Езус. А радасць, між іншым, з’яўляецца плёнам гэтай любові. Вось адкуль бярэ свой пачатак крыніца сапраўднай радасці.

Толькі ці можна прымусіць чалавека выконваць запаведзі дзеля любові? Безумоўна, не. Бо любоў патрабуе свабоды выбару, якая нараджаецца з нашай свабоднай беспрымусовай волі. Езус не прымушае нас выконваць Яго запаведзі, Ён запрашае нас, прапануе нам дар сваёй любові: «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас…»

Любоў не існуе сама па сабе. Яна павінна спачатку нарадзіцца ў сэрцы чалавека, прыйсці як дар, які мы хочам прыняць і на які здольныя адказаць сваёй любоўю. Калі бацькі не аказваюць свайму дзіцяці любові, выражанай у знешніх знаках, — пацалунках, пяшчотах, чулых словах, цярплівасці, прабачэнні, то дзіцяці цяжка навучыцца любіць, яму цяжка будзе прыняць сябе. У складаныя хвіліны свайго жыцця гэтае дзіця будзе перажываць пачуццё боязі, трывогі, самоты, непатрэбнасці.

Праз сваю запаведзь Хрыстус хоча зрабіць нас больш уражлівымі на дар Божай любові, на жыццё, якое з яе вынікае. Гэта Бог першы нас палюбіў, гэта Ён нас выбраў. Толькі Ён першы і галоўны ініцыятар. Нам не трэба заслугоўваць Божую любоў — мы ўжо яе маем. Чыны нам патрэбныя, каб прыняць яе з Божых рук. Гэтая любоў сапраўдная і поўная, яна здольная даць нам дасканалае пачуццё бяспекі і сапраўдную радасць. А доказ гэтай любові пераканаўча праявіўся ў Езусе Хрысце. «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Таму крыж Езуса Хрыста — гэта неаспрэчны доказ Яго любові да кожнага з нас.

Дарагія браты і сёстры! Вось сапраўдная нагода для радасці: Бог любіць мяне такім, якім я ёсць. Мне ўжо не трэба нічога баяцца, не трэба празмерна клапаціцца і непакоіцца. Бог мяне любіць нягледзячы ні на што. Мой грэх, які б ён ні быў, ніколі не здольны пашкодзіць гэтай любові, гэтаму сяброўству Бога са мною. Важна, каб я ўсвядоміў сабе гэтую праўду і дазволіў Богу ўвайсці ў маё сэрца. Адказаць на Яго запрашэнне «так!» Ці будзем мы свядома і дабравольна крыўдзіць Бога, калі самі любім Яго і ведаем, што Ён нас любіць? Калі мы любім па-сапраўднаму, то не будзем. Бо нават у людскіх адносінах нам цяжка засмуціць дарагога нам чалавека. Калі мы гэта зразумеем, то адкрыем, чым для кожнага з нас з’яўляецца праўдзівая і поўная радасць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 25.05.2017 14:46
 
© 2003-2024 Catholic.by