Гамілія на ІV Велікодную нядзелю, Год А (7 мая) | Друк |
Нядзельнае казанне
04.05.2017 16:15

Я — добры пастыр, — кажа Пан, — і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне».

Дарагія браты і сёстры! Чацвёртая Велікодная нядзеля ў літургічным годзе мае назву Нядзелі Добрага Пастыра. І мэтай гэтай нядзелі з’яўляецца тое, каб мы ўсвядомілі, кім для нас з’яўляецца Езус Хрыстус і якое месца Ён займае ў жыцці кожнага з нас.

Гэта найлепш ілюструе вобраз пастыра, пра які мы сёння чулі ў Евангеллі. «Я —добры пастыр — кажа Езус». Магчыма сёння мы не так разумеем, што значыць быць пастырам у даслоўным сэнсе, прынамсі, разумеем не так, як калісьці, бо у нашай культуры гэтую прафесію рэдка можам сустрэць. Але варта задумацца, які глыбокі змест закладзены ў гэтым вобразе.

Дарагія, як ведаем, усё пазнаецца праз параўнанне, таму значна лепш можам зразумець вобраз добрага пастыра, калі створым пэўны кантраст і параўнаем добрага пастыра са злым — наймітам. Такі пастыр-найміт працуе толькі дзеля грошай. Авечкі яго моцна не цікавяць, галоўнае — магчымасць хутчэй выканаць працу і атрымаць за яе ганарар.

Вось што самае галоўнае для найміта. Таму такі пастыр не будзе клапаціцца пра авечак, не стане іх абараняць у сітуацыі пагрозы ці небяспекі, але хутчэй за ўсё кінецца наўцёкі, каб ратаваць сябе. Бо на сваю працу ён не з любові наймаўся, але дзеля выгады.

І ў выпадку нейкай небяспекі авечкі застаюцца адны, без абароны і клопату. Найміты бываюць вельмі кемлівыя, нескрупулёзныя. Яны могуць шмат чаго абяцаць, каб толькі атрымаць уплыў і ўладу. Толькі ў іх выпадку гэтая ўлада існуе дзеля самой улады або дзеля асабістай карысці. Таму ў выпадку найміта адкрываецца вялікае поле для крывадушніцтва, маніпуляцыі, хлусні, зняволення і г. д. Гэта плёны дзейнасці найміта, а не добрага пастыра.

Прыкладаў такога роду найміцтва жыццё і гісторыя паказваюць шмат. Неабавязкова ўзгадваць нейкія вялікія здрады, махінацыі ці генацыд, што мела месца ў гісторыі. Але быць наймітам — гэта не столькі рабіць шкоду ці яўнае зло, колькі занядбоўваць добрыя справы, свае абавязкі. Таму найміцтва ў сферы веры таксама актуальнае і датычыць кожнага, паколькі кожны мае абавязкі веры. Навошта так старацца і цярпець — сказаў бы той, каму «авечкі не належаць». Гэтаксама скажа і той, хто не паважае і не любіць людзей, хто з імі проста не лічыцца, хто павінен для іх працаваць, але працуе дзеля чагосьці іншага….

Таму, дарагія браты і сёстры, адной з умоваў, якая стварае добрую глебу для службы іншым, з’яўляецца «прыналежнасць», сувязь з людзьмі, якія давяраюцца маёй апецы і клопату. Вельмі яскрава гэта бачна ў сям’і: бацькі, якія любяць сваіх дзяцей, з’яўляюцца найлепшымі пастырамі. Часам у школе ёсць падобныя настаўнікі, якія выхоўваюць і навучаюць ад сэрца. Прыклад гэтага ёсць і ў розных парафіях. Вельмі выдатна бачна збоку: які святар сапраўды любіць сваіх вернікаў, а які толькі працуе для іх.

Калі так, то варта ствараць такія ўмовы, якія спрыяюць будаванню і ўмацаванню паслугі з любові, адносінаў, якія спрыяюць еднасці і паразуменню. Добры пастыр павінен ведаць сваіх авечак, іх патрэбы, магчымасці, іх праблемы. Ён павінен таксама адчуваць любоў і давер сваіх авечак, павінен ведаць, што і ён ім патрэбны, а яны патрабуюць яго і яго паслугі. Калі чалавек не адчувае сябе патрэбным і любячым, яму цяжка знайсці ў сабе іскарку энтузіязму і руплівасці.

Дарагія! Нам можа здавацца, што сапраўдны пастыр працуе незалежна ад таго, патрэбен ён авечкам, ці не, што сапраўдная паслуга не павінна мець ні кроплі асабістай прывязанасці. Канешне, калі глядзець толькі тэарэтычна, то так. Але менавіта тут праходзіць тая ледзь заўважальная мяжа паміж пастырам і наймітам.

Найміту хопіць вызначанага спісу абавязкаў, свайго роду парадку дня, дзе канкрэтна вызначана гадзіна і тое, што трэба ў гэты час зрабіць. Не больш і не менш. Але добраму пастыру гэтага недпстаткова: ён сам цікавіцца, што можа зрабіць і што зрабіць павінен. А гэтага ніякі рэгулятар, ніякі спіс акрэсліць не здольны, бо гэта справа любові. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 04.05.2017 16:17
 
© 2003-2024 Catholic.by