Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія на Пальмовую нядзелю або Нядзелю Мукі Пана, Год А (9 красавіка)
Нядзельнае казанне
07.04.2017 14:13

Чытанні >>>

«Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана! Спакой у небе і хвала на вышынях!»

Дарагія браты і сёстры!

Няшмат засталося часу, які аддзяляе нас ад велікодных святаў. Літургія Пальмовай нядзелі запрашае нас разам з Хрыстом распачаць Вялікі тыдзень, які ўводзіць нас у таямніцу Яго мукі і смерці. Езус хоча, каб мы духоўным шляхам крочылі за Ім, не толькі з пальмамі, але і з крыжам. Урачысты ўваход у Ерузалем — гэта пачатак той місіі, якую Езус распачаў з любові, каб да канца выканаць таямніцу нашага збаўлення.

Дарагія! Звярніце ўвагу на атмасферу трыумфу і захаплення, якая пануе ў сённяшнім урыўку з Евангелля, дзе так прыгожа ўсклікае натоўп: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!» Большасць з натоўпу лічыць Езуса прарокам, цудатворцам, настаўнікам, незвычайным чалавекам. Магчыма, некаторыя людзі былі сведкамі многіх цудаў Езуса, а некаторыя нават непасрэдна на сабе зведалі Яго аздараўляльную моц.

Больш таго Езус з захапленнем слухаў вялікі натоўп людзей. Канешне, былі і такія, асабліва сярод юдэяў, якія, мала што разумеючы, спрачаліся з Ім, бо не ведалі ні Пісання, ні Яго моцы, а значыць не спазналі ні Айца, ні Сына.

І вось Ён Хрыстус, дае імя яшчэ адзін знак адносна сябе: Ён урачыста ўваходзіць у Ерузалем. Настаўнік з Назарэта дае намёк на сваю каралеўскую і месіянскую годнасць, каб народ, які з большага ведае Пісанне, прыгадаў словы прарока: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай».

Аднак не ўсё было так проста і ясна. Паўсюднае хваляванне, якое ахапіла натоўп, не дазволіла, каб у Езусе людзі маглі ўбачыць кагосьці большага за прарока. Яны толькі бачылі ў Ім таго, хто можа заспакоіць іх зямныя патрэбы, а вось глыбей зазірнуць і спазнаць праўду аб Месіі яны не змаглі. Так, як калісьці ў часы Старога Запавету, ізраэльскі народ адмовіўся ад поўнага падпарадкавання свайго грамадства Богу і захацеў для сябе караля зямнога, накшталт такога, якія былі ў суседніх краінах, так і зараз адбылося штосьці падобнае.

У гэты ўрачысты момант натоўп бачыць у Езусе выключна зямнога караля, які не толькі можа іх накарміць хлебам і рыбай удосталь, але які мае магчымасць зрабіць Ізраэль магутнай непераможнай дзяржавай. Яны бачаць у Ім перадусім таго, хто мае моц ачысціць іх краіну ад уплываў Цэзара. У любым выпадку народ думаў тыпова зямнымі катэгорыямі, а магчыма і наогул не думаў, толькі слепа кіраваўся масавым інстынктам, у якім пераважалі эмоцыі трыумфу і захаплення.

«І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда!»

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Калі зірнуць на гэта выключна па-чалавечы, то многія з нас хацелі б апынуцца на месцы Езуса ў тую хвіліну. Але паглядзіце, што адбылося пазней. Аб гэтым распавядае апошняе чытанне — чытанне Мукі Пана. А вось у гэты момант, ці хацелі б мы апынуцца на месцы Езуса?

Дарагія! Куды знік той натоўп, які некалькі дзён таму ўсхваляў Сына Давіда, кладучы перад Ім свае тунікі, плашчы ды пальмавыя галінкі? Як жа хутка змянілася меркаванне гэтага народу ды так радыкальна — з каралеўскага трону на трон крыжа. Тыя, хто праслаўляў, і, кажучы на сучаснай мове, быў фанатам ператварыліся ў абвінаваўцаў? Чаму народ змяніў вокліч «Гасанна Сыну Давіда» на бязлітасны крык «укрыжуй Яго!»

Як важна, мае дарагія, стаць у праўдзе, маючы сваё асабістае меркаванне і незалежна ад абставін быць верным гэтаму меркаванню. На гэта здольны толькі чалавек веры. А менавіта гэтаму і хоча нас навучыць сёння Хрыстус. Каб мы, якія верым у Яго, не цураліся хрысціянскага стылю жыцця, не саромеліся жыць паводле спазнанай праўды Евангелля, але мужна і з адвагаю перамагалі свет, які вельмі часта нагадвае той натоўп, які калісьці асудзіў Хрыста на смерць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 07.04.2017 14:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.