Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія на Звеставанне Пана, Год А (26 сакавіка)
Нядзельнае казанне
24.03.2017 17:19

«Я — святло свету, — кажа Пан, — хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця».

Дарагія браты і сёстры!

Як жа цяжка быць сляпым. Бачыць вакол сябе толькі цемру. Здароваму чалавеку цяжка гэта сабе ўявіць. Мы не можам да канца адчуць усю трагедыю і абмежаванне, звязанае з адсутнасцю зроку.

Таму слепата без сумніву вельмі цяжкі стан чалавека. Такі чалавек не толькі нічога не бачыць, але самастойна, так як здаровы відушчы чалавек, не можа развівацца ў грамадстве. Ён патрабуе асаблівай апекі і дапамогі. І ягонымі вачыма становяцца іншыя людзі, якія яму дапамагаюць, раздзяляючы з ім цяжар яго нядолі.

У тагачасным грамадстве часцей за ўсё такія людзі былі жабракамі, таксама як і сляпы з сённяшняга Евангелля. Ён быў сляпым ад нараджэня, аднак у яго сэрцы цеплілася надзея на аздараўленне.

Я мяркую, гэта былі не толькі мары бачыць свет вачыма, але і праз дотык. Магчыма ён ужо некалі чуў пра Езуса з Назарэта, аб якім сярод людзей пранеслася слава цудатворцы. І гэта яму давала нейкую надзею: той сляпы ў сэрцы паверыў, што Езус здольны яго аздаравіць. Гэты пакалечаны лёсам чалавек інтуітыўна разумеў, што ніякі ўрач на зямлі не здольны дапамагчы яму быць відушчым, толькі ўмяшальніцтва Божай сілы можа выправіць ягоны зрок.

І вось той спрыяльны момант: Езус, праходзячы побач, убачыў гэтага сляпога чалавека, убачыў не толькі яго, але моцную веру і жаданне аздараўлення і таму без лішніх дыскусій Езус, зрабіўшы бруд са сліны і дакрануўшыся ёю да вачэй сляпога, сказаў яму, каб той пайшоў ды абмыўся ў сілаамскай купальні.

Дарагія, паглядзіце! Гэты сляпы чалавек не сказаў Езусу ані слова, кшталту «а ці гэта мне сапраўды дапаможа, або ці ты можаш мяне аздаравіць», але адразу бездакорна пайшоў выконваць загад Езуса, не кажучы ні слова. Канешне, з аднаго боку ў таго чалавека не было вялікага выбару, але калі паглядзім на той факт, што Езус не пытаўся ў яго, ці той хоча бачыць, але адразу распачаў працэс аздараўлення гэтага чалавека.

А гэта значыць, што Езус убачыў яго веру і вялікае жаданне дазволіць Богу увайсці ў яго жыццё. Таму гэты сляпы чалавек становіцца знакам, праз які выяўляюцца Божыя справы. Калі вучні спыталі Езуса пра тога сляпога чалавека і хто вінаваты ў яго слепаце, Езус адказаў, што ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя.

І вось той чалавек, які быў сляпы ад нараджэння, абмыўшыся ў купальні, атрымоўвае аздараўленне: ён упершыню у сваім жыцці пачынае бачыць. Такое аздараўлене не магло быць не заўважаным і таму гэтага чалавека прыводзяць да фарысеяў, каб тыя вытлумачылі, што канкрэтна здарылася, адкуль гэты чалавек зараз мае зрок. І той пачынае расказваць фарысеям, якім чынам яго аздаравіў Настаўнік з Назарэта: «Бруд паклаў мне на вочы, я абмыўся — і бачу».

Магчыма, фарысеі меркавалі, што гэта павінен быць нейкі даўжэйшы працэс, а тут аказалася ўсё так проста. Адзінае, што для іх заставалася складаным да разумення, гэта тое, як Езусу ўдалося аздараўленне, бо звычайнаму чалавеку зрабіць гэта не пад сілу. А тое, што цуд аздараўлення адбыўся ў шабат, стала асаблівай цяжкасцю, бо меркаванні фарысеяў адносна Езуса падзяліліся: адныя казалі, што не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату, іншыя, бачачы аздароўленага казалі, як можа грэшны чалавек рабіць такія цуды.
 
Калі фарысеі між сабою не маглі прыйсці да згоды, яны запыталі самога аздароўленага, кім ён лічыць Езуса. Атрымалі нечаканы адказ, які іх вельмі пасароміў: гэта прарок. Яны — вялікія настаўнікі, арганізатары рэлігійнага жыцця не могуць знайсці адназначнага адказу, а тут нейкі просты чалавек адразу без разваг канкрэтна выказваецца пра Езуса, пры гэтым ставячы фарысяеяў у вельмі нязручны стан, што і выклікала адпаведную рэакцыю з іх боку: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» Тут гучыць голас параненых амбіцый.

Аднак, гэта яшчэ не фінал сённяшняй евангельскай сцэны. Езус жадае, каб гэты аздароўлены чалавек, маючы фізічны зрок, меў яшчэ зрок і духоўны. Каб яго вера была поўнай, Езус запытаў ў яго, ці верыць ён у Сына Чалавечага. Той, каб удакладніць аб’ект сваёй веры, задаў сустрэчнае пытанне: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?»

Дарагія браты і сёстры, звярніце ўвагу, што вера гэтага чалавека не сляпая, ён імкнецца ўбачыць і зрабіць нейкія разумовыя вынікі, каб даць адказ — верыць ён ці не. Той аздароўлены чалавек хоча даведацца, кім з'яўляецца Сын Чалавечы, каб у Яго паверыць. І, распазнаўшы ў Езусе свайго ратаўніка і аздаравіцеля, пераканаўшыся ў тым, што Езус — гэта Хтосьці большы, чым толькі прарок, сваімі вуснамі вызнаў Бога: «Веру, Пане» — і пакланіўся Яму.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Кожны грэх прытупляе наш духоўны зрок, а мы лёгка прывыкаем да гэтага стану. Бывае, што нам нічога не хочацца мяняць, добра як ёсць. Але дзесьці ў глыбіні нас існуе прагненне штосьці змяніць да лепшага, каб адчуць прыгажосць жыцця. І ў гэтым мы вельмі падобныя да сляпога чалавека з сённяшняга Евангелля.

Магчыма, у нас ёсць прагненні стаць лепшымі, але няма сілы або наша воля недастаткова рашучая і не заўсёды мы з’яўляемся непасрэдна прычынай сваёй духоўнай слепаты. Магчыма, Бог хоча, каб і праз нас выявіліся Ягоныя справы.
 
Дарагія! Сённяшняе Божае слова дапамагае нам усвядоміць, што Езус нас жадае аздаравіць, нягледзячы на нашую слабую волю і пасіўнае чаканне жыццёвых перамен. А сілаамскай купальняй для нас з’яўляюцца канфесіяналы, у якіх, праз пасрэдніцтва святароў, Бог вяртае нам духоўны зрок і жадае, каб мы разам з сённяшнім аздароўленым вызналі веру ў Сына Чалавечага. Хто Ты, Пане, каб я паверыў у Цябе?.. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 24.03.2017 17:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.