Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія на ІІІ Нядзелю Вялікага посту, Год А (19 сакавіка)
Нядзельнае казанне
17.03.2017 12:19

Чытанні >>>

«Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыбе, як на пустыні ў дзень Массы».

Дарагія браты і сёстры!

Вельмі часта мы сутыкаемся з такімі чалавечымі паводзінамі, якія можна назваць нараканнем. Магчыма, мы і самі неаднойчы наракалі і наракаем. Па розных прычынах. Сённяшняе першае чытанне з кнігі Зыходу вядзе нас да высновы, што незадавальненне і нараканне ізраільцянаў, якіх Майсей вывеў з Егіпта, узнікла з-за недахопу вады. Але, калі прыгледзецца больш уважліва, то не столькі вада стала прычынай гэтага бунту, колькі недахоп пакоры. Сёння засяродзімся і паразважаем пра цноту пакоры.

У адной са шматлікіх гісторый пра егіпецкага пустэльніка Макарыя апавядаецца: «Аднойчы пустэльнік Макарый вяртаўся з балотаў у сваю келлю, несучы лісце, і спаткаў па дарозе сатану, які трымаў серп. Ён хацеў гэтым сярпом ударыць Макарыя, але як ні стараўся — не мог. Урэшце перастаў замахвацца і сказаў старцу: “Ты мяне моцна крыўдзіш, Макарый, а я ніяк не магу табе адпомсціць! Усё, што ты робіш, я таксама раблю. Ты посціш, а я ніколі не ем; ты адбываеш доўгія чуванні, а я наогул не сплю. Аднак ёсць адна рэч, у якой ты мяне пераўзыходзіш...” — “Якая?”, — запытаўся здзіўлены айцец Макарый. Сатана адказаў: “Твая пакора. З-за яе я не магу цябе перамагчы”».

Гэтай гісторыі прынамсі 15 стагоддзяў, і ў ёй вельмі выразна паказана веліч пакоры. Пакора — гэта пастава чалавека вялікага духам, які перамагае ўсялякае зло не сілай, але поўным адвагі ўнутраным спакоем. Мае дарагія! Пакора — гэта не комплекс прыніжэння, гэта не баязлівае займанне апошняга месца. Пакора — гэта перш за ўсё магчымасць атрымаць перамогу не праз знічшэнне ворага, а праз перамяненне яго ў сябра.

У тысячы разоў прыгажэйшай перамогай з’яўляецца перакананне ворага ў тым, каб у далейшым ён стаў маім саратнікам і змагаўся за найвышэйшыя вартасці, чым ягонае знішчэнне і мой у гэтым трыумф. Бо там, дзе ёсць знішчэнне, перамога толькі напалову. Поўная ж перамога будзе толькі тады, калі праціўнік становіцца сябрам.

Знішчэнне ворага — гэта толькі ўратаванне сябе. Перамена ворага ў сябра — гэта ўратаванне сябе і ўратаванне былога ворага. Толькі ў такім выпадку перамога можа быць поўнай. А такую перамогу здольная атрымаць толькі пакора. Яна нават будзе згодная на шэраг прайграных сітуацый: на цярпенне, прыніжэнне, каб толькі пераканаць ворагаў у тым, што яны памыляюцца, што іх учынкі неўласцівыя.

Вось паглядзіце! Бог спаслаў свайго Сына да грэшнага чалавецтва. Праз свае грахі людзі былі ворагамі Богу. Канешне, Бог мог знішчыць чалавецтва, бо яно заслугоўвала гэтага. Але паглядзіце, што зрабіў Бог. Ён даў чалавецтву свайго Сына — перамог, не знішчаючы ворагаў, а робячы іх сваімі сябрамі. Яго дасканалая пакора атрымала трыумф, поўную перамогу і перамяніла нас праз асвячальную ласку.

Вельмі важна, каб і мы развівалі пакору ў сваім жыцці. Бо, калі нам не хапае гэтай цноты, бярэ верх пыха і зайздрасць — самыя распаўсюджаныя грахі. І гэтыя грахі зацямняюць перад намі праўдзівае дабро, якое мы атрымоўваем па Божай волі. Пыха «ўзносіць» мяне і я пачынаю лічыць сябе вышэйшым і лепшым за іншых.

Калі ў мяне недастаткова пакоры, я з зайздрасцю гляджу ў агарод суседа, мяне грызе тое, што хтосьці лепш за мяне жыве, або ў кагосьці паспяхова складваецца жыццё, а ў мяне — не. Што ў маёй суседкі куры лепш нясуцца, а ў суседа даражэйшы аўтамабіль. У муках зайздрасці я проста чакаю, калі ў майго бліжняга, як у «Полі цудаў» з Якубовічам, выпадзе сектар банкрот.

Але, мае дарагія, калі я чалавек пакорны, то не буду ліхім вокам глядзець на суседа. У першую чаргу я буду глядзець на сваё жыццё, за якое мне не будзе сорамна рабіць справаздачу перад Богам. У маім сэрцы будзе спакой і радасць ад таго, што я маю, а не з таго, што хацеў бы мець. Сатана вельмі дакладна акрэсліў, у чым заключаецца сіла св. Макарыя і чаму ён не можа перамагчы гэтага пустэльніка. Злы дух сам па сабе здольны наследаваць шмат нашых цнотаў. Або, так скажам, добра іх пераймаць, але дзеля адной мэты: каб нашкодзіць чалавеку, падмануць яго, схіліць да граху.

Сатана можа быць адважным, у нейкай ступені нават справядлівым і памяркоўным. Карыстаючыся сваім розумам, ён можа быць удзячны і ўслужлівы. Але сатана не здольны быць пакорным. Недахоп жа пакоры робіць немагчымым для яго здабыванне мудрасці. Бо сапраўдная мудрасць заўсёды пакорная. І як вынік гэтага — злы дух не можа любіць. Толькі пакора стварае істотны змест мудрай любові, пакора ажыўляе любоў, робіць яе сапраўднай.

Святы Пётр вучыць першых хрысціянаў, як належыць паступаць перад абліччам няслушных абвінавачванняў і цярпенняў, што вельмі часта назіралася ў язычніцкім асяроддзі. У якасці дасканалага прыкладу Пётр паказваў пакорнага Езуса, які, калі Яму зласловілі — не адказваў тым жа, калі цярпеў — не сыпаў пагрозамі, але аддаўся да канца таму, хто судзіць справядліва. Іншымі словамі, Пётр заклікаў сваіх слухачоў, каб яны пайшлі шляхам, які паказвае ім сам Езус, які Ён сам выбраў і якім крочыў да канца.

Гэта Ён, Сын Бога, дабравольна згадзіўся на прыніжэнне, каб пераканаць нас, што існуе толькі адзін шлях, які вядзе да сапраўднага шчасця ў жыцці. На вачах шматлікага натоўпу Езус сам прайшоў гэтую дарогу, распачаўшы яе ў Аліўным садзе, потым прайшоўшы праз палац Анны, Каяфы, праз прэторыум Пілата і скончыўшы яе на Галгоце. А сваіх вучняў, асабліва евангелістаў, Езус натхніў да таго, каб яны як мага дакладней запісалі кожны Яго крок на гэтым шляху.

Святы Пётр сам спадарожнічаў Езусу аж да Каяфы. Там яму не хапіла пакоры і адвагі. І ў Вялікую пятніцу Пётр не вытрымаў на гэтым шляху. Прайшло шмат гадоў і Пётр зразумеў, што іншага выйсця няма, што трэба крочыць за Настаўнікам ажно да крыжа.

Калі святы Пётр пераглядаў сваё пасланне, якое збіраўся пакінуць хрысціянскай супольнасці, ён ужо ведаў, што раней ці пазней сам павінен прайсці той апошні адрэзак евангельскай дарогі, ад якой адмовіўся ў Вялікую пятніцу. Таму піша і нам з вамі: «Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім» (1 П 2, 21).

Умілаваныя! Пакора дазваляе нам не толькі перамагчы шматлікія цяжкасці і недахопы ў жыцці, накшталт тых, якія здарыліся з ізраільцянамі ў пустыні. Пакора дапамагае нам перамагчы саміх сябе. Яна дазваляе нам паверыць і прыняць дапамогу іншага, асабліва, калі гэтым іншым з’яўляецца асоба самога Бога. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 17.03.2017 12:23
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.