Гамілія на ІІ Нядзелю Вялікага посту, Год А (12 сакавіка) | Друк |
Нядзельнае казанне
10.03.2017 23:16

Дарагія браты і сёстры!

Тое, што Богу неабыякавы лёс чалавека, можна пераканацца ўжо на першых старонках Святога Пісання. Спачатку Стварыцель кліча чалавека з небыцця да існавання, перадае яму свой подых жыцця, укладвае ў чалавека свой вобраз і падабенства, ставіць галоўным і пануючым сярод усяго стварэння. І, нягледзячы на тое, што чалавек здзейсніў першародны грэх, усе гэтыя якасці надалей застаюцца ў яго натуры. Адзінае, чаго чалавек стаў пазбаўлены, што пачало яго адрозніваць пасля здзяйснення першароднага граху, - гэта яго паслабленая чалавечая натура, схільная да злога. Яна да грахоўнага ўпадку не была такой.

І вось паглядзіце, Бог у чарговы раз выходзіць да чалавека, заключаючы з ім запавет, даючы яму абяцанні, якія маюць на мэце дапамагчы чалавеку не згубіць усё тое, што ўклаў у яго натуру Бог. Імкненне да дабра, аднаўленне ў сабе Божага вобразу, які праз грэх дзесьці сціраецца, адносіны з міласэрнасцю да бліжніх — гэта ўсё Бог жадае аднавіць у паслабленай натуры чалавека, калі заключае з ім запавет.

А ў сваю чаргу запавет важны настолькі, наколькі два бакі, якія яго заключаюць, застаюцца верныя гэтаму запавету. Бог застаецца заўсёды верны сваім абяцанням, чалавек, на жаль, не. І калі гэтай вернасці з боку чалавека не хапала, запавет пераставаў быць актуальным і Бог заключаў з чалавекам наступны запавет.

Сёння мы становімся сведкамі такога запавету, аб якім апавядае першае чытанне з кнігі Быцця. Умовай, якую ставіць перад Абрамам Бог, з’яўляецца наступная: выйсці са сваёй роднай зямлі, з дому айца, у зямлю, якую пакажа Бог. Абяцаннем гэтага запавету будзе асаблівае Божае благаслаўленне, якім будуць благаслаўлены ўсе плямёны зямлі. І сапраўды, калі ўважліва прыгледзімся, Абрам атрымоўвае годныя абяцанні, якія сягаюць вельмі далёкіх месіянскіх гарызонтаў.

Вельмі важнай у гэтым Божым абяцанні стала вера Абрама. Бо дзякуючы ёй Абрам прыняў прапанову Бога, які пажадаў заключыць чарговы запавет, і праз гэтую веру аказаў Богу паслухмянасць. Больш за тое, праз веру як сам Абрам, так і яго патомства атрымалі шчодрае Божае благаслаўленне, якое памножылася ў будучыні, калі Бог заключае новы і вечны запавет з чалавекам. І таксама змяняецца імя: пасля заключэння запавету Бог называе яго не Абрам, але Абрагам.

І ў святле гэтага мы з вамі становімся сведкамі перамянення Хрыста на гары Табор, аб якім распавядае сённяшняе Евангелле. Нам добра вядомыя словы з паслання апостала Якуба: «Вера без учынкаў мёртвая». Сёння апостал Павел паказвае другі бок гэтай праўды, а менавіта тое, што Бог нас кліча да веры не дзякуючы нашым учынкам, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, якая аб'явілася ў Езусе Хрысце.

Іншымі словамі, ніхто з нас не здольны дзякуючы толькі ўласным намаганням і ўчынкам атрымаць збаўленне, але ласку збаўлення нам адкрыў Божы Сын, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем. Такая праўда: якім бы добрым чалавек ні быў, колькі б ні імкнуўся зрабіць дабра для іншых, сам заслужыць збаўленне, сам сябе збавіць ніколі не быў бы ў стане.

Ды і ў нашым жыцці здараецца столькі розных сітуацый і выпрабаванняў, што становіцца цяжка захаваць духоўную раўнавагу і дабрыню, як у дачыненні да сябе, так і да іншага чалавека. І менавіта таму, ведаючы, што ў будучыні прыйдзецца перажыць, Езус адкрывае перад сваімі вучнямі таямніцу сваёй боскасці, так што аблічча Ягонае заззяла як сонца і адзенне Ягонае стала белае, як святло.

Пётр, Якуб і Ян, убачыўшы перамененага Езуса, адразу імкнуцца пабудаваць шатры, сведчаць аб гэтым словы Пятра: «Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі». Напэўна, праз гэта яны імкнуліся прыняць актыўны ўдзел у гэтай незвычайнай падзеі.

Апосталы вучаць, што адказам на Божы заклік павінна стаць мая актыўнасць, якая вядзе да перамянення майго сэрца, маіх адносінаў і маіх далейшых учынкаў. Як апосталы не засталіся абыякавымі да перамененага Хрыста, так і я не павінен быць абыякавы да Хрыста, які перамяняецца ўва мне. Фіналам сцэны перамянення, у нейкім сэнсе пячаткай гэтай незвычайнай падзеі, становяцца словы Айца, які сведчыць пра свайго Сына ў прысутнасці яшчэ дзвюх асобаў – Майсея і Іллі: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце».

Умілаваныя! Літургія другой нядзелі Вялікага посту запрашае кожнага з нас далучыцца да апосталаў, каб стаць сведкам перамянення і адкрыць у сабе цноту паслухмянасці і вернасці Божым абяцанням, якія мы маем у Езусе Хрысце. Быць верным Езусу і Яго слухаць — нашае заданне. Гэта дапаможа нам у цяжкія хвіліны застацца верным вучнем Езуса, нягледзячы на ўсе нашыя слабасці і недасканаласці. Калі мы даверымся Божай ласцы, як вучыць гэтаму апостал Павел, і так, як Пётр, будзем імкнуцца рабіць шатры, гэта значыць не будзем абыякавымі, а наадварот, духоўна актыўнымі, то, напэўна, станем сведкамі перамянення Хрыстовага і ўласнага. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by