Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія на І Нядзелю Вялікага посту, Год А (5 сакавіка)
Нядзельнае казанне
03.03.2017 16:24

Дарагія браты і сёстры!

Вялікі пост, які ўжо распачаўся, адкрывае перад намі патрэбу навяртання. Чаму? Бо нават праз дробную нявернасць мы адыходзім ад Бога. Таму шчырае пакаянне, навяртанне і моцная вера — гэта тое, да чаго нас рыхтуе перыяд Вялікага посту.

У сённяшнім першым чытанні апавядаецца пра стварэнне чалавека, а таксама адкрываецца праўда пра грэх, які ўвайшоў у жыццё праз непаслухмянасць чалавека.

Гісторыя першых людзей, пра якіх апавядае кніга Быцця ў Старым Запавеце, паказвае не столькі тое, якім канкрэтна быў той першародны грэх, колькі ўказвае на яго сутнасць, якая выражаецца ў непаслухмянасці Божаму наказу. Бог перасцерагае чалавека: калі з’ясі плод з дрэва пазнання дабра і зла — памрэш. І настае момант выпрабавання чалавека ў раі.

Змей, якога Святое Пісанне называе найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, пачынае спакушаць чалавека, ставячы пад сумнеў аўтарытэт Бога: «Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі”»? Заўважце, што змей не пачаў рэкламаваць плады гэтага дрэва ад свайго імя, але адразу прымусіў чалавека засумнявацца ў Божых словах. І не столькі адносна дрэва пазнання дабра і зла — пад сумніў была пастаўлена асоба любячага Бога: «У дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце як Бог, які ведае дабро і зло».

Спакушальнік правакуе першых людзей засумнявацца ў тым, што Бог для іх жадае дабра. Навошта вам слухаць Бога, калі вы самі станеце як Ён, а можа і лепшымі нават? Змей перакруціў праўду, падаў яе так, каб чалавек паставіў пад сумнеў Божыя словы, а значыць перастаў давяраць Яму.

Чалавек вельмі добра ведаў праўду і Божы наказ, таксама давер да Бога быў у яго моцны. Пра гэта сведчыць станоўчасць у словах, калі чалавек дыскутуе са спакушальнікам. Спачатку ён упэўнены ў гэтай праўдзе: «Мы можам есці плады з дрэў сада. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці».

Аднак пасля далейшай размовы са змеем чалавек страчвае гэтую праўду, ён пачынае сумнявацца ў словах Божай перасцярогі. А вынік гэтага сумневу трагічны: чалавек здзяйсняе грэх. Ён паверыў словам хітрага змея: «І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў».

Мае дарагія! Гэты ўрывак са Старога Запавету адкрывае нам праўду як пра першародны грэх, так і пра слабую натуру чалавека, якая да гэтага граху схільная. Кожны з нас сутыкаўся, сутыкаецца і  будзе сутыкацца з рэчаіснасцю граху, са шматлікімі спакусамі, ад якіх цалкам ніхто з нас не пазбаўлены. Аднак, каб нам рашуча змагацца і — што няменш важна! — перамагаць спакусы, трэба спачатку прызнаць сам факт, што яны існуюць. Затым, калі мы выразна іх распазналі, нельга дыскутаваць з грахом. Наглядны прыклад гэтага — сённяшняе першае чытанне. Чалавек робіць вялікую памылку, ён пачынае весці дыскусію са спакушальнікам. А гэтага рабіць ні ў якім разе нельга.

У сённяшнім Евангеллі Езус выразна паказвае, як можна і трэба супраціўляцца розным дрэнным схільнасцям, спакусам і грахам. Пасля доўгага перыяду посту, які Езус правёў на пустыні, Яго выпрабоўвае злы дух. Паглядзіце, спакушальнік выкарыстоўвае той самы прынцып, якім спакусіў першых людзей, — пасеяць сумніў: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А ў выпадку Евы: «Ці сапраўды сказаў Бог: “не ешце з ніякага дрэва ў раі?”». Бачыце падабенства?

Злы дух, калі спакушае чалаека, стараецца, каб той засумняваўся ў праўдзе і ў аўтарытэце таго, хто гэтую праўду чалавеку даў, — у аўтарытэце Бога. Бо праз сумнеў чалавек пачынае траціць ўсялякі давер. А каб да гэтага не дайшло, трэба рашуча выбраць тую праўду, у якой я жыву і якой я верны. Так робіць Езус Хрыстус. Ён без кроплі сумневу, не ўступаючы ў дыскусію, канкрэтна адказвае: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых».

Здаецца, Езус выразна адказаў злому духу, але той не перастае спакушаць Яго, але зноў скіроўвае да Езуса тыя ж словы («Калі Ты Сын Божы...»), толькі трошкі ў іншым кантэксце: запрашае Езуса прадэманстраваць сваю Боскасць, кінуўшыся ўніз са святыні. Адказ Езуса адназначны: «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго». І нават на гэтым спакушэнні не скончыліся.

Спакушальнік вырашыў выпрабаваць Езуса ў апошні раз — спакусіць уладай. Спачатку паказаў Езусу ўсе валадарствы свету, іх магутнасць і славу, а потым прапанаваў аддаць усё гэта Яму, калі Езус упадзе і паклоніцца злому духу. Уявіце сабе такую прапанову: усе валадарствы, іх багацці, магутнасць і славу — толькі за нейкае там падзенне ніцма перад злым духам. І што кажа Езус? На гэтую прапанову злога духа Езус, без ваганняў, дае просты і ясны адказ: «Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць».

Вось, мае дарагія, той адзіны спосаб, каб перамагчы ўсялякія спакусы: адважна і канкрэтна іх адкідваць, не ўступаць з імі ў дыскусію, разважаючы і сумняваючыся ў той ці іншай праўдзе. А каб быць па-сапраўднаму моцным, толькі сваіх сілаў недастаткова. Мы таксама як і Езус павінны перажыць досвед пустыні, каб у час асабліва цяжкіх змаганняў маглі разам з Езусам даць адпор усялякаму граху і спакусам. Таму няхай час Вялікага посту дапаможа нам лепш спазнаць праўду Божага слова і верна пры гэтай праўдзе трываць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 03.03.2017 16:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.