Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на VIII Звычайную нядзелю, Год А (26 лютага)
Нядзельнае казанне
25.02.2017 01:19

"Няхай людзі лічаць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі таямніц Божых. А ў такім выпадку ад распарадчыкаў патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным".

Дарагія браты і сёстры!

Здараецца, калі пад націскам складаных жыццёвых выпрабаванняў чалавек пачынае губляць веру, яму здаецца, што Бог яго пакінуў, што ён застаўся сам-насам з праблемамі, якія яго ахапілі. Ці так гэта? Давайце паразваажаем над гэтым у святле сённяшняга Божага слова.

Ведаеце, падобныя пачуцці характэрныя для людзей усіх часоў і народаў. Штосьці падобнае адчувалі яўрэі ў вавілонскай няволі. Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі адлюстроўвае перажыванні і сумнівы тых палонных людзей: «Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне». Яны адчуваюць пакінутасць з боку Бога, быццам Ён забыў пра іх і іх лёс, іх цярпенні на чужыне ўжо Яго не кранаюць.

Адказ на гэты поўны роспачы голас раскрывае ўсю праўду аб вернасці Бога: «Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе». Гэтыя словы паказваюць, наколькі Бог неабыякавы да цярпенняў чалавека, наколькі Ён верны сваім абяцанням. Перашкаджае нам гэта адкрыць наш празмерны эгаізм, наша нездаровае самалюбства. Мы тады бачым толькі сябе і свае недахопы, а прысутнасці Бога ў нашым жыццёвым выпрабаванні мы чамусьці ўбачыць не можам або не хочам...

Бог не забывае пра чалавека. Наадварот, Ён прывязаны да чалавека больш, чым маці да свайго дзіцяці. Сведчаць аб гэтым вышэйузгаданыя словы, а тое, што Ерузалем быў зруйнаваны, а яго жыхары трапілі ў няволю, зусім не значыць, што Бог аб іх забыўся, што не  трымаў сваіх абяцанняў. Гора спаткала тагачасных людзей па прычыне іх нявернасці. Адыход ад Божага Закону стаў пакараннем для яўрэяў, якіх перасялілі ў Вавілон.

Аднак гэтае пакаранне стала для іх лекамі для навяртання, а тое, што здавалася пакінутасцю з боку Бога, стала дзеяннем Яго любові і ласкі. Бо ізраэльскі народ, які трапіў у няволю, перажыў там сапраўднае навяртанне: пераасэнсаванне сваёй тоеснасці, сваёй рэлігійнасці. І гэтае цярпенне паспрыяла таму, што народ стаў больш давяраць Богу, які на самой справе яго не пакінуў, але праз падобныя выпрабаванні ўмацаваў, кансалідаваў і аднавіў прагненне сапраўднага даверу. Ажывіў яго веру, якая раней была кволай, а можа, нават не зусім сапраўднай.

Мае дарагія! Бог нас ніколі не пакідае. Мы можам Яго пакінуць, Ён — не! Бог заўсёды верны сваім абяцанням. Аб гэтым сведчыць Яго любоў, аб'яўленая ў гісторыі збаўлення. Бог жывы і праўдзівы ўваходзіць у жыццё чалавека, прапануючы яму дэпазіт збаўлення. І ад чалавека Бог патрабуе таксама вернасці. Штосьці падобнае адбываецца ў сяброўстве. Вернасць - гэта тое, што па-сапраўднаму злучае сяброў. А калі вернасці між сябрамі няма, то сумніўнае такое сяброўства. Усё ўказвае на тое, што яно вельмі хутка скончыцца.

Гісторыя збаўлення паказвае, наколькі чалавек слабы і няверны ў сяброўстве з Богам. Колькі разоў чалавек ставіцца з недаверам або абыякавасцю да сяброўства з Богам. Дастаткова пачытаць Біблію, каб у гэтым пераканацца, а нават дастаткова прыгледзіцца да свайго ўласнага жыцця. Як я або ты, дарагі брат, дарагая сястра, бачыш сваё сяброўства з Богам?

Колькі разоў я, як некалі яўрэі, трапляў у палон нейкіх жыццёвых выпрабаванняў, а мае асабістыя пошукі выйсця не давалі мне ніякіх вынікаў, і гэта нараджала сумніў, можа, часамі роспач, у якой я, таксама як некалі ізраэльскі народ, усклікаў у сэрцы: «Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне!»

Сёння ў Евангеллі Езус вучыць нас давяраць Божаму Провіду, нягледзячы на жыццёвыя абставіны, і празмерна не клапаціцца аб заўтрашнім дні: «Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым».

У гэтым павучэнні Езус не запрашае нас да бесклапотнага жыцця, дзе нам будзе ўсё абыякава, да жыцця, пазбаўленага клопату і працы. Наадварот, кожны павінен клапаціцца пра сябе, але ў разважлівай меры. І гэты клопат ні ў якім разе не можа нас цалкам паглынуць, бо ў такім выпадку, згубіўшы залатую сярэдзіну, мы перастанем клапаціцца аб справах Божага Валадарства, а поўнасцю засяродзімся толькі на зямных справах. А гэта ў сваю чаргу ўплывае на тое, што істотна зменшыцца наш давер да Бога, які клапоціцца пра нас, які нам жадае дабра. Мы ўсё часцей і часцей пачнем сумнявацца ў Яго прысутнасці ў нашым жыцці, а такі стан рэчаў можа прывесці да таго, што нас ахопіць роспач па прычыне адсутнасці даверу да Бога.

Дарагія! Калі мы давяраем Богу, то нам не трэба празмерна клапаціцца пра сваю будучыню. Падкрэсліваю слова “празмерна”, бо пэўны клопат аб нашым жыцці ўсё ж такі павінен быць, але ў адпаведнай меры. Нам трэба шукаць залатую сярэдзіну паміж нашым асабістым клопатам пра саміх сябе і клопатам пра Божыя справы. Калі два гэтыя клопаты мы аб'яднаем разам і паміж імі атрымаецца гармонія і адзінства, то мы ў стане перамагчы любыя жыццёвыя выпрабаванні. Галоўнае ва ўсім гэтым - шчыры і моцны давер Богу. «Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.