Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Казанне на VII Звычайную нядзелю, Год А (19 лютага)
Нядзельнае казанне
16.02.2017 15:40

«Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны»

Дарагія браты і сёстры!

Гэтыя словы, якія мы пачулі ў Евангеллі, з'яўляюцца выразным заклікам Езуса Хрыста, звернутым да кожнага з нас. Таксама яны пераклікаюцца з сённяшнім фрагментам з кнігі Левіта: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш». Прапаную спыніцца над гэтымі словамі і крыху паразважаць.

Сёння Божае слова ставіць націск на любоў да бліжняга: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе». Таксама, не менш важным на шляху да гэтай любові з’яўляецца нашае пазбаўленне ад нянавісці і помсты, хоць бы нават па-чалавечы слушнай: «Не будзеш ненавідзець брата свайго... Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго».

Мае дарагія! Гэта важныя ўмовы, якія перад намі адкрываюць перспектыву Божай любові. Праз яе Бог кожнага з нас заклікае да святасці: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш».

Іншая справа — як нам гэты заклік да святасці ў сваім жыцці рэалізаваць. Мяркую, вы пагодзіцеся са мною, што вельмі важным з’яўляецца ўменне ад сэрца прабачаць. Бо, насамрэч, калі мы прыгледзімся, крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшай сітуацыі, чым той, каго крыўдзяць. Гучыць парадаксальна, але гэта праўда.

Нашыя пачуцці могуць абвінавачваць крыўдзіцеля, дамагацца расплаты над ім, слушнага асуджэння. Але! Калі нашае сэрца адкрые ў сабе дар прабачэння, то мы выразна ўбачым тое, што наш крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшым стане, чым мы. І тады мы не станем праклінаць таго вінаватага чалавека, але нават будзем прасіць Бога, каб Ён прабачыў яму гэтую несправядлівасць. Канешне, такое прабачэнне — плён дзеяння Святога Духа ў нашых сэрцах.

Прабачэнне робіць нас падобнымі да Езуса Хрыста, які аб'явіў Божую любоў не толькі словамі, але сваім стылем жыцця і нават смерцю. Зярніце ўвагу, якія былі апошнія словы Збавіцеля, калі Ён паміраў на крыжы? «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».

Сённяшні свет, у якім мы жывём, мае шмат розных праблем і хваробаў. Аднак, вельмі небяспечнай хваробай для сэрца чалавека з’яўляецца нянавісць і як вынік — каменнае сэрца, якому нецікавы боль іншага чалавека. У такое сэрца дар Божай любові амаль не можа пранікнуць. Таму што спачатку трэба вылечыць сэрца ад нянавісці, злосці і зайздрасці. Толькі так сэрца можа стаць зноў уражлівым і гатовым любіць.

Езус сёння нам дае вельмі важныя парады: «Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб...А Я вам кажу: Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую» . Па-іншаму не шукай помсты для таго, хто цябе пакрыўдзіў, бо гэта не вядзе да дасканаласці, а можа прывесці нават да нянавісці. Бо не такая ёсць воля Айца. Бог запрашае нас да святасці, а гэта значыць, што нам трэба кіравацца ў сваім жыцці іншымі катэгорыямі, якія істотна адрозніваюцца ад прынцыпу «вока за вока».

Езус прапануе нам сёння кіравацца іншымі ідэаламі — тымі, якія вядуць да любові. Вось што азначае быць святымі, беручы прыклад з самога Бога.
Улюбёныя браты і сёстры! Езус Хрыстус запрашае нас да любові, нават больш: да любові нашых ворагаў: «А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах».

Хрыстус сваім жыццём паказаў, што гэтую любоў, да якой нас кліча Бог, можа кожны з нас рэалізаваць. Галоўнае — гэта нашае жаданне і старанная праца.

Таму, даражэнькія, у першую чаргу кожнаму з нас трэба пазбавіцца ад зайздрасці, злосці, нянавісці і таму падобнага. Бо гэта хвароба нашага сэрца. А кожную хваробу трэба лячыць. А для паспяховага аздараўлення ёсць адзін сапраўдны лек, які здольны гэтую хваробу вылечыць і гэты лек — шчырае прабачэнне. Прабачэнне, якое дае нам Бог і якое мы ў стане даць іншаму чалавеку. І, калі мы пазбавімся зайздрасці, злосці, нянавісці, то нашае сэрца будзе адкрыта на Божую любоў. Наш розум будзе выразна бачыць усю бессэнсоўнасць нянавісці і ўсяго ёй падобнага, што было дагэтуль.

Улюбёныя! Нашая чалавечая натура накіраваная на тое, каб штосьці пазнаваць, чамусьці вучыца, кагосьці наследваць. Гэта сведчыць аб тым, што чалавеку па сутнасці ўласцівы працэс развіцця. Мы стараемся набываць для сябе тыя якасці, веды і каштоўнасці, якія лічым карыснымі і вартымі.

Значна лягчэй працаваць над сабою, калі мы бачым уласныя недахопы і ведаем, якім чынам можам іх выправіць. Значна лепш чалавек развіваецца і змяняецца, калі бачыць наглядны прыклад. Прыклад наследавання. Таму Хрыстовая любоў не з’яўляецца нейкай тэарэтычнай прыдумкай ці ідэалогіяй, гэта выразны заклік, на які нам трэба даць адказ, практычны адказ, які без сумніву паўплывае на далейшае нашае жыццё.

Мае дарагія, Бог жадае, каб мы наследвалі Яго ў міласэрнасці і прабачэнні, якое Ён аказвае кожнаму чалавеку. Менавіта ў гэтым кантэксце можам па-сапраўднаму зразумець пачутыя сёння словы Езуса: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 16.02.2017 15:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.