Гамілія на VI Звычайную нядзелю, Год А (12 лютага) | Друк |
Нядзельнае казанне
09.02.2017 18:01

“Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана”.
 
Дарагія браты і сёстры!
 
Сёння Езус звяртаецца да нашых сэрцаў, кажучы аб тым, як належыць выконваць Божыя запаведзі: «калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае».

Першае чытанне нядзельнай літургіі асаблівы націск ставіць на свабодным выбары волі чалавека адносна выканання Божых запаведзяў. Бог не прымушае, каб чалавек іх выконваў, але хоча для чалавека дабра: «Калі захочаш, захаваеш запаведзі і застанешся верным Яго ўпадабанню», а гэта мае на ўвазе быць верным адносна Божага Закону: «Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана», - як чуем у рэфрэне сённяшняга псальма. Бо «Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць».

Чалавек, калі пачынае карыстацца розумам, мае ў сабе пэўныя крытэрыі, такія, як дабро, справядлівасць, прыгажосць, праўда і г.д., і ў сваім жыцці імкнецца адпавядаць гэтым крытэрыям. Напрыклад, ён адчувае, калі робіць дабро, а калі зло.

Таксама ў кожнага, не толькі веруючага, ёсць голас сумлення, які сігналізуе аб парушэнні гармоніі, якая існуе ў чалавеку. Натуральна, калі чалавек здзяйсняе нейкі дрэнны ўчынак, то яго пачынае мучыць дакор сумлення, такі глыбокі ўнутраны непакой, які ўносіць дысгармонію і патрабуе пэўнай кампенсацыі, каб чалавек выправіў па магчымасці тое, што ён учыніў не так.

І ўрэшце, дзякуючы Божаму Аб'яўленню, ёсць трэці элемент, які рэгулюе ўчынкі, паводзіны, думкі і словы чалавека: гэта Дэкалог - дзесяць Божых запаведзяў. І асабліва на іх сёння Езус Хрыстус прапануе звярнуць увагу. Нас можа зацікавіць, чаму такія вострыя словы Хрыстус скіроўвае да фарысеяў і кніжнікаў: «Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў...»

Дарагія, гэта яшчэ не самыя горшыя словы, якія заслужыла гэтая яўрэйская эліта. На іншым месцы ў св. Мацвея наступнае: «Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі... Сляпыя правадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда...» Справа ў тым, што гэтыя ізраэльскія настаўнікі вельмі часта жылі зусім іншым жыццём, чым абвяшчалі ў сваіх навуках. Затое іншым было навучанне Езуса. Памятаеце, што многія дзівіліся, кажучы: што гэта за навука Езуса, якая карэнным чынам адрознівалася ад навукі фарысеяў. Чаму? Бо разам з навукай Езус сведчыў сваім жыццём, ды і ўсімі знакамі і цудамі, якія Настаўнік з Назарэта здзяйсняў паводле веры.

А ў выпадку фарысеяў і кніжнікаў Езус, бачачы іх сэрцы, здымаў з іх маску пабожнасці, пабожнасці, якая па сваёй сутнасці не была сапраўднай, але вельмі часта дапамагала схаваць, замаскіраваць жыццё, часам далёкае ад Бога. Вось і сёння Езус зноў папракае гэтых магутных аўтарытэтаў, робячы іх кропкай адліку: «калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». У гэтых словах выразна бачны сэнс навукі Езуса: не раскошныя цырымоніі і абрады, але любоў і справядлівасць, і вера, з якой гэтыя цноты вынікаюць, - вось якім павінна быць сэрца сапраўднай пабожнасці.

Гэта зусім не выключае існавання абрадаў, традыцый і формаў, праз якія выражаецца пабожнасць, але калі традыцыя пазбаўлена сэрца, то яе цяжка назваць жывой і сапраўднай. Вось перад чым нас перасцерагае Езус: «Гора вам, фарысеі і кніжнікі, крывадушнікі, таму што даеце дзесяціну з мяты, анісу і клемену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру!» І паколькі падобная фарысейская пабожнасць мае характар павярхоўнасці і дэкарацыі, Езус скажа: “Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах”.

Умілаваныя! Божае слова, у прыватнасці вострыя словы Езуса, якія мы пачулі ў Евангеллі, накіраваны не столькі на крытыку фарысеяў і кніжнікаў, бо яны ў большай ці меншай ступені самі сябе раскрытыкавалі, асабліва праз крывадушнасць. Езус хоча cкіраваць гэтыя словы да нашага сумлення, даючы нам слушны напамін. Першае - варта старацца выконваць усе Божыя запаведзі, бо яны для нас і нашага дабра. Другое - выконваць іх належыць, кіруючыся сэрцам, а не самой традыцыяй: г.зн. шчыра, цалкам і па-сапраўднаму.

Езус вучыць нас, як правільна ставіцца да запаведзяў: не толькі тэарэтычна, але тэорыя павінна быць падмацавана практыкай. Канешне, для выканання запаведзяў Збаўца ставіць вельмі высокую планку, але не для таго, каб мы апускалі рукі і адыходзілі, як багаты юнак, але каб мы гэтую планку заўважылі і, кіруючыся цярплівасцю, вернасцю і стараннасцю, раней ці пазней смела маглі яе ўзяць.

Розныя прыгожыя традыцыі дапамагаюць развіваць пабожнасць, але толькі ў тым выпадку, калі знаходзяцца на належным месцы, калі не супярэчаць Божаму праву, калі па сутнасці згодныя з навукай Касцёла. У іншым выпадку, калі традыцыя дзеля традыцыі, то яна становіцца асновай, у выніку якой можа згубіцца яе змест. Тады пабожнасць можа трансфармавацца ў рэлігійны фальклор, а мы, у сваю чаргу, можам спаткацца з той жа праблемай, якая існавала ў жыцці фарысеяў і называлася «ПАКАЗУШНАСЦЮ». Каб гэтага пазбегнуць, трэба кожнаму з нас прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса Хрыста, а прыслухаўшыся і ўзяўшы іх да сэрца, пастарацца гэтыя словы ажыццявіць.

Няхай сённяшняя нядзельная Эўхарыстыя і наш у ёй свядомы ўдзел паспрыяюць таму, каб мы ахвотна імкнуліся пазнаваць і выконваць Божае права ў сваім жыцці, кіруючыся міласэрнасцю, справядлівасцю і вернасцю. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 09.02.2017 18:05
 
© 2003-2024 Catholic.by