Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на V Звычайную нядзелю, Год А (5 лютага)
Нядзельнае казанне
03.02.2017 16:03

«Я святло свету, — кажа Пан, — хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця».

Дарагія браты і сёстры!    

Сённяшняе Евангелле правакуе нас паставіць шэраг пытанняў: якім павінен быць веруючы чалавек сёння ў сучасным свеце? Што значыць соль і святло, аб якіх, звяртаючыся да нас, кажа Хрыстус?

І соль, і святло выконваюць немалую ролю ў нашым жыцці. Соль надае смак ежы, дзякуючы ёй розныя стравы становяцца смачнымі. Святло робіць выразным наша зямное існаванне. Цяжка нават уявіць жыццё, калі б гэтага ўсяго не было. Нашая роля ў гэтым жыцці, як людзей веруючых, - мець у сабе гэтую соль, аб якой кажа сёння Хрыстус, соль, якая дае свой асаблівы смак гэтаму свету.

Свет змяняецца. Апошнім часам ён робіць гэта вельмі хутка і не зусім у лепшы бок. Мы, як людзі веруючыя, можам бачыць сёння  шмат плюсаў ад гэтых пераменаў, але і мінусы таксама ёсць. Толькі зараз гаворка не аб гэтым. Свет змяняўся і надалей будзе змяняцца, такое яго дынамічнае развіццё. Цудоўнае ў гэтым развіцці тое, што мы можам паўплываць на лепшыя перамены свету, асабліва калі пачнём перамену ад саміх сябе. Калі зразумеем, якой соллю нам трэба быць у гэтым свеце, якім святлом асвятляць сваё жыццё  і жыццё іншых людзей.

Таму ў нас нараджаецца пытанне: што рабіць, каб быць сапраўднай соллю і святлом у сучасным свеце? Мяркую, важным крокам у нашым жыцці будзе тое, што мы аб гэтым задумаемся і, як вынік, пачнём шукаць адказу. Тут важна не памыліцца адносна той крыніцы, з якой мы хочам гэты адказ зачарпнуць.

Асабіста я раней не разумеў, чаму Езус апосталам і вучням тлумачыў свае прыпавесці, а да шматлікага натоўпу кіраваў сваю навуку толькі і выключна ў форме прыпавесцяў. Мяне крыху бянтэжылі словы, якія былі зачэрпнуты з пэўнага прароцтва: «Каб вушамі слухалі і не разумелі, і не навярнуліся». Жорсткія словы. Але, з іншага боку, мала чуць гэтыя словы, якія прамаўляе Хрыстус. Імі трэба вучыцца жыць. Значыць, трэба быць вучнем Езуса Хрыста, каб спазнаць і прыняць Яго навуку. З безыменнага натоўпу зрабіць крок наперад, каб стаць канкрэтным вучнем Езуса Хрыста.

Вось гэта ўжо першыя крокі, каб зразумець значэнне солі і святла. Гэта я, веруючы хрысціянін, павінен надаваць смак маёй штодзённасці, а значыць, я магу яе перамяняць не цалкам, канешне, сваімі сіламі, але разам з Хрыстом, маім Настаўнікам. Разам з Ім мы можам не толькі перамяніць сваё жыццё, але і асвятліць шлях многіх, нават і тых, хто яшчэ, магчыма, у цемры.

Справа ў тым, што пра Хрыста можна шмат чуць, але так і не спаткаць Яго ў сваім жыцці. Дзіўна гэта, але як жа часта можна заўважыць пэўную розніцу паміж нашай верай, якую мы вызнаём, і стылем жыцця, якім жывём. Напэўна, гэта кожны з нас адчувае. Часам мне здаецца, што вера некаторых заканчваецца на парозе касцёла, калі з яго выходзяць. Ці такім павінен быць сапраўдны вучань Хрыста? Ніхто з нас не з'яўляецца дасканалым, раней ці пазней мы дапускаем памылкі. Але калі паглядзім на апосталаў і вучняў Езуса, іх жыццё таксама не было пазбаўлена выпрабаванняў і памылак, сумніваў і цяжкага досведу. Аднак свядомасць праўды, у якую яны вераць, якую вызнаюць і якой жывуць, дапамагала ім вытрываць у Божай любові, знаходзіць выхад нават з самых складаных жыццёвых сітуацый. Бо ў веры няма безвыходнасці, а хрысціянская надзея, па сутнасці, неўміручая.

Мае дарагія! Галоўнае - не баяцца. Сам Езус кажа - не бойцеся, Я перамог свет! Калі так, то і мы разам з Ім здольныя перамагчы гэты свет. А як гэта ўчыніць? Добрыя рэкамендацыі сёння дае першае чытанне з кнігі прарока Ісаі: «Дзяліся з галодным хлебам, пускай у дом бедных вандроўнікаў, ад роднага свайго не хавайся...» Іншымі словамі, будзь міласэрны, спагадны, справядлівы...

Гэта добрыя рэкамендацыі, якія некалі перафразуе Езус, кажучы: што зрабілі аднаму са сваіх бліжніх, тое ж і Мне зрабілі. Таму справы міласэрнасці не толькі дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў бядзе, хто патрабуе нашай дапамогі, але гэта ўзаемнае ўзбагачэнне: і таго, да каго звернуты нашы ўчынкі міласэрнасці, і нас, якія іх чынім. Наша сэрца, дарагія браты і сёстры, таксама ўзбагачаецца, становіцца больш чалавечным, міласэрным. І ў той час мы таксама спазнаём міласэрнасць самога Бога: «Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось Я!»

Дарагія! Быць соллю зямлі і святлом свету - справа нялёгкая, але ўсё магчыма для тых, хто верыць! Хоць не ўсё, канешне, залежыць ад нас, але, напэўна, многае. Хтосьці са святых казаў: «Рабі ў сваім жыцці так, як бы ўсё залежала толькі ад цябе, і давярай Богу так, як бы ад цябе наогул нічога не залежала». Гэта простая хрысціянская формула, практыкуючы якую ў сваім жыцці, мы ўжо не з'яўляемся безымянным натоўпам, да якога Езус прамаўляе толькі праз прыпавесці. Мы Яго вучні. І да нашых сэрцаў Езус сёння звяртаецца: Вы — соль зямлі. Вы — святло свету.

Будзьма ж у сучасным свеце і соллю, і святлом, каб іншыя, бачачы нашае жыццё, злучанае з вераю і нашымі добрымі ўчынкамі, праслаўлялі Айца, які ў нябёсах. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.