Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія на Імшу пастэрку (24 снежня)
Нядзельнае казанне
23.12.2016 19:36

“Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан”.      

Дарагія браты і сёстры!

У гэтую святую ноч Божага Нараджэння мы ў чарговы раз збіраемся разам з мільёнамі іншых людзей на зямлі, каб яшчэ раз падчас гэтай літургіі пачуць словы, якія некалі прагучалі ў прысутнасці яўрэйскіх пастухоў, якія вартавалі статак. Абвяшчаю вам вялікую радасць, – пачулі яны голас, – сёння нарадзіўся вам Збаўца!

Дарагія! Сёння адзначаем яшчэ адну пастэрку ў нашым жыцці. Па сваёй сутнасці яна такая ж, якой была ў мінулым годзе, але ўсё ж такі крыху іншая. Чаму такая ж? Бо тое ж самае Божае Дзіця, якому аддаём пашану; крыху іншая - бо іншыя мы, іншым з’яўляецца асяроддзе, якое мы ствараем зараз. Усё гэта робіць нашу сёлетнюю пастэрку асаблівай і непаўторнай. Сёння мы становімся сведкамі незвычайнай падзеі, аб якой так доўга марылі людзі.

Ва ўрачыстым перажыванні таямніцы Уцелаўлення нам спадарожнічае Божае слова. Менавіта яно стварае спрыяльную і велічную атмасферу сённяшняй урачыстасці, каб наблізіць да нашых сэрцаў яе асноўны змест. Давайце ж пастараемся засяродзіцца на Божым слове, якое здольнае нам дапамагчы лепш зразумець і ўспрыняць тыя радасныя падзеі, якія мы перажываем падчас гэтай святой Імшы.

Вернемся да словаў з кнігі прарока Ісаі, якія мы пачулі літаральна некалькі хвілін таму: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло...” Аб якім святле распавядае прарок? Напэўна, цемру тут можам асацыяваць з грахом, са смерцю. Чалавек, які трывае без Бога, народ, які жыве без Бога, ходзіць у цемры. А гэта значыць, не мае ў сабе жыцця. Аднак чаканне і надзея - гэта тое, што дапамагло людзям спаткаць святло сапраўднае, калі Божае Слова сталася целам і пасялілася між намі.  У гэты час у нашых сэрцах ззяе вялікае святло, аб якім кажа прарок. Нарэшце заззяла надзея нашага збаўлення.

Гэта Хрыстус, які ёсць нашым Збаўцам, Ён прыйшоў у гэты свет, поўны цемры граху, і сваім словам і дзеяннем змяніў яго, асвятліў. У гэтую ноч заззяла святло для ўсяго свету. Усіх людзей можна падзяліць на тых, якія трываюць у цемры, і тых, якія застаюцца ў святле. Божае Слова мае намер з’яднаць, пагадзіць і асвяціць усіх людзей на зямлі, але не можа гэтага здзейсніць у адно імгненне.

Людзі цемры - гэта людзі, якія не ведаюць, што такое дабро, а што зло, не ведаюць сваёй мэты і дарогі, якая вядзе да святла. Не ведаюць і не жадаюць ведаць. Таму яны жывуць у цемры граху і імкнуцца да вечнай цемры. Усё гэта таму, што яны не ведаюць праўдзівага Бога.

Іншымі з’яўляюцца людзі святла, ці як яшчэ кажа пра іх Езус: “Сыны святла”. Яны ведаюць сваю канчатковую мэту. Ведаюць і спазналі Бога. Ведаюць, што спатканне з Ім у малітве і святой Камуніі азначае асвячэнне. Таму нараджэнне Хрыста можна параўнаць да святла, бо той, хто не ведае Бога, ходзіць у цемры. Хрыстус сам пра сябе пазней скажа: “Я ёсць Святло свету. Хто ідзе за Мною, не будзе блукаць у цемры, але будзе мець святло жыцця”. Падзел гэты існуе і зараз, у наш час. Дастаткова толькі паглядзець вакол.

Колькі існуе ў свеце тэрору, забойстваў, абортаў, непаразуменняў, злосці і нянавісці паміж людзьмі. Добра перадаюць гэта словы Евангелля паводле Яна: ”Святло прыйшло на гэты свет, але людзі не прынялі яго, больш палюбіўшы цемру.”

Нічога дзіўнага няма ў тым, што ў нас з’яўляюцца пытанні. Чаму так сталася? Чаму людзі больш любяць цемру, чым Святло, якое прыйшло ў гэты свет? Адказам на гэта, напэўна, могуць быць словы Хрыста: “Кожны, хто грашыць, ненавідзіць святло і не набліжаецца да яго, а толькі трывае ў цемры, каб не былі асуджаны яго ўчынкі”.

Чалавек альбо ачышчаецца ад свайго бруду, альбо адкідае вучэнне Хрыста аб святле. Бо ачышчэнне  - гэта вельмі цяжкая і балючая справа. Таму шмат людзей да гэтай пары жыве ў цемры. Язычніцкі свет ёсць усюды, дзе не ззяе Святло, якое калісьці засвяціла ў Бэтлееме, у халоднай стайні. Гэтае Святло ёсць у Амерыцы, Еўропе, Беларусі, а перадусім ведаеце дзе? Так. У сэрцы кожнага з нас. У маім, у тваім сэрцы, дарагі брат, дарагая сястра. Калі мы яго падрыхтавалі або імкнемся падрыхтаваць для Бога, то гэтае святло зараз ззяе ў нашых сэрцах, і няма там месца для цемры.

Вельмі важна, каб святло Божага Нараджэння не засланялася падарункамі, справамі толькі знешнімі і матэрыяльнымі. Без сумніву, яны важныя, яны падтрымліваюць святочны настрой, але не могуць стаць на першае месца. Дазвольце ў гэтыя святы Божага Нараджэння галоўнае месца падрыхтаваць для Хрыста. Трэба, каб Ён быў у цэнтры нашага жыцця. Бо гэтыя знешнія ўпрыгажэнні могуць закрыць перад намі сапраўднае святло, якое гарэла ў нашых сем’ях, сярод нашых продкаў некалькі стагоддзяў таму.

Можа, гэта крыху горкія словы для сённяшняй урачыстасці... Але мы – слугі святла, якое з’явілася на свет у постаці чалавека, і абвяшчэнне Яго – сэнс нашага жыцця. Але калі станем у праўдзе перад Богам – ці не скажа Ён нам тое самае? Я быў сярод вас, але вы не падрыхтавалі для Мяне месца, не сустрэлі Мяне, не прынялі ў свой дом. Нашы дамы, кватэры могуць быць вельмі прыгожа дэкараванымі, па-майстэрску ўпрыгожаны ялінкамі, мігатлівымі гірляндамі, цацкамі... Але ці ёсць ва ўсім гэтым месца для нованароджанага Збаўцы?

Для нас, якія належым да катэгорыі людзей святла, гэтая ноч - ноч перамянення. Езус кожны дзень сярод нас, адзін раз нарадзіўся і застаўся з намі назаўсёды. Ён – нашае святло, зараз і тут прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ён Пераможца цемры.

Дарагія! Напаўняйце, напаўняйце гэтым Святлом, якое сёння нарадзілася, свае сэрцы, нясіце яго ў свет, у свае сем’і, гарады і вёскі, у сваё жыццё. Не бойцеся, бо, як кажа Хрыстус, – Я з вамі ажно да сканчэння свету. З Ім пераможам цемру, якая нас акружае, толькі з Ім. Святкуйце ў ззянні Святла! Вясёлых вам святаў, дарагія вернікі!

Няхай сённяшняя эўхарыстычная літургія дазволіць кожнаму з нас адчуць і перажыць нараджэнне  Хрыста ў сваім сэрцы, каб, выходзячы з гэтай святыні да сваіх сем’яў, кожны мог дзяліцца радасцю і святлом самога Бога, які з намі. Святлом, якое дазваляе глядзець хоць і ў нялёгкую будучыню, але галоўнае - з надзеяй. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.