Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія на ІV Нядзелю Адвэнту (18 снежня)
Нядзельнае казанне
16.12.2016 14:57

«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае "з намі Бог"».

Дарагія браты і сёстры!

Не так і шмат дзён аддзяляе нас ад Вігіліі Божага Нараджэння, калі мы збярэмся на супольнай эўхарыстычнай літургіі, каб разам цешыцца таямніцай збаўлення, якая адкрываецца ў Езусе Хрысце. Мы адчуем радасную атмасферу, калі ў коле родных і знаёмых будзем дзяліцца аплаткай, выказваючы пры гэтым віншаванні і найлепшыя пажаданні. Да гэтага моманту засталося зусім няшмат часу.

Аднак цяпер, пакуль мы яшчэ чакаем свята Божага Нараджэння, паразважаем над некаторымі пытаннямі. Як на нас паўплываў час сёлетняга Адвэнту? Ці змаглі мы адкрыць штосьці новае ў плане веры, тое, што нас набліжае да Бога і дапамагае нам лепш разабрацца ў сабе, а таксама лепш зразумець іншага чалавека? Ці былі мы гатовыя адказаць Богу «так!» на Яго заклік да навяртання, на словы, якія з’яўляюцца для нас добрай задумай і стымулам: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае!» Ці ўспрынялі мы гэты заклік, а калі ўспрынялі, то як? Як мы выкарысталі і выкарыстоўваем гэты час радаснага чакання прыйсця Збавіцеля? Ці ўсведамляем мы вялікую таямніцу, якая адбываецца ў гэты час?

Вось шэраг пытанняў, на якія карысна было б даць адказ. Не павярхоўны, а сапраўдны, свядомы адказ. Бо толькі так мы зможам лепш падрыхтавацца і перажыць святы Божага Нараджэння. Мы дачакаемся іх і будзем разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, св. Юзафам, з усім трыумфуючым Касцёлам раздзяляць гэтую радасць, сузіраючы вачыма свайго сэрца Езуса ў яслях, які здольны перамяніць не толькі логіку ўсяго свету, але перадусім канкрэтна мяне, кожнага з нас.

Гэты час, які аддзяляе нас ад Хрыстовага Нараджэння, з’яўляецца часам падрыхтоўкі і часам асаблівага Божага благаслаўлення. Словы, якія мы сёння чулі ў псальме, адкрываюць нам гэтую праўду: «Хто ўзыдзе на гару Пана, і хто стане на святым месцы Ягоным? Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, хто не схіляў душы да марнасці. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы».

Дарагія браты і сёстры! Гэтыя словы не толькі ўпрыгожваюць літургію слова, якую мы чуем падчас сённяшняй нядзельнай Эўхарыстыі. Яны выразна ўказваюць нам, не толькі як у часе Адвэнту рыхтавацца да прыйсця Збаўцы, але і даюць пэўны накірунак, праграму хрысціянскага жыцця для таго, каб мы імкнуліся ў ім шукаць і адкрываць Божую прысутнасць. Гэта вельмі важны аспект нашага хрысціянскага жыцця — адкрыць у ім Божую прысутнасць!

Калі мы прызнаём аўтарытэт Бога, ставячы Яго на перашае месца ў сваім жыцці, калі шануем Яго запаведзі і адчуваем у сэрцы, што Пану належыць зямля і свет, і што гэта Ён заснаваў і ўмацаваў яго, то мы ўсведамляем Яго асаблівую прысутнасць у нашым жыцці. Пра гэта кажа свет і ўсё наваколле, і нашая прысутнасць у гэтым свеце прамаўляе не менш. Не трэба быць вучоным чалавекам, каб у гэтым пераканацца.

Паспрабуем выкарыстаць кожную дробную нагоду, каб адчуць, што Бог з намі, што Ён Эммануэль, які асабіста ўваходзіць у жыццё кожнага, цалкам напаўняючы яго сабою. У час Адвэнту, які яшчэ трывае, мы можам праз шчырую малітву засяродзіцца на Езусе, які хутка народзіцца ў нашых сэрцах. А значыць мы маем час, каб яшчэ раз нагадаць сабе: у каго я веру. Кім для мяне з’яўляецца Бог?

Бо калі мы чакаем нараджэння Бога ў нас, у нашых сем’ях, то, несумненна, жадаем адкрыць, хто Ён для нас. І ў гэтым нам сёння дапамагае літургія слова, якая чарговы раз адкрывае праўду, кім для нас з’яўляецца Езус, які прыходзіць на свет. Святы апостал Павел падкрэслівае, што Бог, які прыходзіць, з’яўляецца Божым Сынам, патомкам Давіда, доўгачаканым Месіяй. Што прыходзячы Бог народзіцца з Панны Марыі, каб збавіць свой народ ад грахоў.

Дарагія браты і сёстры! Найбольшы доказ Божай любові знаходзіцца ў таямніцы Божага Нараджэння, якога мы ўсе чакаем і да якога рыхтуемся. Уявіце сабе, Бог забірае нашую непаслухмянасць, нявернасць і грэх, каб узамен даць нам прабачэнне, любоў і вечнае жыццё. Які незвычайны абмен! Ці належным чынам мы падрыхтаваныя, каб прыняць гэты Божы дар? Ці хочам мы яго прыняць?

Нашае жыццё тут, на зямлі, — гэта своеасаблівы Адвэнт, толькі расцягнуты, і ахоплівае звычайна больш часу, чым чатыры тыдні літургічнага перыяду. У кагосьці гэты «Адвэнт» даўжэйшы, у кагосьці ён карацейшы. Самае важнае — умець гэты час добра выкарыстаць і ніякім чынам яго не змарнаваць. А каб гэтая падрыхтоўка — чаканне і чуванне — у нас атрымаліся, трэба шмат вучыцца, трэба прыкласці нямала сіл і намаганняў. Але самае важнае — мець чыстае сэрца і добрую волю. Ведаю, гэта справа не з лёгкіх! Але гэта таго каштуе. Авалодаўшы майстэрствам у падрыхтоўцы да Божага Нараджэння, таксама і Адвэнт нашага жыцця атрымаецца выдатным. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 16.12.2016 14:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.