Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ІІІ Нядзелю Адвэнту (11 снежня)
Нядзельнае казанне
09.12.2016 15:23

“Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім”.


Дарагія браты і сёстры!

Хачу сёння разам з вамі засяродзіцца на асобе св. Яна Хрысціцеля, канешне, у кантэксце сённяшняй літургіі. У Евангеллі сам Езус звяртае сваю ўвагу на гэтага славутага чалавека: “Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля”.

Вось на гэтым месцы выразна бачым, наколькі сам Езус шануе Яна Хрысціцеля. Ён аб ім дае канкрэтнае сведчанне, абапіраючыся на словы прароцтва са Старога Запавету: “Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу”.

Гэтыя словы і сведчанні самога Збаўцы пацвярджаюць той факт, што ў гісторыі чалавецтва, у гісторыі збаўлення Бог заўсёды выбірае сабе людзей, якім вызначае асаблівае заданне. Адным з такіх Людзей з вялікай літары, без сумніву, з’яўляецца Ян Хрысціцель. Яму Бог дае асаблівае заданне. Ён з’яўляецца тым, хто непасрэдна рыхтуе народ да прыходу Месіі, Божага Сына. Таму Ян Хрысціцель быў з самага пачатку даволі незвычайнай асобай.

Аднак гэта зусім не азначала, што ён быў кімсьці незвычайным. Нават калі прыгадаць тыя моманты, калі ён быў яшчэ ва ўлонні св. Альжбеты, ці ад моманту яго нараджэння, калі здзяйсняліся дзіўныя рэчы і цуды. Не столькі гэтыя цуды сведчылі аб яго незвычайнасці, і нават не тое, што праз нейкі час ён вёў жыццё пустэльніка. Яго веліч заключалася хутчэй за ўсё ва ўсведамленні свайго пасланніцтва і задання, якое яму даручыў Бог, і на дасканалай вернасці гэтаму заданню. Вось у чым, можам сказаць, заключаецца веліч асобы Яна Хрысціцеля.

Феномен незвычайнасці яго асобы - гэта вернасць Божаму Слову, якому Ян Хрысціцель да канца служыў і за якое аддаў сваё жыццё. І нават не так важна, што ён звяртаў увагу вяльможаў і моцных гэтага свету, але тое, што, спаткаўшы Езуса, змог распазнаць у Ім Бога, Таго, хто, спасланы Айцом, прыходзіць у свет дзеля збаўлення чалавека. І, спазнаўшы Яго, змог падпарадкаваць Богу ўсё сваё жыццё.

Будучы ў вязніцы, як сёння чуем, Ян пасылае сваіх вучняў, каб пераканацца ў тым, што Езус – той адзіны Месія, аб якім сведчаць Пісанні, пра якога казалі прарокі, таму Ян пытаецца: “Ці Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?”

А, напрыклад, давайце ўзгадаем той момант, калі Езус падыходзіць да Яна Хрысціцеля і просіць яго аб хросце. Ян усведамляе веліч Езуса і нават не адразу ўдзяляе хрост, паколькі не лічыць сябе годным здзейсніць гэты абрад над Езусам, які не патрабуе хросту. Але чыніць гэта Ян у імя праўды.

Дарагія! Як жа сёння нам патрэбныя менавіта такія сведкі слова, сведкі на ўзор Яна Хрысціцеля: адважныя, бескампрамісныя і перадусім верныя. Якія выразна паказваюць нам сцежку Хрыста. Як жа нам патрэбныя такія людзі, якія не пашкадуюць нават свайго жыцця аддаць за Хрыста. Сучасны свет, асабліва сёння, патрабуе такіх сведкаў, бо апошнім часам гэты свет стаў бясплодным і сухім. Можа, таму асабліва цяпер, у час Адвэнту, нам трэба браць прыклад з Яна Хрысціцеля?

У гэты адвэнтавы час, час чування і падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, да кожнага з нас прамаўляе Бог падобнымі словамі: ты пойдзеш перада Мною, каб падрыхтаваць Мне дарогу ў сучасным свеце, які зранены грахом. Бог ад кожнага з нас жадае сведчання, як жадаў яго ад св. Яна Хрысціцеля. Бо менавіта праз нас Бог хоча падрыхтаваць шлях да збаўлення ў сучасным свеце.

Сёлетні Адвэнт – чарговая нагода, каб мы яшчэ раз задумаліся аб нашым пакліканні да святасці, аб сэнсе нашага хрысціянскага жыцця. Аб Божым Валадарстве, якое мы будуем, у сваім сэрцы, у сям’і, у парафіі і г.д. Таксама варта задумацца над нашымі адносінамі да Божага Слова, якое праяўляецца і дзейнічае у нас і сярод нас, у нашым простым штодзённым жыцці. Варта гэта кожнаму ўсвядоміць: што менавіта я павінен быць верным сведкам Хрыста, а не трысцінай, якая хістаецца на ветры.

Езус, ставячы сёння ў цэнтр асобу Яна Хрысціцеля, хоча кожнаму з нас задаць некалькі пытанняў. Якая ў нас вера і ці жывём мы ёю кожны дзень? Ці імкнёмся да Божага Валадарства, у якім нават найменшы з’яўляецца большым за Яна Хрысціцеля? Вось гэта парадаксальныя словы Езуса Хрыста. Ён узвышае Яна Хрысціцеля і разам з тым паказвае веліч Божага Валадарства, дакладней, веліч тых, хто належыць да Яго Валадарства.

Дарагія браты і сёстры! Прыгожае сведчанне Езуса аб Яне Хрысціцелю, а таксама Яго адказ вучням Яна: “Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна”, - усё гэта, без сумніву, умацавала дух св. Яна Хрысціцеля. Напэўна, яго сэрца радавалася ад пачутага, бо сваю місію Ян дасканала выканаў. Няхай час адвэнтавага чакання і падрыхтоўкі дапаможа кожнаму з нас лепш усвядоміць сваю жыццёвую місію, місію вернага вучня Хрыста, сэрца якога напаўняецца радасцю чакання Пана. Бо, як кажа сам Езус: шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.