Гамілія на ХХХІІІ Звычайную нядзелю, Год С (13 лістапада) | Друк |
Нядзельнае казанне
11.11.2016 09:25

«Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае»

Дарагія браты і сёстры!

Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, падчас якой збіраемся на гэтай супольнай Эўхарыстыі, паволі завяршае літургічны год і таму літургія слова на працягу апошніх тыдняў закранае тэму вечнага жыцця і ўваскрашэння. Усё часцей прыгадвае Парузію Пана — другое прыйсце Езуса Хрыста.

Таксама і сёння Божае слова працягвае тэму вечнасці і закранае тэму Апошняга Суда. Сёння чуем словы, якія Езус скіроўвае да сваіх вучняў. Таму варта над імі засяродзіцца і паразважаць, бо словы гэтыя датычаць і нас.

Умілаваныя ў Хрысце! Кніга прарока Малахіі, а менавіта словы з сённяшняга першага чытання, становяцца нібы ўводзінамі да далейшага развіцця гэтай тэмы, якую мы з вамі пачулі ў Евангеллі. Настане той дзень, калі ўсе, хто чыніў беззаконні, — ганарлівыя і бязбожныя — стануць, як салома, а праведныя перад Панам — хто баіцца Божага Імя — узыйдуць, як сонца справядлівасці. Гэтыя параўнанні, па-сутнасці, добра нам зразумелыя.

Інакш кажучы, дадзенае прароцтва з кнігі Малахіі апавядае пра будучую рэчаіснасць, пра дзень Божага Суда, дзе будзе выразны падзел на тых, хто несправядлівы і бязбожнік — і такіх чакае кара; і тых, хто баіцца імені Пана, хто жыў пабожна, прыслухоўваючыся як да свайго сумлення, так і да Божага Закону, фарміруючы сваё сумленне паводле Божага Закону.

Штосьці падобнае можам знайсці ў Евангеллі, калі Езус кажа, што авечкі будуць аддзелены ад казлоў. Гэта нішто іншае як вобраз Апошняга Суда, які будзе мець месца ў будучым. Калі чытаем аповеды пра Апошні Суд у Старым Запавеце, то вобразы гэтай будучай рэчаіснасці прадстаўляюцца ў такіх незвычайных фарбах, што яны могуць нас не толькі непакоіць, але нават палохаць. Аднак Езус Хрыстус не хоча, каб мы баяліся гэтай будучай падзеі. Час, калі гэта станецца — гэта, канешне, для нас таямніца. Самае галоўнае, каб мы не забывалі аб праўдзе, якая датычыць нашай вечнасці.

Што ж самае галоўнае ў вобразе Апошняга Суда, пра які мы чуем у першым чытанні? Несумненна, Бог не хоча нас палохаць! Бо Ён не толькі справядлівы Суддзя, але і міласэрны Айцец. Гэта адназначна! Каб адказаць на гэтае пытанне, варта прыслухацца да словаў, якія сёння да нас скіроўвае Езус: «Глядзіце, каб вас не звялі». Іншымі словамі глядзіце, каб вы не згубілі сваю веру, у якой трываеце і якую вызнаеце! Не згубіце яе! «Бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы “гэта Я”».

У чым была вялікая памылка габрэяў, сучаснікаў Езуса? Па-першае, у тым, што яны перасталі давяраць Богу. Па-другое, фанатычна ставіліся да сакральнага будынку, да цэнтральнага месца Божага культу, якім была Ерузалемская святыня. Як гэта сталася?

У выніку неўласцівага стаўлення да Ерузалемскай святыні вера габрэяў пачала слабець і ператварылася ў традыцыйныя забабоны. Канешне, Ерузалемская святыня выглядала велічна і прыгожа. Гэта быў велізарны будынак, куды веруючыя людзі прыходзілі, каб сустрэцца з Богам. І ў пэўны момант габрэі пачалі атаясамліваць святыню з Богам. Яны сталі лічыць, што сама наяўнасць святыні можа забяспечыць ім спакой, дабрабыт і Божае благаслаўленне. І ўжо ім больш нічога не трэба. Бачыце, якую вялікую памылку яны зрабілі: бо Святыня — гэта месца, гэта сродак, дзе чалавечая душа сустракаецца з жывым Богам. Каменны будынак не можа быць мэтай сам па сабе. А габрэі менавіта так пачалі адносіцца да святыні, робячы яе аўтаматычна гарантам сваёй веры.

І таму Езус, як чуем на пачатку сённяшняга Евангелля, звяртае ўвагу людзей, якія празмерна захапляюцца веліччу святыні, што прыйдуць дні, калі ад таго, што яны бачаць, не застанецца каменя на камені — усё будзе разбурана. Богу падабаюцца не будынкі, перадусім Ён хоча прабываць у чалавечых сэрцах. Таму словы Езуса абвяшчаюць разбурэнне Ерузалемскай святыні, якое адбылося каля сямідзясятага года.

Дарагія! Як жа важна ва ўсіх жыццёвых справах быць разважлівымі і адначасова людзьмі веры. Давяраць Богу ў сваім жыцці, нягледзячы ні на што. Як бачым, нашае жыццё насычана рознымі падзеямі, можа, сёння яны не такія драматычныя, як калісьці. Можа, сёння Бог ад нас не патрабуе, каб мы аддавалі сваё жыццё за веру. Але гэта не значыць, што нам не трэба цікавіцца сваёй верай. Мы не можам быць да яе абыякавымі, нам трэба яе абараняць. У сённяшні, нібыта спакойны час існуе вельмі шмат спакусаў, існуе столькі розных небяспечных напрамкаў, тэндэнцый, якія пагражаюць нашай веры. Гэта як нашая лянота і абыякавасць, так і ўплыў на нас з боку бачных і нябачных ворагаў, якія не хочуць, каб мы мелі ў сабе вечнае жыццё.

Езус прагне, каб мы чувалі над сабою, каб былі руплівымі. Ці ёсць пераслед за веру, ці яго няма — заўсёды трэба быць уважлівымі ў жыцці. Каб не чыніць так, што жыццёвыя сродкі да мэты, якой з’яўляецца збаўленне, станавіліся самой мэтай. Нельга рабіць так, як габрэі са святыняй, бо інакш Бог разбурыць Яе.

Збавіцель сёння заклікае нас да вернасці праўдзе, да трывання ў супольнасці Касцёла, якую ажыўляе Божы Дух. Мы не прыходзім у касцёл, каб захапляцца эстэтычнай яго прыгажосцю, а нядзельная святая Імша, падчас якой гучыць арган, не з’яўляецца нейкім музычным канцэртам. Хоць усё згаданае вышэй можа спрыяць атмасферы малітвы і яшчэ больш канцэнтраваць нашую ўвагу на алтары, дзе адбываецца самы важны момант нашага хрысціянскага жыцця.

Дарагія браты і сёстры! Не трэба палохацца будучай рэчаіснасці, якою, напрыклад, з’яўляецца Апошні Суд. Хоць яго вобразы на старонках Святога Пісання і малююцца неяк хвалююча. Нас гэта не павінна непакоіць. Не страхам, не бояззю, але цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае — кажа сёння Хрыстус. Таму з адвагаю, з чуваннем і малітвай будзем крочыць у наступны год. Давяраючы ўсе справы, а самае галоўнае саміх сябе Богу. Бо пакуль жывем на зямлі, заўсёды маем шанс. Амэн.

Адноўлена 11.11.2016 09:28
 
© 2003-2024 Catholic.by