Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на IV Велікодную нядзелю, Год А (7 мая)
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
05.05.2017 12:24

 Каментарый да літургіі

Літургія гэтай нядзелі — нядзелі Добрага Пастыра — паказвае нам, якім павінен быць сапраўдны пастыр, які клапоціцца пра даручаны яму статак авечак. Іншымі словамі, як святары, наследуючы прыклад Езуса Хрыста, павінны рэалізоўваць сваё пакліканне і адказна ставіцца да вернікаў, каб мець моцнае духоўнае адзінства ў Хрысце.     

Святар як сапраўдны пастыр павінен перш за ўсё клапаціцца пра духоўнае развіццё вернікаў, не шукаючы ўласнай карысці ці выгады, імкнуцца да пашырэння Божага Валадарства ў сэрцах людзей.

Таму сёння, яднаючыся з Езусам Хрыстом у святой Камуніі, узнясём свае малітвы да ўсемагутнага Бога, просячы аб патрэбных дарах Святога Духа для душпастыраў, якіх Хрыстус-Збаўца паклікаў да служэння на хвалу Божую і на карысць святому Касцёлу.

Каментарый да літургіі слова

«Я — добры пастыр, — кажа Пан, — і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне».

У першым чытанні з кнігі Дзеяў Апосталаў пачуем заклік святога апостала Пятра да пакаяння і хросту ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў, каб атрымаць дар Святога Духа.

Другое літургічнае чытанне акцэнтуе ўвагу на тым, як паводзіў сябе Езус Хрыстус, калі яму зласловілі і пагражалі, калі Яго зневажалі. Сам Хрыстус павінен быць для кожнага з нас прыкладам сапраўднай любові і міласэрнасці.

Езус — Збаўца свету, прыйшоў, каб мы «мелі жыццё і мелі ў дастатку», а гэта сапраўды магчыма, калі мы заўсёды будзем старацца пачуць Ягоны голас сярод фальшывых галасоў гэтага грэшнага свету і ісці за Хрыстом шляхам збаўлення.

Малітва вернікаў

Збіраючыся вакол алтара на нядзельнай святой літургіі, з даверам да Бога Айца ўсемагутнага скіруем свае просьбы:

  1. Ойча спрадвечны, які ўстанавіў сакрамэнт святарства і паклікаў да служэння сваіх апосталаў, учыні Святога Айца Францішка, усіх біскупаў і святароў сапраўднымі добрымі пастырамі на ўзор Езуса Хрыста. Цябе просім…
  2. Ойча міласэрны, дапамажы, каб у кожнай парафіі развіваўся і пашыраўся апостальскі рух «Маргарытка», а вернікі адказна і добраахвотна адкрывалі свае сэрцы на малітоўную духоўную падтрымку святароў і кансэкраваных асоб. Цябе просім…
  3. Ойча ўсемагутны, абудзі ў сэрцах тых, хто ўжо шмат гадоў не прыступае да сакрамэнту споведзі, прагненне шчырага пакаяння і перамены свайго жыцця праз навяртанне сэрца. Цябе просім…
  4. Ойча, верны сваім абяцанням, дапамажы не страціць веру, надзею і любоў тым, хто шукае ў Цябе падтрымкі ў цяжкія хвіліны жыццёвых выпрабаванняў, аб’яві ім сваю любоў у Езусе Хрысце ўваскрослым. Цябе просім…
  5. Ойча будучага свету і вечнага жыцця, прымі душы, якія зараз церпяць у чыстцы, у Валадарства Нябеснае, каб яны маглі цешыцца вечнай радасцю і сузіраць Тваё Аблічча ў супольнасці святых. Цябе просім…
  6. Ойча наш, просім Цябе, навучы нас, сваіх дзяцей, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і годна рэалізоўваць сваё хрысціянскае пакліканне, каб мы сваім жыццём, думкамі, словамі і ўчынкамі заўсёды стараліся наследаваць прыклад Хрыста — Добрага Пастыра. Цябе просім…

Прымі, Божа, Ойча наш, прадстаўленыя малітвы і тыя, што маем у сваіх сэрцах, каб настала адна аўчарня і адзін Пастыр. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Адноўлена 05.05.2017 12:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў

07.07 11:36Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIV Звычайную нядзелю, Год А (9 ліпеня)
26.06 15:15Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIІІ Звычайную нядзелю, Год А (2 ліпеня)
21.06 14:34Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XII Звычайную нядзелю, Год А (25 чэрвеня)
16.06 13:13Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХI Звычайную нядзелю, Год А (18 чэрвеня)
09.06 16:00Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А (11 чэрвеня)
29.05 10:46Каментарый на нядзелю Спаслання Духа Святога (4 чэрвеня)
22.05 10:23Каментарый на VII Велікодную нядзелю, Год А (28 мая)
17.05 12:02Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на VI Велікодную нядзелю, Год А (21 мая)
09.05 11:35Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на V Велікодную нядзелю, Год А (14 мая)
05.05 12:24Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на IV Велікодную нядзелю, Год А (7 мая)