Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях “Найбольшая запаведзь” з разважаннямі благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты

Уступная малітва

Езус Хрыстус гаворыць: “Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”, і заклікае кожнага з нас: “Ідзі за Мною”. Часам мы задаём сабе пытанне: “Куды мне пайсці? Які мой шлях?” Езус дае нам вельмі канкрэтны адказ, кажучы: “Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною”. Шлях, які прапануе нам Хрыстус, нялёгкі, бо вельмі цяжка згадзіцца на крыж у сваім жыцці, але менавіта гэты шлях вядзе да вечнасці. Распачынаючы разважанне мукі Пана, хочам прайсці Крыжовы шлях як шлях нашага збаўлення. Ахвяруем Пану Богу нашыя малітвы, просячы аб святасці для кожнага з нас.


Стацыя 1
Езус асуджаны на смерць


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго, і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў» (Мц 26, 59-60).

Мы так моцна прызвычаіліся адзін да аднаго, што некаторыя з нас думаюць, што ім заўсёды можна гаварыць усё, што падабаецца. Яны чакаюць, што іншыя будуць зносіць іх недалікатнасць. Чаму б не паспрабаваць спачатку ўтаймаваць свой язык? Ты ведаеш, што можаш учыніць ім, але не ведаеш, колькі можа знесці іншая асоба.

Небяспечна нам забыцца пра тое, што мы – грэшнікі. (стар.111)

Пане Езу! Дапамажы нам панаваць над сваім языком, выракаючыся ў жыцці граху асуджэння бліжніх,  таму што Ты вучыш, Езу: “Любіце адзін аднаго!”

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 2
Езус бярэ крыж


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: “Вітай, кароль Юдэйскі!” І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: “Вось чалавек!” Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: “Укрыжуй, укрыжуй!”» (Ян 19, 1-3, 5-6).

Ці сапраўды я ведаю, што такое грэх, і ці адпаведным чынам гляджу на крыж? Гледзячы на крыж, мы пазнаём, якімі вялікімі з’яўляюцца нашы грахі. Вазьмі крыж у рукі і задумайся над яго сэнсам. Езус злітаваўся над грэшнікамі. Езус не асудзіў распусніцу.

Мне таксама патрэбна прабачэнне. (стар. 45)

Пане Езу! Дапамажы зразумець сэнс крыжа і дай ласку сапраўднага навяртання сэрца!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 3
Езус падае першы раз


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуў на сваю дарогу, а Пан усклаў на Яго ўсе нашы правіны. <…> Ён узяў на сябе грахі многіх, таму заступаецца за злачынцаў» (Іс 53, 6. 12).

Прыступіць да споведзі – гэта не што іншае, як на ўзор распусніцы з Евангелля стаць перад Езусам з-за таго, што ты злавіў сябе на граху. Прыходзім да канфесіянала як грэшнікі, абцяжараныя грахом, але адыходзім як грэшнікі, вольныя ад граху. (стар.45)

Хачу, каб вы пазбягалі граху не толькі таму, што баіцеся пекла або чысца, але таму, што любіце Езуса. (стар.46)

Пане Езу! Перамяні нашыя сэрцы, каб мы імкнуліся быць без граху таму, што любім Цябе, а не таму, што баімся пакарання за грэх!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 4
Езус сустракае сваю Маці


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч» (Лк 2, 34-35).

Будзем прасіць Марыю, каб учыніла нашы сэрцы ціхімі і пакорнымі на ўзор Сэрца Яе Сына. Так лёгка быць ганарыстым, калючым і самалюбным – вельмі лёгка, але мы створаны для большых спраў. Як жа многаму можам мы навучыцца ў Марыі! Яна была такой пакорнай, таму што была дарэшты адданай Богу. Была поўнай ласкі. (стар. 102)

О, Найсвяцейшая Панна Марыя! Учыні нашыя сэрцы ціхімі і пакорныміна ўзор Найсвяцейшага Сэрца Езуса!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 5
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на Яго крыж, каб нёс за Езусам» (Лк 23, 26).

Сам факт, што на тваёй дарозе Бог паставіў нейкую душу, з’яўляецца знакам, што Ён прагне, каб ты для гэтай душы нешта зрабіў. Такая сустрэча не выпадковая, яна была запланавана Богам. У сумленні ты маеш абавязак дапамагчы гэтай асобе. (стар. 75-76)

Пане Езу! Дапамажы нам, каб мы заўсёды кіраваліся голасам свайго сумлення і дапамагалі бліжнім не з прымусу, але ад чыстага сэрца!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 6
Вераніка выцірае твар Езуса


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Не меў Ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго, і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, ад якога адварочваюць твар» ( Іс 53, 2-3).

Зместам любові з’яўляюцца не словы, нельга таксама любоў выказаць словамі, асабліва тую любоў, якая служыць Богу, якая ад Яго паходзіць, якая Яго знаходзіць і да Яго дакранаецца. Мы павінны дасягаць сэрца. Каб дасягнуць сэрца, - бо так трэба, - належыць даказаць любоў учынкам. (стар.77)

Пане Езу! Дапамажы нампалюбіць бліжніх не словам і не мовай, але ўчынкам і праўдай!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 7
Езус падае другі раз


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Ён узяў на Сябе немачы нашыя, Ён сам зносіў наш боль; а мы думалі, што ён асуджаны, пакараны Богам і прыніжаны» (Іс 53, 4).

Калі ў маё жыццё ўваходзіць грэх, ён становіцца асабістай перашкодай для маіх адносін з Богам. Калі паміж мной і Богам стаіць грэх, то Бог не можа дзейнічаць праз мяне і надзяліць мяне сваёй моцай. Грэх – гэта не што іншае, як рабства. (стар.108)

Пане Езу! Надзялі сваёю моцаю і дапамажы падняцца з балота грахоў, каб любіць Цябе без перашкодаў, бо толькі чыстае сэрца здольнае ўбачыць Бога!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 8
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: “Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе”» (Лк 23, 27-28).

Спачуванне і любоў павінны нараджацца ў нашай душы, павінны выплываць з нашай еднасці з Хрыстом. Любоў да сям’і, любоў да бліжняга, любоў да ўбогіх з’яўляецца натуральным плодам гэтай еднасці. (стар. 96)

Вучыце сваіх дзяцей маліцца і маліцеся разам з імі. Езус учыніў сябе Хлебам Жыцця, каб даць нам сваё жыццё, каб мы маглі стаць падобнымі да Яго. Дык будзем святымі, як Езус, поўнымі спачування, поўнымі пакоры адзін перад адным, таму што тады, калі мы любім адзін аднаго, любім і Яго. (стар. 78)

Пане Езу! Дапамажы нам радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача! Учыні, каб слёзы сталі выразам сапраўднай бескарыслівай, а не фальшывай эгаістычнай любові!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…


О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 9
Езус падае трэці раз


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Здзекваліся з Яго, але Ён сам паддаўся і нават не адкрыў вуснаў сваіх. Як ягнё, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў сваіх. Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем» ( Іс 53, 7. 10).

Святы Аўгустын гаворыць: “Спачатку напоўніце саміх сябе, а толькі потым зможаце даваць іншым”. Самапазнанне вельмі патрэбна для споведзі. Гэта дзякуючы такому пазнанню святыя маглі сказаць пра сябе, што яны нікчэмныя злачынцы. Яны бачылі Бога і бачылі сябе – і заўважалі розніцу. Таму не здзіўляліся, калі нехта абвінавачваў іх, нават несправядліва. Кожны чалавек мае ў сабе шмат дабра і шмат зла. (стар.110)

Пазнанне сябе ставіць нас на калені. Без гэтага пазнання мы б не здолелі любіць. Пазнанне Бога нараджае любоў, пазнанне сябе – пакору.

Калі ты будзеш пакорны, нішто не зможа цябе закрануць – ані пахвала, ані прыніжэнне, таму што ты будзеш ведаць, які ты сапраўды ёсць. (стар. 110)

Пане Езу! Дапамажы заўсёды наследаваць Цябе ў цноце пакоры і дашчэнту зруйнуй усялякую пыху і маё ўзвышэнне над бліжнімі!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 10
З Езуса здзіраюць адзенне


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: “Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца”. Каб збылося сказанае ў Пісанні» (Ян 19, 23-24).

Бог, будучы багатым, стаў убогім дзеля цябе і мяне. Ён дарэшты аддаў сябе нам. Але і гэтага Яму не хапіла. Ён хацеў даць нам яшчэ больш – хацеў даць шанс, каб і мы маглі нешта ахвяраваць Яму.

Ён учыніў сябе галодным і нагім у чалавеку для таго, каб мы таксама маглі Яго нечым адарыць. (стар.24-25)

Пане Езу! Дапамажы нам зразумець, што “быць хрысціянінам – значыць аддаваць”, але не толькі гэта ведаць, а так сапраўды штодзённа чыніць у сваім жыцці!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стыцыя 11
Укрыжаванне Езуса


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: “Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!” Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: “Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. <…> Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго…”»  (Мц 27, 39-43).

На крыжы наш Пан не меў нічога. Крыж…быў уласнасцю Пілата. Цвікі і цярновую карону атрымаў ад жаўнераў. Ён не меў на сабе аддзення… Езус мог памерці як кароль і мог паўстаць з памерлых як кароль. Ён выбраў убоства, таму што ў сваёй бясконцай мудрасці ведаў, што ўбоства з’яўляецца праўдзівай дарогай, каб жыць з Богам, здабыць Яго сэрца і прынесці Яго любоў на гэтую зямлю. (стар. 67)

Пане Езу! Дапамажы нам не ўцякаць ад крыжа прыніжэнняў, а з радасцю прыпадобніцца да Цябе ў цнотах, якія адкрываюць шлях да Нябеснага Валадарства!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…


О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 12
Езус памірае на крыжы


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. І Езус закрычаў моцным голасам: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой”. І, сказаўшы гэта, сканаў (Лк 23, 44. 46). Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 33-34).

Глянь на ўкрыжаванне і ўбачыш, як Езус нахіліў галаву, каб пацалаваць цябе, як раскінуў рукі, каб абняць цябе, як адкрыў сэрца, каб прыняць цябе, каб заключыць у сваёй любові.  Ведаем, што крыж – гэта знак найбольшай любові Хрыста да цябе і да мяне… (стар. 66)

Пане Езу! Асвяці нашыя сэрцы сваёю бязмежнаю любоўю і навучы бескарысліва любіць бліжніх, таму што Ты вучыш, Езу: “Любіце адзін аднаго!”

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…


О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 13
Езуса здымаюць з крыжа


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў справядлівы”. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго» (Лк 23, 47-49).

Аддаць сябе – гэта праўдзівая радасць. Чым паўней мы аддаём сябе, тым больш любім Бога і душы. Калі мы сапраўды любім душы, то павінны быць гатовыя заняць іх месца, узяць на сябе іх грахі і каяцца за іх. Мы павінны быць жывымі ахвярамі, таму што менавіта такімі мы патрэбны душам.

Божая любоў не мае межаў. Яна неабдымная, і яе глыбіню немагчыма змерыць. Ён сказаў: “Не пакіну вас сіротамі” (Ян 14,18). (стар.63)

Пане Езу! Дапамажы нам, каб мы заўсёды трывалі ў адзінстве з Табою і заўжды раздзялялі цярпенні з бліжнімі, якім найбольш патрэбна Твая міласэрнасць!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 14
Езуса кладуць у грабніцу


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

«Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі Яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса» (Ян 19, 40-42).

Езус – гэта Хлеб Жыцця і Любоў, якая разумее.

Эўхарыстыя значыць “любоў, якая разумее”. Хрыстус размеў. Разумеў наш вялікі голад па Богу. Разумеў, што мы створаны для таго, каб быць любімымі, таму ўчыніў сябе Хлебам Жыцця і сказаў: “Калі не будзеце спажываць Майго Цела і не будзеце піць Маёй Крыві, не зможаце жыць, не зможаце любіць, не зможаце служыць”. (стар. 96)

Зрабі так, каб святло Хрыста заўсёды палала ў тваім сэрцы, таму што Ён адзіны з’яўляецца Дарогай, па якой належыць ісці. Ён з’яўляецца Жыццём , якім трэба жыць, і Любоўю, якой трэба любіць. (стар.43)

Пане Езу! Навучы нас цалкам наследаваць Цябе ва ўсіх цнотах і стаць сапраўдным святлом для сучаснага свету!

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі!

Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Малітва да ўкрыжаванага Хрыста
(на заканчэнне Крыжовага шляху)


Збаўца наш, Езу Хрысце! Бачу Цябе, прыбітага да крыжа дзеля Тваёй вялікай любові да роду людскога. Галаву маеш нахіленую, бо хочаш пачуць усе нашыя малітвы; сэрца маеш адкрытае, бо хочаш даць усім ласку сваю; рукі маеш распасцёртыя, бо хочаш усіх нас да сябе прыгарнуць; ногі маеш прыбітыя цвікамі, бо хочаш быць заўсёды з грэшнікамі. Прашу Цябе сёння, дзеля Тваёй пакутлівай смерці і пачэснага крыжа пачуй малітвы мае, пашлі мне ласку Тваю, прыгарні мяне да сябе і будзь са мною ў хвіліну маёй смерці. Амэн.


Каб атрымаць каштоўны Божы дар адпусту, памолімся цяпер у інтэнцыях Святога Айца…

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
альбо Тваёй абароне аддаёмся...



Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Святое Пісанне
  2. Найбольшая запаведзь. Думкі благаслаўлёнай Маці Тэрэзы. - Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2009. – 174с.
  3. Нястомна маліцеся: малітоўнік для моладзі. – Мінск: Про Хрысто, 2011. – 512с.

апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова
парафія Св. Сымона і св. Алены, г. Мінск
27.03.2015 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.