Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Крыжовы шлях для моладзі
Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


“Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне” (Мк 15, 15).

Езус бязвінна асуджаны, Ён церпіць найвялікшую несправядлівасць у жыцці чалавецтва, несправядлівасць, якую здзейснілі людзі супраць Божага Сына.

У жыцці таксама здараюцца сітуацыі, калі несправядліва асуджаюць мяне. Тады мая натура пачынае бунтаваць. Але здараецца і адваротнае – калі я сам асуджаю іншых людзей. Асуджаць заўсёды лёгка, таму што чужы грэх з-за сваёй пыхі я заўважаю больш, чым свой. Як часта сярод сяброў і знаёмых у пэўных кампаніях я пачынаю “перамываць косткі” іншым людзям? І менавіта ў гэтых выпадках, асуджаючы і абгаворваючы бліжняга, я выношу бязвінны прысуд Езусу. Знешне з’яўляючыся хрысціянінам, унутрана я адварочваюся ад Хрыста.

Езу, навучы мяне пакоры, каб я ўтаймоўваў свой язык, а замест асуджэння бліжняга імкнуўся дапамагчы яму ў змаганні са спакусамі і слабасцямі.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 2. Езус бярэ крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


“І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску – Галгота” (Ян 19, 17).

Як цяжка мне ўзяць свой крыж… Калі ў маім жыцці з’яўляюцца перашкоды, я часта пачынаю наракаць на Бога, або абвінавачваю іншых людзей у сваіх праблемах: выкладчыкаў або калег на працы, сяброў або родных… Я гатовы на каго заўгодна ўскласці адказнасць, але не на самога сябе. І тады я пачынаю граць ролю ахвяры. У гэтай ролі я магу пражыць нават шмат гадоў, аж пакуль не зразумею, што не жыву сваім жыццём.

Езус дае мне прыклад адказнасці. Ён не пабаяўся ўзяць на сябе крыж, а мужна пранёс яго аж да сваёй смерці і ўваскрасення. Божа, дапамажы мне не наракаць на жыццё, а штодзённа браць свой крыж і самаўдасканальвацца.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 3. Езус падае першы раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Вянок з церня моцна сціскае галаву, а па твары Езуса сцякае кроў. Змучаны бічаваннем, абсмяяны і апляваны жаўнерамі, Езус годна нясе свой крыж. Аднак Яго чалавечая натура не вытрымлівае, і Езус падае першы раз.

Я таксама падаю на гэтым шляху да збаўлення. Спакусаў так шмат, і супрацьстаяць ім так складана… Кожны раз, калі я здзяйсняю грэх, Езус падае на зямлю разам са мной.  Упершыню паддаўшыся спакусе, я магу ўпасці ў цяжкім граху ідалапаклонства на доўгія гады. Маімі ідаламі могуць быць фанатызм, мода, ежа, секс або інтэрнэт. Як часта ўпершыню зроблены грэх можа стаць духоўнай праблемай, якую патрэбна вырашаць гадамі?!

На гэтым шляху навяртання Ты і толькі Ты, Пане, мне дапамога. Дапамажы мне падняцца, калі я ўпершыню ўпаду, калі будзе здавацца, што грэх перамагае мяне, а надзея знікае. Дапамажы мне ўспомніць у такія моманты, што Ты падаеш  разам са мной і не пакідаеш нават у хвіліны адчаю.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Марыя – вобраз маці-пакутніцы, якая кажа “так” пакліканню свайго Сына. Яна згаджаецца з Божай воляй нават тады, калі бачыць, як пакутуе і памірае Яе Сын. Езус з’яўляецца прыкладам добрага Сына, які нават перад смерцю не пакідае Маці адну, адаручае апекавацца  над Ёй свайму вучню.

Як часта мы не шануем сваіх бацькоў або не можам прабачыць ім крыўды, нанесеныя нам яшчэ ў дзяцінстве. Гэтае непрабачэнне жыве ўнутры нас, травячы душу доўгі час.

Езу, дай нам мужнасці прабачаць і адпускаць мінулыя крыўды, навучы нас не проста існаваць побач з нашымі бацькамі і роднымі, а сапраўды быць адной сям’ёй, у якой валадарыць еднасць, любоў і спакой.

Вітай, Марыя…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 5. Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Сымон – чалавек, зусім не звязаны з гісторыяй Езуса. Ён выпадкова аказваецца на Крыжовым шляху. І ратам яго прымушаюць несці крыж нейкага “злачынца”. Можна ўявіць ўнутранае абурэнне, якое адчувае Сымон. Але, пранёсшы крыж, ён разумее, што Езус нявінна асуджаны.

У маім жыцці таксама здараюцца выпадкі, калі незнаёмыя людзі патрабуюць маёй дапамогі. Ці здольны я, калі патрэбна, панесці крыж бліжняга? Можа, я праходжу міма чалавека, якому стала дрэнна на вуліцы, думаючы, што ён проста п’яны, ці адмаўляюся стаць на бок пакрыўджанага?  

Ці дапамагаю я іншым несці крыж? Ці не дазваляю ім заставацца па-за цягніком, які называецца “Жыццё”?

Божа, па прыкладзе Сымона з Кірынеі навучы нас быць больш міласэрнымі і дапамагаць бліжнім, калі гэта патрэбна.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Езус настолькі змучаны, што кроў ліецца па ўсім Яго твары, нават засцілае вочы… Ужо нельга трываць, але ў гэтай сітуацыі на дапамогу прыходзіць Вераніка. Яна не можа ўзяць на сябе крыж Езуса, але яна выцірае Яго твар, каб хоць крыху зменшыць пакуты Хрыста.

А я? Ці здольны я падтрымаць таго, з каго насміхаюцца ўсе, ці здольны пайсці супраць натоўпу і вызнаваць сваю веру, нават у грамадскіх месцах, сярод сяброў і знаёмых, ці здольны хоць бы “выцерці твар” Езуса, выказаўшы сваё меркаванне ў спрэчцы наконт рэлігіі? А магчыма, у маім акружэнні ёсць людзі, якія прагнуць маёй падтрымкі, часам – простай усмешкі і добрых слоў, а я не заўсёды бачу гэта…

Езу, дапамажы мне, гледзячы на прыклад Веранікі, бясстрашна ісці за Табою і вызнаваць Цябе нават тады, калі ўсе будуць з мяне насміхацца…

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 7. Езус падае другі раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Шлях на Галготу забірае ў Езуса апошнія сілы. У сітуацыі,калі ўсё Яго цела баліць і хочацца піць, Езус не вытрымлівае і падае зноў.

Мой шлях да святасці таксама не бывае лёгкім. Я, як і Езус, змагаюся са сваімі грэшнымі схільнасцямі. Бывае, мне здаецца, што я перамог свой грэх… Тады  пачынае з’яўляцца пыха і вера толькі ў свае сілы. Пасля першага падзення я здолеў падняцца, але штосьці здарылася, сатана падкраўся бясшумна і хітра, спачатку прапанаваўшы здзейсніць лёгкі грэх… Нічога страшнага, падумаў я, “усе так робяць”, можа, гэта і не дрэнна? І тут я ўжо гатовы здзейсніць цяжкі грэх, з якім змагаўся доўгі час. Так лёгка спакушаны, я зноў і зноў падаю…

Хрыстэ, дапамажы мне ў моманты спакусаў і падзенняў разлічваць не толькі на свае сілы, але прыходзіць з малітвай да Цябе, бо толькі разам з Табой я магу супрацьстаяць злу і прыйсці да збаўлення.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Дзіўна. Езус, які вытрымаў столькі здзекаў і кпінаў, які згубіў ужо падчас бічавання і ўкаранавання цернем шмат крыві, апошнія свае сілы траціць на суцяшэнне іншых людзей. Я б у такой сітуацыі, пэўна, ужо праклінаў увесь свет і жадаў адпомсціць сваім ворагам, а Хрыстус думае пра іншых.

Сэрца Езуса баліць у першую чаргу за маё навяртанне. Я сам не ўмею аплакваць свае грахі так, як аплаквае іх Езус. Мне так часта не хапае ўнутранай скрухі, як не хапае яе ерузалемскім жанчынам. Магчыма, я настолькі баюся паказацца смешным у вачах іншых, што за сваёй маскай абыякавасці хаваю нявыплаканы грэх. Гэты грэх, нібы вялізная жаба, сядзіць унутры мяне і атручвае маё сэрца…

Божа, дапамажы мне перамагчы свой страх і выпусціць на свабоду сваю скруху, не баяцца прыйсці з сапраўдным пакаяннем да канфесіянала, нават выплакацца, калі я гэтага сапраўды патрабую, дапамажы мне праз гэтыя слёзы пакаяння ачысціць, нарэшце, сваё сэрца да канца…

Вітай, Марыя…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 9. Езус падае трэці раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Трэцяе падзенне – апошняе перад укрыжаваннем і смерцю Езуса. Ён амаль што дайшоў да месца здзяйснення свайго паклікання на зямлі і раптам зноў падае… Падзенне перад фінішам, падзенне перад перамогай над смерцю, падзенне, якое павінна было стаць перашкодай, але стала стымулам для Езуса ісці да канца…

Твая мужнасць, Езу, дае сілы і мне. Ты падаеш трэці раз і на гэтым шляху не скараешся. Я так часта паўтараю адны і тыя ж грахі, што часам здаецца – ніколі не перамагу іх. Але Твой прыклад дае мне надзею і моц дзейнічаць, змагацца са сваімі слабасцямі, зноў і зноў падымацца.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Змучаны і збіты перад натоўпам, Езус яшчэ церпіць маральны здзек. Адзенне, якое зрываюць з Яго – сімвал аголенасці і маёй душы таксама. Езус цярпеў бязвінна і, тым не менш, не наракаў.

Колькі разоў з мяне здзіраюць адзенне? Калі хтосьці пачынае здзіраць з мяне маскі, я станаўлюся аголеным перад грамадствам і самім сабой. У гэтай сітуацыі я часта бунтую і абураюся, замест таго, каб паглядзець на сябе праўдзіва і пачаць змяняцца…

Божа, навучы мяне шчырасці, каб я не хаваўся за адзеннем крывадушнасці, а праўдзіва служыў Табе.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Кульмінацыя збаўлення свету. Езуса прыбіваюць да крыжа. Вострыя цвікі ўразаюцца ў Яго бязвінныя рукі і ногі, праліваючы кроў Збаўцы… Над галавой Езуса вісіць подпіс “Гэта кароль юдэйскі”. Езус сапраўды Кароль, Кароль усяго свету, адзіны Манарх, які сам служыў сваім падданым…

Цвік граху ўразаецца ў маё сэрца і адначасова ў сэрца Езуса, ён працінае мяне наскрозь, сціскаючы ўсё нутро так, што я не магу дыхаць… Гэта стан цяжкага граху, у якім я так часта знаходжуся, стан, калі Езуса ў маім сэрцы ўкрыжоўваюць… Ён церпіць ад майго бруднага, прасякнутага грахом сэрца, ад сэрца, скамянелага за доўгія гады бязвер’я або несапраўднай споведзі, ад сэрца, якое добраахвотна пайшло на ўкрыжаванне грахом…

Езу, я так часта ўкрыжоўваю Цябе, што нават перастаю заўважаць гэта, і маё сэрца становіцца скамянелым. Перамяні мяне, ачысці мяне ад маёй пыхі, растапі мае скамянеласці і “ўспомні пра мяне, калі прыйдзеш у валадарства Айца”!  

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 12. Езус памірае на крыжы

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Езусу здаецца, што Ён зусім адзін у момант сваёй смерці, што Бог Яго пакінуў. Гэта момант адчаю, які адчувае кожны чалавек.

Мне таксама часам здаецца, што ўсе навокал супраць мяне, што няма ніякай надзеі, а сябры і знаёмыя не падтрымліваюць. Варта ўзгадаць у гэты момант Езуса. Ён, як і я, перажывае такі момант перад сваёй смерцю на крыжы. І нават калі мне здаецца, што я маю невырашальную праблему, варта, як і Езус, даверыцца Богу, таму што пасля момантаў адчаю надыдзе пара ачышчэння і духоўнага ўваскрашэння разам з Езусам.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Так мала даверу да Цябе, Езу! Я часта ўсё хачу зрабіць самастойна. Магчыма, я толькі фармальна з’яўляюся хрысціянінам, а на практыцы не давяраю Божай волі. Я, быццам той жаўнер, не веру, пакуль не ўбачу кроў і ваду, што выцякаюць з Твайго боку. Калі ўсё ў маім жыцці ідзе добра, верыць здаецца лёгка, а калі толькі прыходзяць выпрабаванні, з’яўляецца сумніў. Тады я пачынаю патрабаваць доказаў і вера мая згасае.

Дапамажы мне, Божа, не трымацца за свае добрыя адчуванні або перажыванні падчас малітваў, за прывязанасць да касцёльных сяброў або да святароў, а прыходзіць у першую чаргу толькі да Цябе, бо знешнія абставіны змяняюцца, а Ты, Божа, такі самы заўсёды, ва ўсе часы…

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў…



Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!


Вось усё і скончылася, Езуса кладуць у грабніцу, аднак гісторыя збаўлення толькі пачынаецца. Гэты шлях Езус прайшоў за кожнага з нас, за мяне і цябе, каб мы – моладзь ХХІ стагоддзя – у час глабалізацыі і развіцця тэхнікі, у час штучнага інтэлекту, ухвалення дашлюбных сувязяў, легалізацыі абортаў і аднаполых шлюбаў, не забыліся пра самае галоўнае – збаўленне душы. Каб нашая сутнасць, якую так прыгожа Бог назваў чалавекам,  засталася цэлай і не знікла з твару Зямлі…

Езу, дапамажы кожнаму з нас чакаць Цябе ў пакоры, міласэрнасці і любові, якой Ты навучыў нас дзве тысячы гадоў таму.

Ойча наш…
Ты за нас цярпеў…


Марына Валасар
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.