Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Крыжовы шлях “Добры Пастыр”

О Езу Хрысце! Усемагутны, Найвышэйшы Святар, узглянь на нас, якія стаім зараз перад Табою ў пакоры сэрца і звяртаемся да Цябе ў малітве з вялікім даверам: Божа Асвячальнік і Апякун свайго Касцёла, узбудзі ў ім праз Духа Твайго годных і верных распарадчыкаў святых таямніцаў, каб праз іх служэнне і прыклад, пры Тваёй дапамозе, народ хрысціянскі кіраваўся на шлях збаўлення.

Касцёлу патрэбны святыя святары – добрыя пастыры, якія будуць сведчыць іншым пра тое, што вялікая радасць жыць выключна для Айца, браць на сябе місію і ахвяру Хрыста, любоўю будаваць новы свет.

Езу Хрысце! Благаславі і дапамажы, каб святарскія сэрцы заўсёды і ва ўсім былі падобнымі да Твайго Найсвяцейшага Сэрца!

Які за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 1
Езус несправядліва асуджаны на смерць


Езу Хрысце– Ты адзіная крыніца Праўды, любові і міласэрнасці! Тваё Слова - спрадвечная мудрасць!

Хрысце! Ты прыйшоў, каб свет збавіць, а не асудзіць.

Тваё Слова, Езу, жывоеі Ты вучыш: “Не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце,і прабачаць вам. Давайце,і будзе дадзена вам” (Лк 6,37).

Самы надзейны сродак, каб распаліць агонь любові да Бога ў сэрцах вернікаў, - гэта тлумачэнне ім Евангелля, гэтай Кнігі любові, у кожным радку якой бачны наш Збаўца, Езус Хрыстус – салодкі, цярплівы, пакорны, заўсёды як суцяшальнік і сябар чалавека; як Той, Хто гаворыць яму толькі пра любоў і заахвочвае цалкам даверыцца Яму; як Той, Хто заўсёды адказвае любоўю.

“Вінавацілі мяне ўзамен за любоў маю, а я маліўся. Адплацілі мне злом за дабро і нянавісцю - за любоў” (Пс 109/108, 4-5).

З пакораю ў сэрцы, моўчкі Ты прыняў, Езу, несправядлівы прысуд Пілата, бо ведаў, што любоў і цярплівасць заўсёды перамагае!

О Езу, Найвышэйшы Святар, будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы кіраваліся на шляху служэння толькі Тваёю спрадвечнаю праўдаю!

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 2
Езус ускладае Крыж на свае плечы


«Хто не нясе крыжа свайго і неідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем» (Лк 14,27)

«Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною»
(Лк 9,23) - заклікаеш Ты, Езу.

Святар пакліканы да служэння на хвалу Божую для збаўлення душ. Святарскі шлях зусім непросты: спакусаў поўны і перашкод, але, неглядзячы на гэта, шмат Божых ласкаў і прыгод наперадзе ўжо чакае тых, хто даверыўся Хрысту, каго Ён выбраў і жадае, каб з годнасцю служыў Айцу.

Сэрца Езуса, поўнае любові, даручаем Табе ўсе святарскія сэрцы. Няхай Твая любоў напоўніць іх і дасць сілы, каб яны ўсім сваім жыццём адказалі на дадзены ім дар. Няхай кожны святар будзе знакам для сучаснага свету, знакам любові, якае дае жыццё і вядзе іншых да хвалы неба. Толькі такая любоў усё перамагае, нясе радасць і надзею.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Які прымаеш Крыж на свае плечы, спаўняючы Божую волю, будзь жа праслаўлены іўчыні, каб святарскія сэрцы наследвалі Цябе ў цнотах паслухмянасціі пакоры!

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 3
Езус падае пад цяжарам Крыжа першы раз


«Для нядужых я стаў, як нядужы, каб здабыць нядужых» (гл 1Кар 9,22),- гаворыць святы Апостал Павел у Першым пасланні да Карынцянаў.

Пакліканне - гэта таямніца Божага абрання, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека.

«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15,16).

«І ніхто сам сабе не бярэ гэтае годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (Гбр 5,4).

Святарства – Божы дар вялікі,
Яно ўстаноўлена Хрыстом!
Хрыстос сам першы чалавека клікаў,
Пятру прапанаваў: - Ідзі за Мной!
Сказаў яму Хрыстос: - “Скалою будзеш,
І пабудую Я на ёй Касцёл,
Маіх авечах годна пасвіць будзеш
І несці душам грэшным супакой,
Служэнне тваё будзе вельмі плённым:
Ты будзеш сэрцы людскія лавіць,
Каб скіраваць з грахоў іх на шлях Божы,
Любоўю раны душаў ацаліць.

Таму, Усемагутны Божа, у сваім Слове святым Ты заклікаеш: “настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх” (гл. 1 Тэс 5,14).

“Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў духу, павучыце такога ў духу далікатнасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці”
(Гал 6, 1).

Сёння яшчэ так шмат заблукалых авечак: убогіх, галодных, несвядомых і слабых, самотных, адзінокіх... Прыходзь да нас, о Езу, праз сваіх святароў. Па-сапраўднаму ажыві іх, дзейнічай праз іх і прайдзі яшчэ раз па свеце, навучаючы, прабачаючы, суцяшаючы, ахвяруючы сабой і нанова ўсталёўваючы сувязі любові, якія яднаюць Божае Сэрца з сэрцам чалавечым.

О Езу! Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы прыпадобніліся да Твайго Найсвяцейшага Сэрца, заўжды трываючы ў цярплівасці!

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 4
Сустрэча з любячай Маці


Сустрэча двух любячых сэрцаў на шляху Крыжовым злучае ў адзінае Сэрца ўсю веліч любові!

На пакутным шляху сустрэліся Найсвяцейшае Сэрца Сына і Беззаганнае Сэрца Маці. Сэрца гэтай добрай Маці ёсць сама любоў і міласэрнасць. А паколькі Яе адзіным жаданнем з’яўляецца наша шчасце, то дастаткова звярнуцца да Яе – і мы будзем выслуханы.

У Сэрцы Найсвяцейшай Панны Марыі ёсць толькі міласэрнасць. Сын мае сваю справядлівасць, але  Маці мае толькі любоў.

Святы Ян Павел II, звяртаючыся да Найсвяцейшай Панны Марыі, сэрцам маліўся такімі словамі:

“Маці Хрыста, Ты дала Святару-Месіі чалавечае цела, каб Дух Святы намасціў Яго для збаўлення ўбогіх і пакорных сэрцам, захавай святароў у сваім сэрцы і ў Касцёле, о Маці Збаўцы! Маці веры, Ты прынесла ў святыню Сына Чалавечага, які ёсць спаўненне дадзеных Айцом абяцанняў, аддавай Айцу, дзеля Яго хвалы, святароў свайго Сына, о Каўчэг Запавету! Маці Касцёла, Ты разам з вучнямі малілася ў Вячэрніку да Духа Святога за новы народ і Яго пастыраў, выпрасі для святарскага стану паўнату дароў, о Каралева Апосталаў! Амэн”(Малітва святога Яна Паўла II за святароў - з малітоўніка “Добры Пастыр”).

Тваёй абароне аддаёмся...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйсянад намі!
Маці Божая Балесная – заступіся за нас!!!



Стацыя 5
Сымон Кірынеец дапамагае несці Крыж Езусу


“Ёнузяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы” (Мц 8,17)
“Ён не абцяжарыўся нашым цярпеннем, Ён нёс наш боль” (гл. Іс. 53,4)
“Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы” (Гал 6,2)
“У любові служыце адзін аднаму” (Гал 5,13).
“Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” ( Мц 20,28; Мк 10,45)

Святар павінен быць заўсёды гатовы адказаць на патрэбы душ. Гэта святар працягвае на зямлі справу адкуплення чалавечых душ.

Усе святары пакліканы да выканання асноўнай функцыі Касцёла – місійнасці. Калі яны маюць “місійнае” сэрца і розум, то могуць адкрыцца на патрэбы Касцёла і свету. Тады яны клапатліва ставяцца да тых, хто далёка ад Бога, нясуць ім любоў Хрыста, якому здольныя цалкам аддацца.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы сталі знакам Тваёй бескарыслівай любові, якая разбурае людскі эгаізм, пыху і вучыць увесь час нанова ахвяраваць сабою, не чакаючы нічога ўзамен. Умацуй, добры Езу, святароў-місіянераў дарамі Святога Духа ў іх апостальскім служэнні, каб яны з радасцю неслі Добрую Навіну тым, хто яшчэ не ведае яе або забыўся пра яе.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 6
Вераніка выцірае твар Езуса


“І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце” (Лк 6,31).

Засведчаная іншым любоў выклікае ў іх узаемную любоў. Таму што ж дзіўнага ў тым, што на Тваім пакутным Крыжовым шляху, Хрысце, знайшоўся міласэрны чалавек, які абцёр Твой святы твар. Ты ж і сам, Езу, мыў да таговучням ногі.А калі абмыў ім ногі, прамовіў да іх: “Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяненазываеце Настаўнікамі Панам, і добра кажаце, бо Я Ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінныабмываць ногіадзін аднаму. Я даў вам прыклад, кабі вы рабілі, як Я зрабіў вам” (Ян 13, 12-15).

Хрыстус першы стаў слугою для ўсіх. Прыкладам служэння, поўнага любові і пакоры, з’яўляецца паслуга Езуса ў Вячэрніку, незразумелая для людзей нашага часу. Гэта знак супраціву для цяперашняга свету. Толькі такая любоў можа перамяніць нашую рэчаіснасць. Святар павінен быць гатовы да выканання заданняў, якія ставіць перад ім Касцёл, да ўдзелу ў ратаванні чалавека з няволі граху праз паслугу міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, да ахвяравання свайго жыцця за іншых дзеля агульнага дабра.

Любоў, як гаворыць святы Аўгустын, не ўмее заставацца без учынкаў у сэрцы таго, хто любіць.

Любоў заўсёды прадугледжвае адрачэнне ад сябе самога, “страту сябе самога”, і менавіта праз гэта робіць нас шчаслівымі.

Каб дайсці да неба, патрэбныя чыстасць сэрца, пагарда да свету і любоў да Бога.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы цалкам аддаліся служэнню Богу праз паслугу бліжняму, не чакаючы ўзнагароды тут, на зямлі. Просім, каб сэрцы святароў былі заўсёды адкрытыя на любоў Хрыста, які іх паклікаў, і каб яны ўмелі ахвяраваць свае сілы і здольнасці для пашырэння Божай хвалы.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 7
Езус падае пад цяжарам крыжа другі раз


Стомлены, знясілены, Езус павольна крочыць падарозе, спатыкаецца, падаезноў на зямлю пад цяжарам крыжа.

Крыж з’яўляецца шляхам, якім Хрыстус працягвае нанова прыходзіць да нас.

“Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Заместрадасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону. Падумайце пра таго, хто вытрываў такі над сабою здзек ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў душах сваіх” (Гбр 12, 2-3).

Святарская малітва – гэта неабходнасць, звязаная з душпастырскім служэннем, таму што супольнасць абавязкова патрабуе сведчання прасякнутага малітвай святара, які паглыбляецца ў таямніцу Бога.

Той, хто моліцца, не губляе часу, нават калі сітуацыя здаецца безвыходнай і змушае нас толькі да дзейнасці.

Малітва – гэта фундамент святарскага жыцця. Гэта крыніца сілы і моцы, зброя ад крызісаў і расчараванняў. Малітва дае святару магчымасць яшчэ глыбей усвядоміць тую праўду, што ён з’яўляецца распарадчыкам вялікіх Божых таямніц, якія былі аддадзены ў яго рукі.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святары заўжды трывалі ў духу няспыннай малітвы, каб яны заўсёды прагнулі заставацца каля гэтай крыніцы жыцця і ніколі ад яе не адышлі.Сэрца Езуса, даручаем Табе святароў, якія адмаўляюцца ад малітвы, якія з-за яе недахопу сталі абыякавыя, перасталі адчуваць радасць свайго паклікання.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 8
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын, якія плачуць


«Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12,15).

Звяртаючыся да ерузалемскіх жанчын, Езу Хрысце, Ты казаў: «… не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23,28).

Як казаў у свой час Святы Айцец Бенедыкт XVI: «Шмат дзяцей расце сёння ў грамадстве, якое забываецца пра Бога і натуральную годнасць чалавека, створанага на Яго вобраз. У свеце, які фарміруецца ўсё больш імклівым працэсам глабалізацыі, дзяцей часта вучаць толькі матэрыялістычнаму бачанню свету, жыцця і самарэалізацыі чалавека. Аднак дзеці і моладзь па сваёй натуры – гэта чулыя, велікадушныя і адкрытыя… ідэалісты. Больш за ўсё ім патрэбны любоў і выхаванне ў здаровым чалавечым асяроддзі, каб яны маглі зразумець, што іх прыход у свет – не выпадковасць, а дар, які з’яўляецца часткай Божага плану любові».

Езу Хрысце, Тваё чулае Сэрца мела спачуванне да плачучых жанчын. Ты, не зважаючы на ўласныя пакуты, бачыў іншых церпячых людзей, не толькі церпячых фізічна, але і тых, хто паранены і скалечаны духоўна.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і асвяці святарскія сэрцы, каб заўсёды былі чулымі да патрэб сучаснага грамадства і паказвалі добры прыклад хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі; каб усе святары сталі сапраўднымі Добрымі Пастырамі, асабліва для тых “заблукалых авечак”, якія шукаюць Бога.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 9
Езус падае пад цяжарам крыжа трэці раз


Як адзначаў святы Ян Марыя Віянэй: "Святарства – гэта настолькі вялікі цяжар, што калі б святар не меў суцяшэння і шчасця, якія дае цэлебрацыя святой Імшы, не здолеў бы яго несці”.

Быць святаром – вялікая адказнасць,
Супольна з Богам крочыць па жыцці
І, часам, пасвіць Божы статак цяжка,
Але святар павінен з годнасцю ісці…
Ісці наперад цяжкасцям, турботам,
Ісці, калі пануе ў сэрцы неспакой,
Заўжды наперад крочыць разам з Богам,
Надзею запаліць у велічы святой!

«Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцямнашым, але такога, які, паводлепадабенства, зведаўусевыпрабаванні, акрамяграху» (Гбр 4, 14-15).

«Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаныхтым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх» (2Кар 1, 3-4).

Як казаў у свой час Святы Айцец Бенедыкт XVI: «Чым больш мы дазваляем Хрысту перамяняць нас праз літургію, тым большым будзе наша ўменне перамяняць свет, прамянеючы ў ім Хрыстовай дабрынёй, міласэрнасцю і любоўю да людзей».

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб усе святары свету, якіх Ты паклікаў на шлях служэння, сталі сапраўднымі апосталамі Божай міласэрнасці!

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 10
З Езуса здзіраюць адзенне


Езу Хрысце – Ты сама Сціпласць і Чысціня! Твае пакуты – гэта пакуты за чалавечую бессаромнасць. Калі сорам адступае, то чалавеку пагражае ўпадак. Вельмі часта менавіта бессаромнасць штурхае чалавека на цяжкія грахі і ён усё ніжэй і ніжэй апускаецца ў балота граху.

Езу Хрысце, дапамажы, каб усе святары свету, наследуючы Цябе ў цнотах чыстасці і ўбоства, заўсёды памяталі аб тым, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, а таксама, як Добрыя Пастыры, заўжды заклікалі вернікаў шанаваць сваю чалавечую годнасць.

Святы Айцец Бенедыкт XVI звяртаў увагу, што “наш цяперашні свет напоўнены страхам перад беднасцю і ўбоствам, страхам перад хваробамі і цярпеннем, страхам перад самотнасцю і смерцю. На гэтым свеце мы маем шырока разгорнутую сістэму страхавання. Аднак мы ведаем, што ў выпадку нясцерпнага болю, у хвіліну канчатковай смяротнай адзіноты нас не ўратуе ніякая страхоўка. У такія хвіліны адзінай надзейнай гарантыяй з’яўляецца тая, якую дае нам Бог. Ён гаворыць: “Не бойся. Я заўсёды з табой”. Мы можам упасці, аднак у канцы нас падымуць рукі Бога. А рукі Бога – гэта добрыя рукі”.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святары, падтрыманыя Тваёю ласкаю, узрасталі ў цнотах убоства, чысціні, а таксама сціпласці ў думках, пачуццях, словах і ва ўчынках, а таксама вялі гэтымі шляхамі вернікаў, якіх Ты, Езу, ім даручыў, як пастырам Свайго Касцёла.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 11
Укрыжаванне Езуса


О Езу! Стварыцель неба і зямлі, якога ніводная рэч не можа абмежаваць, ані ахапіць, Ты, які ахопліваеш і аб’ядноўваеш усё сваёю моцаю, узгадай той горкі боль, які адчуваў, калі каты, прывязваючы Твае святыя рукі і ногі да крыжа, працялі іх наскрозь буйнымі затупленымі цвікамі. Расцягваючы Цябе на крыжы, з нечуванай лютасцю, не насычаныя Тваімі пакутамі, асыпалі Цябе лаянкай з усіх бакоў і, даючы волю сваёй раз’юшанасці, павялічвалі Твае раны ўсё больш жорсткімі катаваннямі.

Цярпенні, пакуты і слабасць, як казаў святы Ян Марыя Віяней, – гэта шчасце дасканалых душ. Яны робяць хрысціяніна высакародным, таму што прыпадабняюць яго да нашага Боскага Збаўцы і да Яго Найсвяцейшай Маці.

Калі любіш свой крыж, ён ніколі не надакучыць, але калі яго адпіхваеш, крыж той прыгнятае.

Езус прамовіў на крыжы: “Прагну”. Ён гаварыў пра сваю прагу – не вады, але любові.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Праз велічэзнасць цярпенняў, якія Ты спазнаў падчас укрыжавання, дай усім святарам Тваю святую боязь і Тваю праўдзівую любоў. Праз тыя катаванні і мноства зневажанняў, о Збавіцелю Божы, вызвалі святарскія сэрцы з варожых путаў, як бачных, так і нябачных, і, дорачы благаслаўлёную апеку, правядзі шляхам дасканаласці да збаўлення вечнага. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 12
Езус памірае на крыжы


«Як смерць, моцная любоў… Вялікія воды не могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць» (Песня Песняў 8, 6-7)

«Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць» (Лк 23,34)

«Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пандараваў вам, так і вы» (Клс 3, 12-13). “Гэта чыніце на Маю памяць”.

О Езу, Найвышэйшы Святар! Ты паклікаў святароў да свайго служэння і ўчыніў іх пастырамі нашых душ, пакорна даручаем Табе ўсіх памерлых святароў, якія вялі нас да Цябе. Выслухай нашыя малітвы і дай ім шчасце ў небе разам з апосталамі. Амэн.

(малітва ў цішыні сэрца)
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!



Стацыя 13
Цела Езуса знялі з крыжа


Найсвяцейшая Панна Марыя, на рукі якой паклалі Цела Езуса, знятае з крыжа, з верай прыняла Хрыста і з любоўю дала Яго свету, ведаючы, што Божая воля споўнілася. Такім з’яўляецца таксама пакліканне і місія святара – пакліканне і місія Касцёла: прыняць Хрыста ў сваё сэрца і даць Яго свету, «каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3,17).

О Марыя, Каралева Апосталаў і святароў, атулі сваёю найсвяцейшаю апекаю ўсіх хворых святароў. Прачыстая Дзева, якая ў ціхай пакоры прыняла на сябе годнасць Маці Бога, учыні, каб святары Твайго Сына з чыстым і пакорным сэрцам прыступалі да Таямніц алтара. О Марыя, духоўная Маці ўсіх святароў, Ты першая ахвяравала Езуса ў святыні Богу, чувай над кожнаю Ахвяраю алтара, каб святары годна складалі яе Богу. Пані найвярнейшая, якая першая была годная песціць у сваіх руках цела Езуса, благаславі святарскія далоні, якія дакранаюцца да Найсвяцейшага Цела Хрыста, чувай над святасцю святароў. Маці Бога, якая ў дабрыні сэрца прасіла свайго Сына, каб Ён дзеля людзей перамяніў ваду ў віно, благаславі святарскія вусны, якія дзеля нас, грэшных, цудоўнаю моцаю слова перамяняюць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста. Супрацоўніца Бога ў справе збаўлення, Маці Балесная, Твой Сын з крыжа аддаў Табе нас у вечную апеку. Чувай над святарамі, слугамі святых сакрамэнтаў, праз якія на нас сплывае плён Адкуплення. Каралева Апосталаў, Ты разам з першымі Апосталамі Хрыста, як і разам з намі, прыняла на сябе агонь Духа Святога, каб словам натхнёным, сэрцам бясстрашным, добрым прыкладам яны ўзмацнялі нас у веры, падтрымлівалі надзею і распальвалі ў нас любоў. Амэн.

Тваёй абароне аддаёмся...
Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі!
Маці Божая Балесная – заступіся за нас!!!



Стацыя 14
Цела Езуса паклалі ў грабніцу


«Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх» (Ян 13,1).

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, той застаецца ў смерці» (1 Ян 3,14).

«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34).

Новую запаведзь сваёй любові Ты пакінуў нам, Хрысце, праз ахвяру святой Імшы, якая здзяйсняецца штодзённа на ўсіх алтарах свету дзякуючы паслузе святароў.

Усе добрыя ўчынкі, узятыя разам, не зраўняюцца з ахвярай Імшы, таму што ўчынкі – гэта справа людзей, а святая Імша – гэта чын Бога. Мучаніцтва таксама не вытрымлівае параўнання, таму што гэта ахвяра жыцця чалавека, якую ён складае Богу, а Імша з’яўляецца ахвярай, якую Бог складае чалавеку, - ахвярай Яго Цела і Крыві.

Праз гэтую вялікую ахвяру Ты адкрыў нам, Хрысце, брамы да Твайго Валадарства моцаю свайго Уваскрасення!

О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святары, цэлебруючы кожную святую Імшу, выконвалі гэты святарскі абавязак з вялікай любоўю да Цябе, а не з прымусу свайго розуму і сэрца!

Бо мэтаю галоўнай ёсць збаўленне,
У асвячальнай Божай ласцы жыць,
Таму эўхарыстычную ахвяру
Сам Езус даручае вам служыць!
І кожная Імша святая -
Вялікі скарб для ацалення душ.
Таму служы, святар, бо Езус заклікае:
- Сумленне грэшнікаў хутчэй узруш!
Бо менавіта сёння – час збаўлення,
Час міласэрнасці, паўстання з усіх грахоў!
Няхай жа Дух Святы напоўніць сэрца,
Душу асветліць радасць і Любоў!


Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху

О Езу мой, прашу Цябе за ўвесь Касцёл, удзялі яму любоў і святло свайго Духа, дай святарскім словам такую моц, каб зачарсцвелыя людскія сэрцы пакаяліся і вярнуліся да Цябе, Пане.

Пане, дай нам святых святароў, Ты сам іх захоўвай у святасці. О Божы і Найвышэйшы Святар, няхай моц Тваёй міласэрнасці паўсюль спадарожнічае ім і беражэ іх ад пастак і подступаў д’ябла, якія той няспынна рыхтуе для душ святароў. Няхай моц Тваёй міласэрнасці, о Пане, крушыць і дашчэнту руйнуе ўсё тое, што магло б зацьміць святасць святара, бо Ты ўсё можаш. Амэн.

Каб атрымаць каштоўны Божы дар адпусту, памолімся цяпер у інтэнцыях Святога Айца…

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... альбо  Тваёй абароне аддаёмся...


Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Святое Пісанне
  2. Бог прагне нашага шчасця. Думкі святога Яна Марыі Віянэя. - Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2010.
  3. Верыць – гэта ведаць Бога. Думкі Бэнэдыкта XVI.  – Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2012.
  4. Крыжовы шлях “Гэта  чыніце  на  Маю памяць” // AveMaria. 2001. № 3 (70).
  5. Крыжовы шлях. Разважанні. Мінск. Выдавецтва “Про Хрысто”, 2005.
  6. Добры Пастыр. Малітвы за святароў. Мінск. Выдавецтва “Про Хрысто”, 2011.
  7. Пятнаццаць малітваў св. Брыгіты да нашага Боскага Збаўцы і цудоўныя абяцанні. – Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2012.

апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова
парафія Св. Сымона і св. Алены, г. Мінск

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.