Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Субота — чатырнаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 49, 29–32; 50, 15–26а

Бог наведае вас і выведзе з гэтай зямлі

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Якуб наказаў сваім сынам, кажучы: Я далучаюся да народа майго. Пахавайце мяне з маімі айцамі ў пячоры, што на полі Эфрона Хетэя. У пячоры, што на полі Макпэля, насупраць дубравы Мамрэ, у зямлі ханаанскай, якую мой бацька Абрагам купіў разам з полем ў Эфрона Хетэя як месца для пахаванняў. Там пахавалі яго і ягоную жонку Сару, там пахаваны Ісаак разам з Рэбэкай, жонкай сваёй, і там пахаваў я Лію. Гэта поле і пячора, што знаходзіцца на ім, куплена ў сыноў Хетэя.

Аддаўшы наказы сынам сваім, ён паклаў свае ногі на ложа і сканаў, далучыўшыся да народа свайго.

Калі ён памёр, браты Юзафа спалохаліся і казалі адзін аднаму: А што, калі Юзаф узненавідзіць нас і адплаціць нам за ўсё зло, якое мы ўчынілі яму? І яны паслалі сказаць Юзафу: Твой бацька перад смерцю загадаў нам сказаць табе: Прашу цябе: прабач тваім братам злачынства і грэх іхні, бо яны ўчынілі табе зло. Таму цяпер даруй нам, слугам Бога айца твайго, гэтую правіну. Юзаф заплакаў, калі яны так гаварылі з ім. Падышлі да яго браты, і, упаўшы перад ім ніцма, сказалі: Вось мы – слугі твае. Адказаў ім Юзаф: Не бойцеся. Хіба я замест Бога? Вы задумалі супраць мяне зло, але Бог абярнуў гэта на дабро, каб прывесці да цяперашняга выніку і захаваць жыццё шматлікага народа.  Не бойцеся: я буду ўтрымліваць вас і дзяцей вашых. І ён суцяшаў іх, сардэчна гаворачы з імі.

І пасяліўся Юзаф у Егіпце разам з усім домам бацькі свайго. І пражыў Юзаф сто дзесяць гадоў. І ўбачыў ён ў Эфраіме сыноў сваіх аж да трэцяга пакалення. І дзеці Макіра, сына Манасэя, нарадзіліся на каленях Юзафа.

А пасля Юзаф сказаў сваім братам: Я паміраю, але Бог наведае вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, якую паабяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу. І Юзаф загадаў сынам Ізраэля паклясца, кажучы: Бог наведае вас, а вы забярыце косці мае адсюль. І памёр Юзаф, маючы сто дзесяць гадоў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 105 (104), 1–2. 3–4. 6–7 (Р.: пар. Пс 69 (68), 33)

Рэфрэн: Шукайце Бога, і ажыве сэрца вашае.

1. Слаўце Пана, заклікайце імя Яго, *
абвяшчайце справы Яго сярод народаў.
2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.

Рэфрэн:

3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.
4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Іс 6, 1–8

Я чалавек з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім. Кожны з іх меў па шэсць крылаў: двума закрываў кожны свой твар, і двума закрываў ногі свае, і двума лятаў.

Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы:
Святы, святы, святы, Пан Магуццяў.
Уся зямля поўная хвалы Яго.
І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам.
І сказаў я:
Гора мне, бо Я загінуў,
таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі
і жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі,
а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.

Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой.

Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 93 (92), 1ab. 1c–2. 5  (Р.: 1а)

Рэфрэн: Пан валадарыць, Ён апрануўся ў веліч.

1. Пан валадарыць, *
Ён апрануўся ў веліч,
Пан апрануўся ў магутнасць *
і ёй падперазаўся.

Рэфрэн:

Так сусвет умацаваў, *
што не пахіснецца.
2. Адгэтуль трон Твой непахісны, *
Ты існуеш спрадвеку.

Рэфрэн:

5. Сведчанні Твае вельмі праўдзівыя, *
дому Твайму належыць святасць,
на доўгія дні, *
о Пане.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

1 П 4, 14
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя,
бо Дух Божы спачывае на вас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 10, 24–33

Не бойцеся тых, хто забівае цела

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго. Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, і слузе — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш назавуць хатніх яго? Таму не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом  Маім, які ў нябёсах.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 05.07.2010 15:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.