Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Аўторак — V Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 14, 19–28

Расказалі Касцёлу, як шмат  Бог учыніў з імі

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Прыйшлі ў Лістру юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбухторыўшы народ, укаменавалі Паўла і выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён памёр. Але, калі абступілі яго вучні, ён устаў і ўвайшоў у горад, і на другі дзень пайшоў з Барнабам у Дэрбэ.

У тым горадзе абвяшчалі Евангелле і прыдбалі шмат вучняў. Пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію, умацоўваючы душы вучняў і заахвочваючы іх трываць у веры, бо нам трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства. Рукапаклаўшы ім у кожным Касцёле прэзбітэраў, у малітве і посце даручылі іх Пану, у якога паверылі.

Прайшоўшы праз Пісідыю, прыбылі ў Памфілію. І, абвясціўшы слова ў Пэргэ, сышлі ў Аталію. Адтуль адплылі ў Антыёхію, дзе былі даручаныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.

Калі прыйшлі туды і сабралі Касцёл, расказалі, як шмат Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам.

І доўгі час заставаліся яны разам з вучнямі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 145 (144), 10–11. 12–13аb. 21 (Р.: пар. 12а)

Рэфрэн: Сябры Твае, Пане, абвесцяць славу Твайго Валадарства.
Або: Аллелюя.

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

12. Няхай сыны чалавечыя даведаюцца пра Тваю магутнасць *
і пра веліч славы Твайго Валадарства.
13. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, *
і панаванне Тваё — з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

21. Хвалу Пана *
будуць абвяшчаць мае вусны,
і няхай благаслаўляе ўсялякае цела *
Яго святое імя на векі вечныя.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
пар. Лк 24, 46. 26
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых,
каб увайсці ў сваю славу.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 14, 27–31а

Спакой Мой даю вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.

І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта адбудзецца. Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо ідзе валадар гэтага свету. І ён нічога не мае ўва Мне. Але, каб свет ведаў, што Я люблю Айца і  што чыню так, як наказаў Мне Айцец.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.04.2010 16:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.