Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Чацвер — V Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 15, 7–21

Я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў Апосталам і прэзбітэрам: Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі. І Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога. І не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы.

Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы? Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны.

Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў.

Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: Браты, паслухайце мяне. Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя. І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:

Потым вярнуся і адбудую заняпалы шацёр Давіда, і адбудую руіны яго і пастаўлю нанова, каб астатнія людзі шукалі Пана, і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё, — кажа Пан, які чыніць гэтыя справы, вядомыя спрадвеку. Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога, але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад брыдоты ідалаў, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві. Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожную суботу абвяшчае і чытае Майсея ў сінагогах.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3. 10  (Р.: пар. 3)

Рэфрэн: Апавядайце між народамі пра цуды Пана.
Або: Аллелюя.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, *
слаўце Ягонае імя.

Рэфрэн:

Абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне. *
3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго,
паміж усімі народамі *
пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

10. Кажыце між плямёнамі:*
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 15, 9–11

Заставайцеся ў Маёй любові, каб радасць вашая была поўнай

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.04.2010 17:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.