Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІV Велікодная нядзеля, Год В
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 4, 8–12

Няма ні ў кім іншым збаўлення

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр, напоўніўшыся Духам Святым, сказаў: Правадыры народу і старэйшыны! Калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў, то няхай будзе вядома вам і ўсяму народу ізраэльскаму. Гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы, дзякуючы імені Езуса Хрыста з Назарэту, якога вы ўкрыжавалі, і якога Бог уваскрасіў з мёртвых.

Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі, але Ён стаўся галавою вугла. І няма ні ў кім іншым збаўлення. Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 118 (117), 1 і 8–9. 21–23. 26 і 28cd і 29  (Р.: 22)

Рэфрэн: Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, бо навекі міласэрнасць Ягоная. *
8. Лепш ускладаць надзею на Пана, чым спадзявацца на чалавека.
9. Лепш ускладаць надзею на Пана, *
чым спадзявацца на вяльможных.

Рэфрэн:

21. Слаўлю Цябе, бо Ты мяне пачуў *
і стаў маім збаўленнем.
22 Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. *
23. Пан учыніў гэта, і дзіўна яно ў вачах нашых.

Рэфрэн:

26. Благаслаўлёны, хто ідзе ў імя Пана, *
благаслаўляем вас з дому Пана.
28. Божа мой, буду ўзвялічваць Цябе. *
29. Дзякуйце Пану, бо Ён добры, бо Яго міласэрнасць навекі.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Ян 3, 1–2

Убачым Бога, якім Ён ёсць

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы былі названыя дзяцьмі Божымі; і імі з’яўляемся. Свет таму не ведае нас, што не спазнаў Яго. Умілаваныя, цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што калі выявіцца, то будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго, якім Ён ёсць.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 10, 14
Я — добры пастыр, — кажа Пан, —
і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 10, 11–18

Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.04.2010 13:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.