Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Субота — ІIІ Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 9, 31–42

Касцёл развіваўся і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа.

Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе. Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку спаралізаваны. Пётр сказаў яму: Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак. І той адразу ўстаў. І бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.

У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну. У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы. Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там,  паслалі да яго двух чалавек з просьбаю: Прыйдзі неадкладна да нас.

Пётр устаў і пайшоў з імі, а калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі. Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым звярнуўся да цела і сказаў: Табіта, устань. Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села. Ён падаў ёй руку і падняў яе. Паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.

Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 116B (115), 12–13. 14–15. 16–17 (Р.: 12)

Рэфрэн: Чым аддзячу я Пану за ўсе Яго дабрадзействы?
Або: Аллелюя.

12. Чым аддзячу я Пану *
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
13. Келіх збаўлення ўзніму *
і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:

14. Выканаю абяцанні свае, дадзеныя Пану, *
перад усім народам Яго.
15. Каштоўная ў вачах Пана *
смерць Яго святых.

Рэфрэн:

16. Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *
Ты разарваў мае кайданы.
17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 6, 63b, 68b
Словы Твае, Пане, ёсць духам і жыццём,
Ты маеш словы жыцця вечнага.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 6, 60–69

Да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?

Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я  сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом.

З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?

Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 08.04.2010 17:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.