5 студзеня — будзень | Друк |
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 3, 11–21

Мы перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго. Не так, як Каін, які быў ад злога і забіў свайго брата. А дзеля чаго забіў яго? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата ягонага — справядлівыя. І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці.

Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе жыцця вечнага. Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?

Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы. Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. Умілаваныя, калі  сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 100 (99), 2. 3. 4. 5 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Усклікай Пану ўся зямля.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ, *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.

Рэфрэн:

5. Бо Пан ёсць добры, †
навекі міласэрнасць Яго, *
а Яго вернасць з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Заззяў нам святы дзень,
прыйдзіце народы, пакланіцеся Пану,
бо сёння на зямлю сышло вялікае святло.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 1, 43–51

Ты Сын Божы, Ты Валадар Ізраэля

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус вырашыў пайсці ў Галілею і, знайшоўшы Філіпа, кажа яму: Ідзі за Мною. Філіп жа быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра. Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: Мы знайшлі таго, пра каго пісалі ў Законе Майсей і прарокі, Езуса — сына Юзафа з Назарэту.

Але Натанаэль сказаў яму: Ці можа быць штосьці добрае з Назарэту? Філіп адказаў яму: Ідзі і паглядзі.

Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману.

Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне?

Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю.

Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!

Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта.

І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:09
 
© 2003-2024 Catholic.by