Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
29 снежня — пяты дзень у актаве Нараджэння Пана
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 2, 3–11

Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Па тым даведваемся, што мы пазналі Езуса, калі выконваем Ягоныя запаведзі. Хто кажа: Я ведаю Яго, — а не выконвае запаведзі Ягоныя, той ілгун і няма ў ім праўды. А хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; і па гэтым пазнаем, што мы ў Ім. Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен паступаць так, як Ён паступаў.

Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо цемра знікае і святло праўдзівае ўжо свеціць. Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры. Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3. 5b–6 (Р.: 11а)

Рэфрэн: Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, *
слаўце Ягонае імя.

Рэфрэн:

Абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне.*
3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго,
паміж усімі народамі *
пра цуды Ягоныя.

Рэфрэн:

5. Пан стварыў нябёсы. *
6. Хвала і веліч перад Яго абліччам,
моц і прыгажосць *
у Ягонай святыні.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 2, 32
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Святло для асвятлення язычнікаў
і хвала народу Твайго Ізраэля.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 2, 22–35

Святло для асвятлення  язычнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

А Яго бацька і Маці дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго:

Вось гэты прызначаны на падзенне
і на паўстанне многіх у Ізраэлі,
і на знак, якому супраціўляцца будуць.
І праз Тваю душу пройдзе меч,
каб выявіліся думкі многіх сэрцаў.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.