Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўторак — Трэці тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Саф 3, 1–2. 9–13

Бог абяцае збаўленне ўбогім

Чытанне Кнігі прарока Сафоніі.

Так кажа Пан:

Бяда бунтаўнічаму і апаганенаму гораду,
які чыніць насілле!
Ён не слухае голасу, не прымае павучэнняў,
не спадзяецца на Пана
і не набліжаецца да свайго Бога.
Бо тады Я вярну народам вусны чыстыя,
каб усе заклікалі імя Пана
і служылі Яму аднадушна.
З другога боку рэкаў Эфіопіі
прыхільнікі Мае,
дачка з рассеянымі Маімі,
прынясуць Мне дары.
У той дзень
ты не будзеш сароміць сябе ўсімі сваімі ўчынкамі,
якімі ты грашыла супраць Мяне;
бо тады Я выганю спаміж цябе тых,
хто ганарыцца тваёю веліччу,
і ты не будзеш больш узвышацца
на святой гары Маёй.
І пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны,
і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана.
Ацалелыя з Ізраэля не будуць чыніць беззаконне,
не будуць гаварыць няпраўду,
і не знойдзецца ў іх вуснах язык падманлівы,
бо яны будуць пасвіцца і адпачываць,
і ніхто не спалохае іх.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 34 (33), 2–3. 6–7. 17–18. 19 і 23 (Р.: 7а)

Рэфрэн: Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

17. Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, *
каб памяць пра іх сцерці з зямлі.
18. Яны клічуць, і Пан чуе, *
і ад усіх бедаў іх выбаўляе.

Рэфрэн:

19. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана, *
і зламаных духам Ён збаўляе.
23. Пан выбаўляе душы слугаў сваіх, *
і кожны, хто на Яго спадзяецца, не будзе пакараны.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзі, Пане, не спазняйся,
адпусці грахі свайму народу.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 21, 28–32

Прыйшоў Ян Хрысціцель і грэшнікі паверылі яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Аднойчы:

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу:

Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы.

Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.