Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пятніца — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дан 7, 2–14

Вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

Я, Даніэль, бачыў у начной візіі. Вось чатыры вятры нябесныя ўсхвалявалі вялікае Мора, і чатыры вялізныя жывёлы падымаліся з мора, адрозныя адна ад адной.

Першая была, як ільвіца, і мела арліныя крылы. Я глядзеў, пакуль не вырвалі ёй крылы; і была ўзнята над зямлёю, і стала на ногі, нібы чалавек, і далі ёй чалавечае сэрца.

І вось іншая жывёла, другая, падобная да мядзведзя, паўстала на адным баку, і паміж зубамі ў пашчы яе былі тры і́клы; і сказалі ёй так: Устань і пажырай шмат мяса.

Пасля гэтага глядзеў я, і вось іншая, падобная да леапарда жывёла, якая мела чатыры птушыныя крылы па-над сабою, і чатыры галавы было ў яе; і была дадзена ёй улада.

Пасля гэтага бачыў я ў начной візіі, і вось чацвёртая жывёла, грозная, і жахлівая, і надзвычай моцная. Былі ў яе вялікія жалезныя зубы, яна пажырала і руйнавала, а рэшткі таптала сваімі нагамі. Яна не нагадвала іншых жывёлаў, якіх бачыў я перад ёю, і мела дзесяць рагоў. Калі я прыглядаўся да рагоў, іншы малы рог вырас пасярод іх, а тры папярэднія рогі былі вырваныя перад ім. І вось вочы, нібы чалавечыя вочы, былі на гэтым рагу, і вусны, якія казалі ганарыста.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі. Я глядзеў далей і ўбачыў, што з-за шуму ганарыстых словаў, якія казаў рог, была забіта жывёла, і загінула цела яе, і было аддадзена на спаленне агнём. А ў іншых жывёлаў забрана была ўлада і працягласць жыцця ім вызначылі да часу і да пары.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Дан 3, 75–76. 77–78. 79–80. 81 (Р.: 59b)

Рэфрэн: Хваліце і ўзвялічвайце Пана навекі.

75. Благаслаўляйце Пана, горы і ўзгоркі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
76. Благаслаўляйце Пана, усе расліны зямлі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

77. Благаслаўляйце Пана, крыніцы, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
78. Благаслаўляйце Пана, моры і рэкі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

79. Благаслаўляйце Пана, кіты і ўсё, што плавае па водах, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
80. Благаслаўляйце Пана, усе нябесныя птушкі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

81. Благаслаўляйце Пана, *
усе звяры і жывёлы,
хваліце і ўзвялічвайце *
Яго навекі.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ап 20, 1–4. 11 — 21, 2

І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных, і ўбачыў я новы Ерузалем, які сыходзіў з неба

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і скаваў яго на тысячу гадоў, і ўкінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паставіў над ёй пячатку, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час. І ўбачыў я троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за слова Божае. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на чало сваё і на руку сваю. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.

І ўбачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца. І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. І разгарнулася іншая кніга — кніга жыцця. І судзілі мёртвых згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. Тады аддало мора мёртвых, якія былі ў ім, і смерць, і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных. А смерць і пекла былі ўкінутыя ў возера вогненнае. Возера вогненнае — гэта другая смерць. І калі некага не знайшлі запісаным ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.

І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, як нявеста, упрыгожаная для свайго мужа.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 84 (83), 3. 4. 5–6а і 8а (Р.: Ап 21, 3b)

Рэфрэн: Вось скінія Бога з людзьмі.

3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.

Рэфрэн:

4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка сабе гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.

Рэфрэн:

5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
6. Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
8. Моц іхняя будзе ўзрастаць.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 21, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 21, 29–33

Калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам, не міне пакаленне гэтае, як усё збудзецца. Неба і зямля пройдуць, слова ж Маё не праміне.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.